Кіраўнік МЗС Польшчы перад візітам у Беларусь правёў «патаемную» сустрэчу з беларусамі Варшавы

На сустрэчы ў Варшаве з міністрам замежных спраў Польшчы Вітальдам Вашчыкоўскім адбыліся кансультацыі паміж дыпламатам і прадстаўнікамі беларускіх незалежных СМІ і беларускага асяроддзя напярэдадні візіта ў Мінск.



minister_witold_waszczykowski_833x400.jpg

Як распавёў удзельнік сустрэчы, рэдактар тэлеканала «Белсат» Сяргей Пеляса, абмяркоўваліся польска-беларускія дачыненні: «Патаемная, сакрэтная — там нічога мы не запісвалі. Агульна магу сказаць толькі пару сказаў, што гэта была форма кансультацыі міністра замежных спраў перад паездкай, візітам у Беларусь, якая адбудзецца на наступным тыдні. Ён кансультаваў сваю пазіцыю па сітуацыі ў Беларусі з прадстаўнікамі беларускіх эміграцыйных арганізацыяў і медыяў у Польшчы».

Міністра цікавіла меркаванне ўдзельнікаў пра эканамічную і палітычную сітуацыю ў Беларусі, а таксама становішча беларускіх незалежных медыя.

Варта зазначыць, што маці міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага паходзіць з Ваўкавыску. Там жыла да вайны ейная сямʼя, а дзед міністра працаваў на пошце. Пасля вайны сямʼя была вымушаная выехаць у Пётркаў-Трыбунальскі. «Падчас свайго візіту ў Беларусь 21-22 сакавіка кіраўнік польскай дыпламатыі наведае горад сваіх продкаў. Інфармацыяй пра гэта палітык пачаў сваё спатканне з прадстаўнікамі беларускіх эміграцыйных арганізацыяў», — напісаў у сваім акаўнце ў «Фэйсбуку» рэдактар «Белсату» Сяргей Пеляса.

Як вядома, кіраўнік польскай дыпламатыі Вітальд Вашчыкоўскі мае намер наведаць Беларусь з візітам 21 і 22 сакавіка.

Паводле Радыё Рацыя