Паэзія не бывае чужой ці нечай
Мастацтва ад нечаканай перанасычасці свабодай слова, пачало губляць сваю асабовую ўнутраную таемнасць, сцвярджае Леанід Галубовіч. Пра паэзію і самоту з літаратурным крытыкам размаўляе Алесь Сачанка.
— Шаноўны Леанід Міхайлавіч, летась у Вас выйшла даўно чаканая чытачамі кніга паэзіі «З гэтага свету». Кажу «чаканая», бо пры чытанні Вашых зацемак і крытычных артыкулаў не пакідала адчуванне, што і вершы таксама пішуцца… Што ўсё ж такі натхніла Вас праз гады вярнуцца да паэзіі?
— Паэзія і натхніла. Я не адыходзіў ад яе, як таго і вымагала мая штодзённая праца рэдактарам крытыкі (і ў «Крыніцы», і ў «ЛіМе»). Я чытаў і неабходнае для сваіх выданняў, і запатрабаванае маёй уласнай натурай. Больш за тое, публікаваў свае ўражанні ад прачытанага. Але не думаю, што мяне натхніла «на сваю ўласную паэтычную творчасць» сучасная беларуская паэзія. Вечарамі я заўжды перачытваю сваю любімую класіку: Багдановіча, Жылку, Танка, Куляшова, Стральцова, Сербантовіча, Янішчыц, Цютчава, Аненскага, Ахматаву, Блока, Чухонцава, Фроста, Рыльке, найлепшыя ўзоры японскай і кітайскай паэзіі… Паэзія не бывае чужой ці нечай. Калі ты ёю захапляешся, то яна ўжо твая. Не важна, хто і калі яе напісаў.
Аднойчы, едучы сонечным ранкам на працу ў вагоне трамвая, пад манатонны перагрук колаў, у паўдрымоце прыйшло ў галаву чатырохрадкоўе… Прайшло больш дзесяці гадоў. Як такое магло стацца? Здзіўлены, па прыездзе я яго запісаў… Пасля — само па сабе, час ад часу — пачало з’яўляцца іншае. Калі (праз маю нястрымную шчырасць) пра тое даведаліся калегі, то паступова схілілі да выдання зборніка. Такая вось гісторыя. Сама паэзія сваёй унутрана-затоенай сілай ссунула цяжкі камень зароку… Скажу толькі, што вярнуўся я ўсё ж да вершаў, а не да паэзіі, як бы мне таго ні хацелася…
— «Завязаўшы» з паэзіяй, Вы пераключыліся на крытыку і больш за 10 гадоў аналізавалі творчасць іншых пісьменнікаў. У чым, на Ваш погляд, адметнасць літаратурнага працэсу 2000–2012 гадоў?
— Найперш трэба сказаць, што гэты працэс катастрафічна скукожыўся. Былі творча кастрыраваны ўсе літаратурна-мастацкія часопісы і тыднёвік «ЛіМ». Наўслед адбыўся мусовы падзел Саюза пісьменнікаў. Але галоўнае не ў гэтых праявах неронаўшчыны. Мастацтва ўжо ад пачатку перабудовы, ад нечаканай перанасычасці свабодай слова, ад «лёгкасці духоўнага быцця» пачало губляць сваю асабовую ўнутраную таемнасць. Чым далей, тым больш… Цяпер сям-там можна заўважаць адраджэнне самой прыроды мастацтва. Творцы сталі праяўляцца ўсё больш выразна. Яшчэ мала высокіх літаратурных набыткаў, але яны ўжо ёсць. І гэта ўсцешвае. Не выпускаю з поля зроку паэтычную творчасць Ярыны Дашынай, Янкі Лайкова, Віталя Рыжкова, Антона Рудака…
— Ян Максімюк у артыкуле «Страх крытыкі» сцвярджаў, што «беларускай літаратурнай крытыкі няма». Крытыкі сапраўды няма? Што, на Вашую думку, стрымлівае развіццё беларускай крытыкі?
— Развіццю крытыкі перашкаджае кволае развіццё літаратуры. Так як літаратура робіцца ўсё больш даходліва-візуальнай, то глыбіня мыслення і творчае майстэрства адпрэчваюцца прагматызмам хуткаплыннага чалавечага існавання. Такая ўжо сёння эвалюцыя зямной цывілізацыі, «няпісаным правілам» якой супрацівіцца вельмі малая колькасць творчых індывідуумаў. Таму мяне абсалютна не здзіўляе, што абслугоўваннем падобнай («пачасовай») літаратуры займаецца літаратурная журналістыка. І, здаецца, такой літаратуры гэтага дастаткова, хоць недзе некаму, магчыма, хочацца і большага: каму — прэміі імя Ежы Гедройца, каму — Дзяржаўнай, а каму і — Нобелеўскай... Сваю ролю тут адыгрывае і малая чытацкая аўдыторыя. «Відовішчаў і хлеба!» — вось што стаіць у нас на парадку дня. Хакей і Дажынкі не сыходзяць з экранаў тэлевізараў.
Аднак гэта не азначае, што вартай літаратурнай крытыкі ў нас няма. Хіба сур’ёзнаму чалавеку нічога не гавораць такія імёны, як І. Шаўлякова, Ц. Чарнякевіч, А. Лапіцкая… Магчыма, яны пішуць з разлікам «на заўтра». Дык гэта тым больш не павінна спараджаць страху і памірання…
— Мінулы год быў абвешчаны Годам кнігі. Ці адчулі Вы як пісьменнік і крытык адметнасць гэтага года? Якую кнігу (кнігі) Вы лічыце «Кнігай года»? На якія кнігі параіце звярнуць увагу чытачам «Кніганошы», пашукаць у кнігарнях?
— У гэтым плане ў мяне год як год. Як народ кажа, хоць гаршчком назаві… Адчуваю, што старэю і ўсё больш самотнею. А адзінокаму, замкнёнаму ў сабе, што чалавеку трэба? Найперш кніга. Мне прынамсі. Таму як чытаў, так і чытаю. Скажу, што з новага з задавальненнем сёлета прачыталася: «Рай даўно перанаселены» Алены Брава, «Ланцуг» Андрэя Федарэнкі, кніга перакладной паэзіі Яна Твардоўскага «Разам з табою», «Адна капейка» Уладзіміра Сцяпана, зборнік эсэ і мініяцюр «Паспець надыхацца» Сяргея Рублеўскага, чытаю нядаўна падораны галіяфаўскі томік Юры Станкевіча «Шал»… Кнігі на чужы густ і падказкі не выбіраю, не чытаю і другім не раю. Проста чытаю тое, чаму здзіўляюся і па-добраму зайздрошчу. Гэта прыходзіць з гадамі. Таму маладзейшым зычу расці — чытаючы.
15 снежня 2012 г.