На першым канцэрце «Джазавых вечароў – 2018» адбудзецца духавы батл

23 чэрвеня на першым канцэрце «Джазавых вечароў з Банкам БелВЭБ» гледачоў чакае 12-гадовы трамбаніст, духавы батл і адна з галоўных мелодый Майлза Дэвіса. Хэдлайнерам вечара будзе саліст Mingus Big Band Алекс Сіпягін (ЗША).

dzhazovye_vechera_2018_photo_kiselev02.jpg


«Джазавыя вечары – 2018» адчыніць трамбаніст Ілля Кісялаў з пасёлка Чырвоная Слабада Салігорскага раёну, гадаванец мясцовай Дзіцячай школы мастацтваў. Нягледзячы на зусім яшчэ юны для духавіка ўзрост, ён ужо з’яўляецца ўладальнікам Гран-пры конкурса «Джаз-тайм» (Салігорск, 2016), дыпламантам конкурса «Щелкунчик» тэлеканала «Культура» (Масква, 2017), а таксама пераможцам і прызёрам іншых мерапрыемстваў.

– Пасля мінулагодняга поспеху юнай піяністкі Сафіі Курловіч мы былі проста абавязаныя ператварыць адкрыццё фестывалю таленавітымі дзецьмі ў традыцыю, – адзначае рэжысёр фестывалю Андрэй Каліна. Мы праглядалі шмат таленавітых дзяцей. У Іллі сапраўдны джазавы штрых і добрае інтанаванне – нас гэта скарыла. І гэта не проста механіка, бо трамбон – не тэмпераваны інструмент. То бок на ім нельга націснуть клавішу і атрымаць пэўную ноту. Таму зразумела, што ён усё вельмі дакладна чуе і адчувае. Мяркую, што ён мае вялікую будучыню.



– Я займаюся на трамбоне чатыры гады. Калі першы раз яго пабачыў, мне ён адразу спадабаўся. І мне падалося, што гэта самы складаны інструмент – таму я і захацеў на ім граць. Акрамя музыкі мне падабаецца ездзіць на рыбалку і гуляцца з сябрамі, – распавёў Ілля.

dzhazovye_vechera_2018_photo_kiselev01.jpg


Важным момантам першага вечару таксама стане «Духавы батл», у межах якога сваім майстэрствам гледачоў у суправажэнні Premier Orchestra будуць скараць: Алекс Сіпягін – труба (ЗША), Аляксей Losh Малахаў – саксафон (Нямеччына), Уладзімір Міхновіч – саксафон (Беларусь), Дзмітрый Бударын – трамбон (Расія – Беларусь). Акрамя іх у праграме выступы Жаандэра Сантаса – вакал, гітара (Бразілія) і Minimal Groove Band (Беларусь).
Канцэрты «Джазавых вечароў» у гэтым годзе будуць адбывацца з 20.30 да 23.00, уваход вольны. Другі канцэрт адбудзецца 27 чэрвеня з удзелам Claus Reichstaller Quartett (Нямеччына), Jonah Levine Collective (ЗША), Квартэта Паўла Арлова (Беларусь-Расія). Трэці вечар чакае гледачоў 7 ліпеня: Camelia Ben Naceur Trio (Францыя), Сіван Арбель – вакал (Ізраіль), Lu Krukovskaya Project (Беларусь), Джаз-трыа Яўгеніі Лятун (Беларусь).
Музычнай тэмай фестывалю гэтага года стане знакамітая кампазіцыя «So What» Майлза Дэвіса, якая будзе гучаць на ўсіх канцэртах. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Мінгарвыканкам і канцэртнае агенцтва «4А-Івэнт». Генеральны партнёр фестывалю – ААТ «Банк БелВЭБ».
Фота Анастасіі Маркавай