Як выйсці з бурбалкі?
Ад выставаў у пуні і жыцця ў паралельнай рэальнасці да арт-інтэрвенцый. Прадстаўнікі мастацкай супольнасці абмеркавалі план дзеянняў ва ўмовах цэнзуры.
Штуршком для дыскусіі стаў скандальны перфоманс мастака Аляксея Кузьміча. Шэраг яго твораў былі недапушчаны да выставы ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва (НЦСМ). У знак пратэсту мастак прыйшоў на адкрыццё экспазіцыі ў голым выглядзе з прымацаванай таблічкай на палавым органе.
Ці могуць творчыя людзі аб’яднаць высілкі і супрацьстаяць цэнзуры? Адказ на гэта і іншыя пытанні спрабавалі высветліць на сустрэчы ў Прэс-клубе.
Недавер да дзяржаўных інстытуцыяў
Арт-крытык Вольга Шпарага ахарактарызавала сітуацыю як фрагментацыю артыстычнай супольнасці. Калі творцы фарміруюць сваё кола ля той ці іншай пляцоўкі. Гэтыя групы зараз разрозненыя. “Відавочна, што супольнасць ёсць вакол “Галерэі Ў”. Гэта вялікая пляцоўка незалежнага сучаснага мастацтва. І не толькі мастацтва. Але ці можна сказаць, што гэта супольнасць уключае ўсіх мастакоў? Напэўна, не”, — адзначыла Вольга.
Свая аўдыторыя, узгадала яна, фарміравалася і вакол прасторы “Цэх”, закрытай два гады таму. Гэта стала вялікай стратай для артыстычнай супольнасці. І многія праекты ў выніку перайшлі ў інтэрнэт.
Арт-крытык адзначыла і іншую тэндэнцыю: “Зараз адбываецца інтэрнацыяналізацыя беларускага мастацтва. Шэраг беларускіх мастакоў удзельнічаюць у міжнародных праектах. І да нас даходзяць вядомасць гэтых праектах і іх ацэнкі ўжо з-за мяжы. І гэта добра для развіцця беларускага мастацтва, але супольнасць гэта рассейвае”.
Таксама Вольга Шпарага зазначыла недавер да дзяржаўных інстытуцыяў: “І пра сябе скажу, што я даўно не хаджу ў музей сучаснага мастацтва, у НЦСМ. Таму што мне падаецца, што там была і ёсць цэнзура. Мне падаецца, што там непаважлівае стаўленне да мастакоў. Экспазіцыі робяцца сыходзячы з інтарэсаў дырэкцыі, а не з мастацкіх патрабаванняў. І я ўжо некалькі гадоў для сябе ўстанавіла, што я не хачу з гэтай інстытуцыяй нічога мець, ніякіх справаў.
Але ці не наступіў момант, калі нам трэба праверыць наша стаўленне да гэтых інстытуцыяў? І паспрабаваць іх “захапіць” зноў, паўплываць на тое, што там адбываецца? Таму што агулам гэтыя інстытуцыі існуюць для нас. І тое, што ў нас няма магчымасцяў на іх уплываць, гэта праблема”.
Жыць паралельна
Ці можа супольнасць выпрацоўваць правілы, з якімі лічыліся б дзяржаўныя інстытуцыі? Напрыклад, у плане супрацьдзеяння цэнзуры.
“Наша дзяржава наогул ні з чым не лічыцца. З дзяржструктурамі, па-мойму, існуе паралельнае жыццё. І мне незразумелыя маладыя мастакі, якія імкнуцца ў гэтым НЦСМ выставіцца”, — заявіў мастак Сяргей Кірушчанка.
У Кіеве, распавёў ён, маса прыватных ініцыятыў. І яны цягнуць сучаснае мастацтва наперад. Чаму ў Беларусі не адбываецца росту іх колькасці? Таму што няма грошай.
“Наша Міністэрства культуры, і не толькі яно, складаецца абсалютна з некампетэнтных людзей, — сказаў Сяргей Кірушчанка. — І вось гэта бяда проста. Далей некампетэнцыя распаўсюджваецца на музей сучаснага мастацтва, на нацыянальны музей. Там асноўная тэндэнцыя — гэта захавальная. Як бы чаго такога звышардынарнага не адбылося.
І любыя спонсары, любыя багатыя людзі, “Газпрам” — салонныя рэчы, якія яны задумалі, гэта велізарныя грошы. Укладаюць народу, што гэта вельмі класна, менавіта вось гэта беларускае мастацтва і ёсць. Вось гэта наша дзярмо сучаснае. Коцік — гэта крута. Гэты сабачка намаляваны — зашыбіся. Вось на гэтым узроўні такое мастацтва.
А сучаснае мастацтва — яно нічым не падсілкоўваецца. Гэта страшна, таму што ніхто не хоча дапамагаць. Чаму? Таму што людзі багатыя, фірмачы, баяцца, каб з дзяржавай не папсаваць адносіны. А то раптам коса паглядзіць хтосьці на іх з адміністрацыі альбо яшчэ штосьці здарыцца. Таму ўсе ўсяго баяцца.
Міністэрства культуры — гэта маленькая кропачка на нашым небасхіле цудоўным. А пачынаць трэба з галавы. Таму я не бачу ніякага сэнсу ва ўсім гэтым. Я бачу сэнс у паралельным жыцці. І выжываць, як хто можа. І не совацца ні ў гэтыя НЦСМ, ні ў гэтыя самыя “Газпрамы””.
Ігнор і “падрыўная дзейнасць”
Вольга Шпарага:
“Ну окей. Ігнараваць дзяржінстытуцыі — у мяне таксама такая пазіцыя. А дзе выстаўляцца? А па-другое, мы іх не крытыкуем, мы плацім падаткі — мы іх падтрымліваем, яны паказваюць усякую лухту. Яны фарміруюць такое прадстаўленне аб сучасным мастацтве. То-бок, калі іх ігнараваць і не выстаўляцца там, то хаця б крытыкаваць іх усё-ткі трэба”.
Аляксей Кузьміч лічыць: працавала б крэатыўнасць, а выставіцца можна не толькі ў інстытуцыях. Ёсць розныя прыклады інтэрвенцыі ў розныя прасторы негалерэйнага тыпу. Напрыклад, такія альтэрнатыўныя спосабы, як смеццевая выстава ці выстава ў пуні. Падобных прыкладаў дастаткова.
“Наконт дзяржаўных інстытуцый — ці ігнор татальны, ці такая “падрыўная дзейнасць”, каторую ўсе сузіралі не так даўно. І нейкія інтэрвенцыі, — прапанаваў мастак. — Не проста выстава дзеля выставы, калі ты дазваляеш сістэме сябе анігіляваць і ўбудоўвацца ў той кантэкст, які прапаноўвае мёртвае асяроддзе. Той асяродак, якім спрабуюць кіраваць. Тут гісторыя нават не пра дзядзькаў, якія наверсе сядзяць з міністэрства і плюс яшчэ вышэй па вертыкалі ўлады камандуюць. Тут насамрэч праблема сістэмная, яна ў хваробе.
Пасля праведзенай акцыі гэта было вельмі добра паказана сістэмай. Калі чалавек, які не з’яўляецца самастойным (я маю на ўвазе дырэктара НЦСМ), ускрыў механізмы, якія працуюць. Для апарату мастак не творца і не свабодная асоба. А проста чалавек, які робіць для ўлады, для сістэмы. Таму добраахвотнае ўбудоўванне ў гэты кантэкст азначае смерць для мастацтва і для мастака.
З аднаго боку, ёсць арт-супольнасць, незалежныя мастакі. Але з другога боку, ёсць саўковая мадэль Міністэрства культуры, якое не проста адміністрацыйнымі пытаннямі займаецца. А прапіхвае ўпарта ідэалагічныя пытанні яшчэ ў дадатак. І ёсць Саюз мастакоў, які аперыруе ад мінулага. І вось сучасны мастак, стары ён ці малады, не важна, спрабуе і туды сесці, і тое з’есці. Ну так не бывае. Трэба рабіць выбар”.
Самацэнзура і сепарацыя
Ёсць сістэма. Але з другога боку, вельмі моцная сіла — самацэнзура. Яна, як мяркуе мастачка Антаніна Слабодчыкава, не дае выплыць на новы ўзровень у гісторыі мастацтва. Трэба пазбаўляцца самацэнзуры. “Мы дагэтуль афіцыйна знаходзімся ў зоне мадэрнізму, калі ўсё настолькі метафарычна і завуаліравана, што прамое выказванне як бы не мае права быць. Гэта не мае права называцца творам сучаснага мастацтва. То-бок, наогул творам мастацтва. І ў дадзеным выпадку стратэгія мастакоў — быць адданымі ідэям. Каб максімальна сябе нецэнзурыраваць. Максімальна наогул не заганяць сябе ні ў якія рамкі адносна свайго творчага вопыту”.
Як лічыць Аляксей Кузьміч, мы назіраем сепарацыю. І пражыванне асобных жыццяў і асобных існаванняў паралельных сусветаў — дзяржаўных СМІ і незалежных. Дзяржаўныя СМІ лічаць за лепшае не заўважаць тое, што адбываецца на полі сучаснага мастацтва. Напрыклад, ні адно дзяржаўнае выданне не напісала пра перфоманс мастака. У тым ліку профільныя — газета “Культура”, часопіс “Мастацтва”.
“Але не гэта сумна, — сказаў мастак. — Сумна, што СМІ больш мусоляць тэмы, якія цікавы спажыўцу. Нейкага палавога значэння, страўнікавага значэння. На самай справе, той пасыл, які ў мяне першапачаткова быў, ён кудысьці засунуўся. І мы пра яго не кажам. Яны ўжо ўсё забылі. Усе абмяркоўваюць цела, член, як на ім што там трымаецца і куды ён глядзіць. Але ніхто не абмяркоўвае праблемы, пра якія я казаў. І, па крайняй меры, меў такое нахабства заявіць”.
Кансалідацыя
Пры цяперашнім палітычным рэжыме, як адзначылі мастакі, нельга публічна выказацца на многія тэмы. Выставы праходзяць у лакальным фармаце, іх не можа быць у вялікіх галерэйных прасторах. На думку Вольгі Шпарагі, трэба змагацца за тое, за што хочам змагацца, і супраціўляцца таму, чаму павінны супраціўляцца.
“Мы павінны гэта рабіць. Мне падаецца, і радыкальныя фарматы добрыя. І фармат проста выказвання на нейкую тэму. Ёсць розныя стратэгіі. Але зараз можа быць не столькі важная кансалідацыя толькі вакол сучаснага мастацтва. Як кансалідацыя вакол каштоўнасцей”, — зазначыла арт-крытык. Напрыклад, падтрымаць закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Гэтаксама як і заняцца праблемамі дыскрымінацыі і цэнзуры.
Падчас дыскусіі адна з наведніц звярнулася з рэплікай: “І для мяне тут пытанне: як выйсці з бурбалкі? Таму што вельмі часта атрымоўваецца, што мы аб’ядноўваемся і паказваем сабе ж, што мы ёсць. Але я і так бачу, што мы тут ёсць. Я і так бачу і чую падтрымку ад тых людзей, якіх я ведаю. Мы называем зараз спасылкі на нейкія праекты і каштоўнасці, якія мы ведаем, але мы знаходзімся ў бурбалцы. Як нам выйсці з гэтай бурбалкі ў кантэксце мастацтва, арт-практык, і як нам выйсці з гэтай бурбалкі ў кантэксце каштоўнасцей?”
Трымаць руку на пульсе
Пасля акцыі Аляксей Кузьміч атрымаў словы падтрымкі не толькі ад мастакоў. Бясплатную дапамогу яму прапанавалі і адвакаты.
“Мне, канечне, прыемна, што мяне падтрымліваюць людзі, — сказаў мастак. — Але калі я рабіў акцыю, інтэрвенцыю, я не меркаваў, што ўсё настолькі сур’ёзна закруціцца. І выйдзе на ўзровень прынамсі пазнавання. Я маю на ўвазе шырокі ўзровень аўдыторыі, у тым ліку і хто не мае да мастацтва ніякага дачынення. Ну, цікава атрымалася. Прыкол акцыянізму ў тым, уласна, і заключаецца, што ён даследуе кантэкст сам, без удзелу мастака, пасля яго дзеянняў. То-бок, зрэжысіраванае дзеянне адсутнічае. Невядома, што атрымаецца ў выніку. Паглядзім, што будзе далей. Мне самому цікава, таксама як і ўсім”.
Па звестках Аляксея Кузьміча, на дадзены момант складу крымінальнага злачынства ў яго акцыі міліцыя не бачыць. Аднак яго калегі збіраюцца сачыць за тым, што будзе адбывацца: “Трымаем руку на пульсе. Калі сітуацыя кудысьці завернецца, будзем рэагаваць”.