Адчуй сябе паэтам!
Канец 1980-х, 90-я маладыя літаратурныя гады… Алесь Масарэнка — кансультант літаб’яднання «Крыніцы» пры штотыднёвіку «Чырвоная змена», на працягу сямнаццаці гадоў узначальваў сустрэчы маладых літаратараў.
Змяняліся выданні, пры якіх дзейнічала літаб’яднанне, змяняліся прасторавыя каардынаты яго сустрэчаў, таму гісторыя літаб’яднання атрымалася цікавай, але даволі заблытанай. З «Крыніц», «Першацвета» і «Літаратара» пачалі свой шлях у беларускую літаратуру многія вядомыя сёння аўтары, таму згадкі пра літаб’яднанне Алеся Герасімавіча часта сустракаюцца ва ўспамінах, інтэрв’ю, мастацкіх творах.
У культурным жыцці Беларусі апошніх дзесяцігоддзяў гэтае літаб’яднанне было, бадай, самым вядомым і самым шматлюдным. Зазірнуць у Дом літаратара на чарговае паседжанне мог кожны, хто меў патрэбу далучыцца да размовы пра літаратуру альбо хацеў пабачыць, як успрымаюцца яго творы.
Сённяшнім літаратарам, напэўна, крыху бракуе вольнай прасторы, дзе можна штотыдзень у рэальным часе сустракацца са знаёмымі, чытаць новыя вершы, абмяркоўваць творы калег. Зрэшты, сустрэчы маладых літаратараў не заўсёды былі «гармоніяй у ружовым» — у першую чаргу праз шкодныя звычкі, часта ўласцівыя творчым асобам…
На гэтых старонках сябры літаб’яднання на чале з Алесем Герасімавічам згадваюць колішнія сустрэчы, разважаюць пра літаратурнае жыццё і вызначаюць, ці патрэбны ўвогуле паэтам творчыя суполкі. З успамінаў усіх ахвотных можна было б скласці цэлую кнігу, а потым напісаць паводле яе сур’ёзнае даследаванне. Таму гэтыя публікацыі — толькі пачатак...
Алесь Масарэнка: «Талент у кожнага свой!»
— Алесь Герасімавіч, доўгі час пад вашым кіраўніцтвам праходзілі літаратурныя сустрэчы ў Саюзе пісьменнікаў. Якія цікавыя ўспаміны засталіся з тых гадоў?
— Я кожны панядзелак прыходзіў у Саюз пісьменнікаў, у колішні Дом літаратара, — чытаў творы маладых аўтараў, раіў, дзе друкавацца. Быў літкансультантам, але ніякіх грошай за гэта не атрымліваў. Працаваў — а потым гэта некаму вочы стала драць. Праганялі мяне нават, каб не праводзіў літаб’яднанне... А да таго — кіраваў літаб’яднаннем «Крыніцы» пры штотыднёвіку «Чырвоная змена», калі яе галоўным рэдактарам быў Уладзімір Бельскі. Там і друкаваліся маладыя таленты.
У нас было ўсё проста: збіралася творчая моладзь, чалавек дзесяць-пятнаццаць. Нават з Гродна і Брэста на літаб’яднанне прыязджалі! Выходзіць чалавек, чытае свае вершы. Іншыя налятаюць, пачынаюць кляваць. А я ў заключэнне часам кажу: «Ён жа лепш за вас піша!» Многія паэты сябе ацэньваюць высока, а іншых любяць крытыкаваць. Напрыклад, Георгі Барташ — іншых крытыкуе, а як возьмецца за свае вершы, мы яго разбіваем у пух і прах. Кажу: «У таго паэта — вобраз, а ў вас адна развага на некалькі радкоў».
Памятаю адну дзяўчыну — чалавек таленавіты, але вершы слабыя. Аднойчы яна падаравала мне птушачку з гліны, прыгожую, ладную. Я ўзрадаваўся, кажу: «Вось твой талент!» Яна потым вырабляла гліняныя цацкі, на базары прадавала і грошы атрымлівала. Талент у кожнага свой!
— Да чаго вы, як кіраўнік літаб’яднання, імкнуліся ў першую чаргу?
— Прыходзіць аўтар, чытае рускамоўныя вершы. Я пытаюся: «Дзе ты нарадзіўся? У Беларусі? Дык што ты шукаеш, чаму па-беларуску не пішаш?» Некаторыя пераключаліся на нашу мову — гэта і была мая задача.
Памятаю, Віктар Жыбуль прыйшоў на літаб’яднанне, і я адразу спытаўся: «Што ў цябе па-беларуску ёсць?» Кажа: «Грушаўка». Ну і чытай... Вось ён і звярнуўся да беларускай мовы. Гэта вучань у поўнай меры мой. Ён са сцэны недзе вершы чытаў, я яго запрасіў у літаб’яднанне. Я ж паэтаў як карасёў вылоўліваў!..
А руская мова — страшная навала... Я доўгі час працаваў у «Чырвонай змене», і ніхто з рускамоўнымі вершамі праз мяне не праходзіў. Аднойчы Анатоль Зэкаў прадставіў рускамоўныя вершы адной паэткі, але за гэта я ў рэдакцыі ўсім так даў!.. Навошта ў беларускамоўнай газеце руская паэзія? Ёсць «Знамя юности» — хай там і друкуюцца...
— Ці не было думкі занатаваць і апублікаваць успаміны пра дзейнасць літаб’яднання?
— У «Чырвонай змене» я праводзіў кансультацыі ў пісьмовым выглядзе. За адзін допіс зарабляў 50 капеек, таму пісаў у трох варыянтах: аўтару, бухгалтэрыі і сабе. Уладзімір Бельскі такі парадак усталяваў — добры быў рэдактар... У мяне дагэтуль ляжыць тоўстая папка адказаў розным аўтарам — своеасаблівая «літаратурная школа». Пачытаю сёння свае рэкамендацыі — смела можна выдаваць!
— Ці цікавіцеся літаратурнай дзейнасцю сваіх выхаванцаў?
— Вядома! Напрыклад, чытаю «Новы час» з «Літаратурнай Беларуссю»: Алесь Пашкевіч тут шчыруе (некалі ён, яшчэ студэнтам філфаку БДУ, быў старшынёй згаданых «чырвоназменаўскіх» «Крыніцаў», а затым маім намеснікам у часопісе маладых літаратараў Беларусі «Першацвет»). А трэба, каб больш было старанцаў!.. З публікацый відаць, што з’яўляецца ў нашай літаратуры таленавітая моладзь. Але Віктара Жыбуля ці Віку Трэнас я ўжо не лічу маладымі. Гэта «байцы», ім трэба працаваць. І надышоў час брацца за раманы! Бо раман — гэта сталасць літаратуры.
— Якія праблемы ў сучасным літаратурным жыцці вы маглі б найперш адзначыць?
— Праблем шмат, і яны навідавоку. Напрыклад, мы ўжо выдаем свае кнігі за ўласныя грошы. Сорам той дзяржаве, дзе за працу пісьменніка не плоцяць. У савецкі час падтрымка была большая: розныя стаўкі для пачаткоўцаў, для сталых аўтараў. Калі я працаваў у «Мастацкай літаратуры», то рыхтаваў зборнік вершаў Анатоля Грачанікава. Прызначалася яму 70 капеек за радок, але вершы выдатныя! Я падышоў, дамовіўся, і зрабілі стаўку рубель за радок. У гэтым сэнсе ішлі насустрач і талент ацэньвалі.
Таксама ў кнігі павінен быць добры рэдактар. Раней здаралася: прапусціць рэдактар два радкі — і зарэжуць кнігу. Адзін пісьменнік напісаў «Што ў Германіі фашысты — то ў нас камуністы», а рэдактар прапусціў. Кнігу надрукавалі, але нехта тую прыказку знайшоў — і выданне ні на продаж, ні ў бібліятэкі не пайшло. Цяпер іншы час, і іншая пільнасць павінна быць — да граматычных памылак!
— Чаму, на вашу думку, адбыўся падзел Саюза пісьменнікаў? Ці на карысць гэта беларускай культуры?
— Калі б я быў прэзідэнтам, першае, што зрабіў бы, — аб’яднаў Саюзы пісьменнікаў. Навошта нам два Саюзы? Што нам дзяліць? Навошта беларускім пісьменнікам рускамоўны кіраўнік? Чаргінец не варты гэтай пасады, але змагаецца абедзьвюма рукамі. Між пісьменнікамі не было асаблівых супярэчнасцей, проста гэты генерал захацеў захапіць уладу — вось і атрымалася... Але добрыя пісьменнікі ў нас ёсць і яшчэ будуць, так што мяне гэта не палохае. Бабры ў бабровых тонях не звядуцца!
Валярына Кустава: мае літаб’яднанні
Заўжды з цікавасцю чытала пра ранейшыя таварыствы ды рухі: «Узвышша», «Маладняк», «Тутэйшыя». Але сама ніколі не была аматарам беларускіх літаб’яднанняў. Калі трапляла на іх сходы ці супольныя канцэрты, — было тое выпадкам. Мая бабуля, а пасля і маці працавалі ў Доме Літаратара на Фрунзэ, 5, таму яшчэ шкалёнкам часта туды завітвала. Наведвала тамака курсы польскай мовы пад кіраўніцтвам выдатнай выкладніцы Інэсы Кур’ян. Неяк, памятаю, ехала з Рэспубліканскай школьнай канферэнцыі па літаратуры, дзе расказвала пра Анатоля Сыса, на тыя курсы — і напаткала ў метро Сяргея Патараскага. Ён, высокі, у цёмным плашчы, з капной густых валасоў, падхапіў мяне пад руку і паведаміў, што мы цяпер разам ідзем на сустрэчу літаб’яднання пры «Першацвеце».
Я ўпіралася, бо тады была закончанай індывідуалісткай, і калектыўныя творчыя імпрэзы намагалася абмінаць чыста з прынцыпу: ну як могуць зразумець паэта там, дзе шмат тых, што лічыць сябе паэтамі. Ніяк... Мне было б цікава з Піменам Панчанкам, з Максімам Танкам, з Еўдакіяй Лось, якімі мяне папросту зачытвала бабуля Валя ўсё маленства. А што рабіць з сучаснікамі? Але Патаранскі мяне ўсё ж зацягнуў на сустрэчу, страховачна падтрымліваючы пад локаць, — каб не ўцякла. Мы ўвайшлі... Былі Алесь Туровіч, Серж Мінскевіч, здаецца, Вальжына Морт, Зміцер Вішнёў, Усевалад Гарачка… Было займальна. Тады ўсе — яны былі добра старэйшыя за мяне — спрабавалі сябе паказаць з найлепшага боку: чытаць здзіўляльна, нестандартна. Да канца не прычакала, бо было позна — бацькі чакалі. Да таго ж — я тады больш любіла пафасных паэтаў, а не перформансы (акурат тады і ўвайшло гэтае слоўца ў моду — і называлі ім розныя бздуры і выбрыкі, да якіх пасля яшчэ дадалі эпітэт «канцэптуальныя»). Але ўсё гэты было займальна і сведчыла пра развіццё літаратуры, таму добра, што было.
Я паступіла ва ўнівер — і мяне актыўна заангажоўвалі на пасядзелкі «Літаратурнага Кварталу», якім кіравала Людміла Рублеўская, літаратурнага тэатру АРТ, шматлікіх літ-вечарынак у «Кульку», у таварыства Этна... Зразумела, маладзёны завітвалі туды дзеля выпраўлення адзін аднаго, канструктыўнай крытыкі, апрабавання твораў. Але наведваць такія сустрэчы рэгулярна не ставала вытрымкі.
Некалі мяне запрасілі на семінар пры Саюзе пісьменнікаў (як калісьці было на «Іслачы», але мы не заспелі) на некалькідзённыя майстар-класы «зялёных» паэтаў. Пасля былі чытанні ў майстэрні скульптара Дзяніса Кандрацьева, якія ладзіў Гера Барташ. У якасці экспертаў запрашалі Уладзіміра Някляева, Генадзя Бураўкіна, Леаніда Дранько-Майсюка, яшчэ некага…
Вершаваныя школы, мне здаецца, могуць замяніць добрыя кнігі. Таму важней вучыцца і ўмець чытаць, чым пісаць. Але што тычыцца прамаўлення напісанага — то тут акурат важней умець пісаць, чым чытаць (услых).
Аднойчы мне патэлефанаваў Паша Севярынец і прапанаваў стварыць таварыства хрысціянскіх пісьменнікаў. Назву мы выбралі — «Дабравест». Гэта было займальна і цікава, пакуль не давялося арганізоўваць супольныя чытанні. Пасля першых мы і разбегліся, хаця ўсе былі там выдатнымі людзьмі. Такі лёс літаратурных таварыстваў — запальвацца і згасаць, выканаўшы сваю місію.
Цяпер я з вялізнай удзячнасцю стаўлюся да любой разумнай і нават не вельмі канструктыўнай крытыкі. Але ў прынцыпе маё меркаванне не змянілася: значна большаму можна навучыцца ў аднаго, чым у многіх. А літаратурныя аб’яднанні няхай будуць — і прыносяць карысць і радасць.
Наталля Кучмель: «Многа шчырых, добрых людзей...»
— Спадарыня Наталля, якія ўспаміны засталіся ў вас пра літаб’яднанне?
— Мне здаецца, Алесь Герасімавіч учыніў яго, бо хацеў стварыць адпаведны беларускамоўны літаратурны разумны асяродак для сваёй дачкі Юлі. І нечакана стварыў такое дабро для цэлага пакалення. Мы збіраліся, вучылі адзін аднаго. У літаб’яднанні было шмат шчырых, добрых, разумных людзей і таленавітых паэтаў. Алесь Пашкевіч, Людміла Шчэрба, Уладзімір Пірог-Пучынскі, Алесь Палынскі, Алесь Дуброўскі, Валер Пазнякевіч, Віктар Слінко, Усевалад Гарачка... Гэтыя імёны я называю наўскідку, наогул іх можна пералічваць доўга. Для нас паэзія была пакліканнем. Але літаб’яднанне паступова змянялася. Напрыканцы яно было больш зборышчам тых, хто ўважаў літаратуру за хобі, каму карцела выдаць свой хвостапіс. Лічылі, што ім не трэба ні рэдактар, ні парада, а трэба толькі выдацца і сваімі хвостапісамі размахваць перад людзьмі.
— Ці патрэбна было б такое літаб’яднанне сёння?
— З сучасным дзёўбаным рытмам жыцця літаб’яднанні патрэбны і будуць запатрабаваны. Бо тое, што мы маем сёння, — гэта жыццё супраць сябе, і хоць дзесьці чалавеку хочацца пабыць самім сабой. Але цяпер такая рэч, як літаб’яднанне Алеся Герасімавіча, на мой погляд, немажлівая. Проста таму, што змянілася літаратура. Функцыі чалавеказнаўства адабрала ў літаратуры псіхалогія, функцыя ідэалагічная адпала сама сабой, бо ў большасці людзей на любую спробу браць яго за шкірку і кудысьці весці ўзнікае бурнае непрыняцце. Ідэалагічная функцыя абурае альбо смешыць. Якая ж функцыя засталася? Рэлаксацыйная! Літаратура перастала быць пакліканнем, а ўсё больш становіцца хобі — асабліва паэзія.
— Ці існуе сёння нешта падобнае да «Першацвета»?
— Калі б літаб’яднанне не стварыў Алесь Герасімавіч, яго б стварыў нехта іншы, яно б утварылася само, бо яно было неабходна. Цяперашнія літаб’яднанні за вельмі рэдкімі выключэннямі, якія можна па пальцах пералічыць, маюць значэнне больш псіхатэрапеўтычнае, чым творчае. Выйшаў чалавек, прачытаў нармальны твор — яму папляскалі, выпаўзла маладая пенсіянерка, прачытала бабскую хрэнапень — ёй папляскалі...
— Якія літаб’яднанні наведваеце цяпер?
— Я бываю ў «Літаратурным прадмесці». Яно адно пакуль што не распалася, і не распадаецца таму, што народ збіраецца, каб сумовіцца, а не мерацца сіламі, талентамі. Многія літаб’яднанні, дзе збіраўся народ моцны, таленавіты, распадаліся, бо было замнога асоб і замала так званага сацыяльнага клею. Народ адразу пачынаў мерацца талентамі, даказваць, хто больш геніяльны. Так разваліліся «Тутэйшыя» і многія іншыя. І інакш быць не магло. Бо мякіш у кулаку злепіцца, а жменя арэхаў — не.
— Некаторыя згаданыя вамі сябры літаб’яднання — не вельмі вядомыя сёння аўтары. Чаму?
— Лацінскае выказванне даволі справядлівае — так праходзіць слава зямная. Праходзіць, і ўсё. Хаця аўтары выдавалі і выдаюць зборнікі...
— Літаратуразнаўцаў пераважна цікавяць мастацкія творы, а падзеі літаратурнага жыцця часта застаюцца па-за ўвагай. Ці не было думкі напісаць успаміны?
— Цяпер я раблюся ўсё больш закрытай. Памятаю няблага, але многія рэчы хочацца пакінуць для ўнутранага ўжытку. З маімі старымі сябрамі тых часоў — Усеваладам Гарачкам, Таццянай Будовіч, Віктарам Слінко, Наталляй Капай — мы сустракаемся нярэдка і ўсё гэта ўзгадваем. Але не люблю ветэранскія паставы: «Бойцы вспоминают минувшие дни и битвы, где вместе рубились они». Зусім не люблю!
Гутарыла Алеся Лапіцкая