Людміла Рублеўская і тры яе кнігі — у «Галіяфах» 22 сакавіка
22 сакавіка а 19-й гадзіне ў знакавай беларускай кнігарні «Галіяфы» (вул. Старавіленская, 6, што ў Траецкім прадмесці) адбудзецца творчы вечар вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. Нагода для яго вельмі знамянальная — у свет выйшлі адразу тры новыя кнігі аўтара!
За апошнія гады мала хто не чуў імёны Пранціша Вырвіча і Баўтрамея Лёдніка, знакамітых авантурыстаў. У гэты вечар Людміла Рублеўская прадставіць чацвёртую частку прыгодніцкай сагі, якая зусім нядаўна выйшла ў электроннай версіі. У кнізе авантурна-прыгодніцкага цыклу загонны шляхцюк Пранціш Вырвіч і полацкі доктар Баўтрамей Лёднік зноў выпраўляюцца ў прыгоды. На гэты раз яны трапляюць у Францыю, дзе Лёднік працуе разам з вядомым навукоўцам Жанам Жыліберам. Лёдніка ўцягваюць у таемнае таварыства, што займаецца злачыннымі аперацыямі на людзях. Пранцішу Вырвічу давядзецца рызыкнуць жыццём, каб вызваліць старэйшага сябра. А па вяртанні на радзіму — новыя прыгоды… Вас захопяць цудоўная мова і аўтарскі гумар, неверагодныя павароты сюжэту, захапляючая атмасфера стагоддзя «плашча і кінжалу», сапраўдныя таямніцы беларускай гісторыі
Як сведчанне папулярнасці прыгод Вырвіча, упершыню з’явілася рускае выданне самай першай часткі гэтай неверагоднай кніжнай серыі — «Авантюры Прантиша Вырвича, школяра и шпика». Гэтая кніга мае папяровую і электронную версію. Спампаваць яе можна ўмомант на kniharnia.by.
Нарэшце, ад трэцяй кнігі Людмілы Рублеўскай проста не адарвешся. Гэта сапраўдная сенсацыя ў нашай літаратуры. «Дагератып» пачынаецца ў нашу эпоху: малады біёлаг Гальяш рыхтуецца з'язджаць за мяжу, але, разбіраючы рэчы ў дзедавай кватэры, знаходзіць стары дзённік… Перад чытачом паўстаюць таямнічыя падзеі канца XIX стагоддзя. Уладальнікі фотаатэлье правінцыйнага беларускага гарадка, прыгажуня Багуслава і яе бацька Варакса Ніхель, якія спецыялізуюцца на партрэтах post mortem — адлюстраваннях нябожчыкаў, вымушаныя выправіцца ў экспедыцыю, каб сфатаграфаваць неверагодную этнаграфічную калекцыю ў глухім і злавесным маёнтку Жухавічы. Цяперашняга ўладальніка маёнтка, князя Шымона Каганецкага, мясцовыя сяляне лічаць ваўкалакам. Дый Багуслава з бацькам зусім не тыя, за каго сябе выдаюць… Рамантычная і жудасная гісторыя знаходзіць разгадку толькі ў наш час.
Гэты прыгодніцкі раман выдадзены толькі ў электроннай версіі, дзякуючы чаму даступны заўсёды і паўсюдна — абы быў інтэрнэт.
Ніхто лепей за аўтара не распавядзе пра задумы і сэнс сваіх кніг. Таму прыходзьце ў «Галіяфы» у светлы аўторкавы надвячорак і атрымайце асалоду ад сустрэчы з вельмі цікавым чалавекам — пісьменніцай Людмілай Рублеўскай. Добрыя кнігі і цёплыя аўтографы адмыслова для вас будуць забяспечаныя!