Вайсковыя могілкі ў Мінску: замест унікальных надмагілляў — аднолькавыя надгалоўнікі
Пачалося ўпарадкаванне тэрыторыі адных з найстарэйшых могілак у Мінску — Вайсковых, перадае Радыё Свабода.
Ужо тыдзень зносяць старыя крыжы і надмагіллі, прыбіраюць агароджы, пілуюць старыя і сухія дрэвы. Замест знесеных крыжоў і надмагілляў усталёўваюць аднолькавыя невялічкія пліты — так званыя «надгалоўнікі».
Вайсковыя могілкі — беларускі пантэон
Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 году. Вайсковыя могілкі — своеасаблівы беларускі пантэон, дзе пахаваныя класікі літаратуры Якуб Колас і Янка Купала, Кузьма Чорны і Паўлюк Трус, першы прэзідэнт Акадэміі навук гісторык Усевалад Ігнатоўскі, аўтар дзяржаўнага гімну Міхась Клімковіч і кампазытар Нестар Сакалоўскі, герой заходнебеларускага падполля Валянцін Таўлай, іншыя слынныя людзі беларускай зямлі.
Тут ёсць помнік і Івану Пуліхаву, які 27 студзеня 1906 году здзейсніў замах на мінскага губернатара Курлова і быў павешаны на браме Пішчалаўскага замка. Пахаваная тут і амерыканская грамадзянка, сябра місіі ЮНРРА ААН Рут Уолер, якая ў 1946 годзе ўратавала трох падлеткаў, якія танулі, але сама захварэла на мэнінгіт і памерла.
Да сярэдзіны 1950-х гадоў на Вайсковых могілках хавалі савецкіх дзяржаўных, грамадскіх, культурных дзеячоў.
На могілках стаіць царква Аляксандра Неўскага, пабудаваная ў 1898 годзе ў гонар перамогі Расійскай імпэрыі ў расейска-турэцкай вайне 1878 году. У памяць 118 беларусаў, якія служылі ў Каломенскім палку, і беларускай артылерыйскай брыгады ў храме ўсталяваныя каменныя пліты з выбітымі імёнамі.
Ёсьць тут хачкар — армянскі помнік, прысвечаны ўсім пацярпелым ад генацыду 1915 году. Таксама ён сімвалізуе і памяць аб тых, хто загінуў падчас магутнага землятрусу ў армянскім горадзе Спітаку ў 1988 годзе.
На Вайсковых могілках ёсць і вялікія скульптуры — песнярам Янку Купалу, Якубу Коласу, магутныя старажытныя надмагіллі беларускай шляхты, простыя жалезныя крыжы. Нямала стылізаваных невялікіх помнікаў, якія нагадваюць ствол дрэва з абсечанымі галінамі. Такія помнікі, згодна з паданнямі, ставіліся на магілах апошняга прадстаўніка шляхецкага роду, у якога ўжо ніколі ня будзе працягу. Пахавана тут шмат дзетак — на камянях вельмі кранальныя надпісы.
Старажылы кажуць, што раней тут было значна больш пахаванняў. Але час няўмольны — надмагіллі, крыжы паразвальваліся, утылізаваліся самі сабой, на месцы многіх магіл засталіся толькі невялікія грудкі.
Тэрыторыя Вайсковых могілак атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці другой катэгорыі. Да гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі адносяцца толькі мінскія Кальварыйскія могілкі.
Ніводнае пахаванне не будзе пераносіцца і зносіцца
Сяргей Тур, намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы спецкамбінату КБА, расказаў Свабодзе, што ў 2015 годзе выйшаў Закон аб пахаванні і пахавальнай справе, і ў жніўні таго ж году пачалася інвентарызацыя Вайсковых могілак, якая адбывалася больш за 2 месяцы. Працавала камісія гарвыканкаму — зрабілі здымкі, апісанні кожнага ўчастку, кожнага помніка — у якім ён стане, што канкрэтна пашкоджана: агароджа, крыж, надмагілле.
У жніўні 2015 году на недагледжаных магілах павесілі шыльдачкі: «Патрабуем прывесці ў належны стан пахаванне, інакш прымем меры ў адпаведнасці з заканадаўствам». На прывядзенне ў парадак магіл сваякам было адведзена 2 гады. Меркавалася пачаць рэканструкцыю ўвосень 2017 году, але не паспелі — пачалі 4 чэрвеня 2018 году.
«Амаль з 8 тысяч пахаванняў каля 3800 былі прызнаныя пашкоджанымі, „лядашчымі“. За два гады толькі 80 магіл сваякі прывялі ў належны стан, паставілі новыя помнікі. Са жніўня 2017 году спэцкамбінат мае права дэмантаваць надмагільныя збудаванні і паставіць адзіны ідэнтыфікацыйны знак — так званы надгалоўнік. Гэта робіцца за кошт дзяржаўнага бюджэту, і гэта немалыя сродкі.
Ніводнае пахаванне не будзе пераносіцца і зносіцца — надгалоўнік будзе ўстаноўлены дакладна на месцы ранейшага пахавання. Усё будзе толькі парадкавацца», — запэўніў Свабоду Сяргей Тур.
На чорную пліту, умантаваную ў шэры камень, пераносяцца імя, прозвішча, даты жыцця са старога помніка. Калі надпіс не захаваўся, застаецца проста пустая шыльдачка.
Паводле Сяргея Тура, помнікі ў добрым стане зносіць не будуць. Знясуць толькі разбураныя, разваленыя крыжы, надмагіллі без надпісаў і недагледжаныя пахаванні. А вось старыя, іржавыя, кволыя агароджы таксама знясуць. Застануцца толькі тыя, якія маюць гістарычную каштоўнасць.
На Вайсковых могілках заменяць агароджу вакол могілак, зробяць новыя дарожкі, паставяць лаўкі, ліхтары — могілкі стануць гісторыка-мемарыяльным комплексам.
Прэтэнзій да рэканструкцыі могілак будзе нямала, але рашэнне прынятае
Мінчукі, асабліва тыя, у каго на гэтых могілках ляжаць сваякі, занепакоеныя «добраўпарадкаваннем». Калі Сяргей Тур праводзіў своеасаблівую экскурсію для карэспандэнта Свабоды, да яго падыходзілі людзі, прасілі патлумачыць, што будзе з магіламі сваякоў.
У Эліны Алегаўны на Вайсковых могілках пахаваныя прадзед і прабабуля, урны з прахам дзеда і бабкі падзахавалі пазней, агульны помнік з чатырма шыльдачкамі даволі трывалы. Спадар Тур падышоў да магілы, агледзеў яе, запэўніў, што помнік чапаць не будуць, параіў упарадкаваць кветнік, а вось агароджу адназначна знясуць, сказаў ён.
Побач — магіла маці Янкі Купалы Бянігны Луцэвіч, якая памерла летам 1942 году. Агароджа заходзіць на палову асфальтаванай дарожкі, але калі яе знесьці, грамадскасць падыме шум, асцерагаецца Сяргей Тур. Таму пытанняў шмат, прэтэнзій да рэканструкцыі могілак будзе нямала, разумее ён.
Але рашэнне аб добраўпарадкаванні Вайсковых могілак было прынятае Мінгарвыканкамам сёлета ў траўні, інфармацыя была апублікаваная на афіцыйным сайце, рэканструкцыя ідзе згодна з зацверджаным планам, завершыцца да канца году.
«Паставяць усім аднолькавыя тумбы з казённым тэкстам»
Перакладчыца Аліна Стэфановіч, у якой на Вайсковых могілках пахаваны прапрадзед, «рэзка адмоўна» ставіцца да рэканструкцыі. На яе думку, нават у Законе аб пахаванні і пахавальнай справе, на які спасылаецца спецкамбінат, прапісана, што прыбіраць надмагіллі можна толькі ў тым выпадку, калі яны настолькі разбураныя ці пашкоджаныя, што не падлягаюць аднаўленню, рэстаўрацыі.
«На Вайсковых могілках большасць магіл у нармальным стане, я б сказала. Ёсць, канечне, такія, дзе агароджа пакасіліся, але гэта нельга назваць занядбанай, разбуранай магілай. Мне, напрыклад, падабаецца, што гэта старая магіла, і па крыжы, па надмагіллі бачна, што гэта рабілі ў тую эпоху, калі быў пахаваны чалавек. Гэта свайго роду помнік не толькі канкрэтнаму чалавеку, але і той эпосе.
Мяне вельмі турбуе, што разбураюць і каменныя надмагіллі, хоць там напісаныя такія пяшчотныя словы! Напрыклад, маленькія дзеткі пахаваныя яшчэ да вайны, там вельмі кранальныя надпісы. А зараз паставяць усім аднолькавыя тумбы з казённым тэкстам.
Не хачу казаць такія вострыя словы, як „калгасна“, але гэта будзе непрыгожа, па-савецку, стандартна, аднолькава. Страціцца ўнікальнасьць, атмасфернасьць гэтага месца, дух гораду», — перакананая Аліна Стэфановіч.
«Гэта нармальна — зносіць занядбаныя надмагіллі»
Мастацтвазнаўца, культуролаг Сяргей Харэўскі распавёў пра літоўскую традыцыю ставіць на магілы драўляныя крыжы. Калі драўляны крыж зусім згніў, ці проста падгніў, трэснуў, гэта сведчыць пра тое, што магілу ўжо няма каму даглядаць. Нашчадкі не памятаюць ужо сваіх продкаў. Крыж акуратненька прыбіраюць.
«Каму патрэбныя помнікі, крыжы? Не таму, хто памёр — ім ужо ўсё роўна. Гэта трэба жывым — каб дзеці, унукі, нашчадкі памяталі, бераглі памяць. Каб праўнукі ведалі, як шанаваць памерлых.
Ну, а калі сышоў пэўны час, ніхто не даглядае магілу, калі няма блізкіх — трэба могілкі парадкаваць. Калі праўнукі не ведаюць імя прадзеда, што тут казаць... Калі прайшло ўжо два-тры пакаленні, можна проста ўсталяваць кенатафы (свайго роду сымбалічныя магілы, умоўныя надмагіллі) — як на вуліцы Сухой ці каля мячэту).
А дзяцей з самага маленства трэба вадзіць на могілкі, распавядаць пра дзядоў-прадзедаў, прышчапляць ім павагу да памяці продкаў. Прычым не дзеля тых, хто сышоў, а для нас саміх.
Я лічу, што гэта нармальна — зносіць разбураныя, занядбаныя надмагіллі, крыжы, як гэта робяць цяпер на Вайсковых могілках.
А калі гэта магіла вядома дзеяча культуры, слыннага чалавека, ёй павінна апекавацца дзяржава», — перакананы мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
«Такі „апгрэйд“ цалкам заб’е атмасфернасьць Вайсковых могілак»
Гід-перакладчык Андрэй Бурдзянкоў, які першым у Беларусі пачаў ствараць каталог старадаўніх пахаванняў з іх дакладнымі каардынатамі, распавёў, што ў многіх краінах свету недагледжаныя, занядбаныя пахаванні, надмагіллі на звычайных могілках праз 20–30 гадоў таксама руйнуюць. Аднак, на яго думку, менскія Вайсковыя могілкі — гісторыка-мемарыяльны комплекс, які мае турыстычны патэнцыял.
«І калі завесці чалавека не на такое атмасфернае месца, дзе ёсць лірычная нотка запусцення, а як у краму пахавальных прыладаў, дзе шэрагамі стаяць гэтыя надмагільнікі, гэта не будзе нікому цікава. Такі „апгрэйд“ цалкам заб’е атмасфернасць Вайсковых могілак як турыстычнага месца, адметнасці. Зробяць усё „чысьценька, прыгожанька“.
Я б прапанаваў правесці публічнае апытанне, колькі народу выкажацца, каб проста абнавіць, паставіць гэтыя аднолькавыя пліты — надгалоўнікі, а колькі — за тое, каб рэстаўраваць агароджы, помнікі, крыжы. Бо і тое, і другое каштуе немалых сродкаў. Тут канцэпцыя спрэчная. Я асабіста заўсёды за тое, каб рэстаўраваць», — кажа Андрэй Бурдзянкоў.
Андрэй цалкам алічбаваў могілкі ў Налібаках, могілкі ва Уруччы, пінскія каталіцкія могілкі, яшчэ два дзясяткі іншых нэкропаляў — у базу на сайце graves.by унесена каля 8 тысяч імёнаў. Спрабаваў пачаў працаваць і на Вайсковых могілках, аднак не ўдалося.
«Калі я спрабаваў фатаграфаваць і алічбоўваць магілы на Вайсковых могілках, мне зрабілі заўвагу, што нельга. І таксама тлумачылі, што яны не могуць даглядаць парослыя надмагіллі, таму што па законе гэта ўласнасць асобы, якая ўсталявала помнік, нашчадкаў памерлага (там вельмі складаная фармулёўка ў Законе аб пахаванні). А вось знесці, калі дагляду няма, і зрабіць па-свойму — яны чамусьці паводле закону могуць. Вось гэтага я не магу зразумець. На маю думку, дзяржава проста прыватызавала і пахавальны бізнэс, і могілкі», — выказаў сваё меркаванне Андрэй Бурдзянкоў.