“Граблі гісторыі”: Каліноўскі. Папярэднія нататкі на дзень смерці

22 сакавіка павесілі Кастуся Каліноўскага. Сумная дата, якая прымушае чарговы раз задумацца пра гэтую добра вядомую і па-ранейшаму загадкавую постаць беларускай гісторыі.



406689_main.jpg

Не сакрэт, што Беларусь была і застаецца ў арбіце дзвюх магутных дзяржаваў і культур — Расіі і Польшчы. Каліноўскі, нягледзячы на першыя прыкметы беларускага нацыянальнага афармлення вызвольнай барацьбы, не мог пераадолець гэтага ўплыву. Ён быў з пароды “цвёрдарубаў” і “гарачых галоваў” — як па дзеяннях, так і па ідэйных поглядах. Возьмем у рукі “Мужыцкую праўду” — усё проста: Польшча — сябар і саюзнік, Масква — абсалютнае зло. Гэтыя дзве сілы прыцягвалі і заварожвалі Каліноўскага. Інакш у варунках сярэдзіны XIX стагоддзя і быць не магло. Аднак заціснутая ў гэтых цісках шалёная энергія Каліноўскага перакінулася ўпершыню ў гісторыі на беларускіх сялян.

budzma.by__wp_content_uplo_213642293def2d8aa9e400a6ccbdda1e.jpeg

Загадкавы імідж Каліноўскага, сфармаваны знакамітым фота ля люстэрка, у модным касцюме з павязаным гальштукам, выбіваецца з кантэксту рэвалюцыйнай барацьбы, дзе галоўная стаўка была зробленая на сялянскія, “мужыцкія” інтарэсы. Ці няма тут нейкага нонсэнсу, ці існавала поўнае ўзаемапаразуменне паміж паўстанцкімі правадырамі і маўклівымі масамі, каму што трэба? Узіраючыся ў выяву Каліноўскага, падсвядома разумееш, чаму паўстанне было адарванае ад рэчаіснасці і асуджанае на няўмольную паразу.

У Каліноўскім бянтэжыла і выклікала павагу гэтая адчайная вера ў ідэалы, якая прымушала дзейнічаць нават у самых безнадзейных варунках і не дала скарыцца нават перад тварам смерці. “Лісты з-пад шыбеніцы”, напісаныя ў невыносных псіхалагічных умовах вязніцы, цікавыя не толькі зместам і ідэйнай скіраванасцю супраць”маскалёў”, што гучыць надзіва актуальна на сёння, але яшчэ больш як запавет годнасці духу, які трымаецца роўна і не скараецца ні пры якіх абставінах.

Каліноўскі быў у савецкія часы адным з безумоўных беларускіх герояў, і ў гэтым хаваецца яшчэ адна супярэчнасць, пабудаваная на парадоксах, калі не на абсурдзе. Сімпатыю савецкіх ідэолагаў выклікала, канечне ж, сялянска-народная сутнасць барацьбы Каліноўскага, рэвалюцыйная радыкальнасць яго ідэй і лозунгаў. Як выхадзец з народа Каліноўскі выгадна супрацьпастаўляўся памешчыцкім і буржуазным плыням у паўстанні 1863 г. Аднак рэзкія антымаскоўскія погляды “Яські, гаспадара з-пад Вільні” слаба вязаліся з так шырока прапагандаванай верай беларусаў у “старэйшага брата” на ўсходзе. За савецкім часам, дарэчы, асабліва не давалі знаёміцца з арыгінальнымі тэкстамі “Мужыцкай праўды” і “Лістоў з-пад шыбеніцы”, задавольваючыся паліткарэктнымі ўрыўкамі. А “маскаль” і “маскоўская ўлада” атаясамліваліся з царскім рэжымам, супраць якога і змагаўся Каліноўскі.

Аднак справа гэтая складанейшая, і сам Каліноўскі глядзеў нашмат глыбей. Ён выступаў не проста супраць улады і яе ярма, накінутага на народы Расійскай імперыі, ён выступаў супраць існага стылю мыслення, жыцця і палітыкі. Пачытайце яго апошні перадсмяротны ліст: “Як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі,— адно намі, як скацінай, варочаць будуць”. Каліноўскі кажа наўпрост пра цывілізацыйны выбар беларускага народа, які той мусіць зрабіць дзеля годнасці і шчасця.

У сучасным палітычным дыскурсе Беларусі, на першае здзіўленне, геройская постаць Каліноўскага не прыжылася. Дзяржава, якая чэрпае напоўніцу з савецкіх узораў, здавалася, павінная была ўзяць на ўзбраенне добра распрацаваны сюжэт паўстання 1863 г. і самабытную легенду Каліноўскага. Але так не сталася — у найлепшым выпадку фігуру Каліноўскага замоўчваюць, але яшчэ больш абвінавачваюць у варожасці і неадпаведнасці сённяшнім ідэалам беларускіх уладаў.

Зрэдку ў гісторыі Беларусі бывала, каб фізічная смерць супадала з палітычнай і мела такое маладое рамантычна-гераічнае адценне. Каліноўскі пражыў імклівае палымянае жыццё, узляцеўшы над Беларуссю, нібы камета. Наўрад ці ён усведамляў, кім стане ў свядомасці нашчадкаў, хто стане выкарыстоўваць яго імя ў палітычных мэтах і апраўданні гісторыі. Час заслужана зрабіў з Каліноўскага легенду, Чэ Гевару свайго часу, чые геройскія жыццё і смерць служаць сапраўдным натхненнем і прыкладам для будучых пакаленняў.

Андрэй Янушкевіч, budzma.by