Жылка, Дубоўка, Зарэцкі, Каэльё, Фіцджэральд. Андрэй Кузнечык прачытаў за кратамі 100 кніг
Палітвязень паспявае чытаць за кратамі, хоць працуе на лесапілцы шэсць дзён на тыдзень. За апошні месяц Андрэй Кузнечык прачытаў Ажэшку, Каэльё, Фіцджэральда. А таксама набыў кнігі Жылкі, Дубоўкі, Зарэцкага, Мрыя, Галавача, піша «Свабода».
«У Ажэшкі не спадабалася непрыхаванае маралізатарства»
Месяц таму Андрэй Кузьнечык даслаў унушальны сьпіс з 82 кніг, якія прачытаў за паўтара года ў вязьніцах. Разьмясьціў іх у альфабэтным парадку, па прозьвішчы аўтара, таксама пазначыў, у якія даты чытаў і колькі дзён заняло чытаньне. Імаверна, з таго часу пералік павялічыўся.
«Сёньня дачытаў „Хама“ Ажэшкі і нечакана ў новым „Дзеяслове“ натрапіў на мастацкі твор пра Ажэшку, — піша Андрэй з-за кратаў. — Гэтак склаўся дзіўны ланцужок супадзеньняў. „Пан Тадэвуш“ — Эліза Ажэшка (цікава стала, як тут пісала пра нас па-польску прадстаўніца пакаленьня нашчадкаў 1863 году) — твор пра Ажэшку. Дарэчы, у Ажэшкі не спадабалася непрыхаванае маралізатарства. Дык дзяцей усё кормяць цукеркамі і цукрам. Хоць кластэр ведаў запоўніў з прыемнасьцю. Можа, яшчэ і да Пруста дабяруся».
«Прачытаў параеную табой кніжку Каэльё пра славенку. Прыемнае адкрыцьцё, тым больш што месца дзеяньня знаёмае і любімае. Цяпер ёсьць нагода паказаць табе і тыя тры масты адзін пры адным, і рынак на плошчы побач, і помнік Прэшэрну з фантанам. Ну, і замак будзе па-над намі ўвесь час. Фіцджэральда таксама ўзяў, праўда, пасьля Каэльё ён чытаецца цяжэй».
«Яшчэ прачытаў у „Звяздзе“, што караценька перавыдалі Янку Брыля. А я якраз чапляўся вокам за ягоныя лірычныя мініятуры 1980 году выданьня. То ўзяў пачытаць».
«Жылка стаў часткай майго культурнага коду яшчэ зь ліцэю»
Зь яго лістоў вядома, што Андрэй заўсёды зь нецярпеньнем чакае прыезду ў калёнію кнігарні. Адмыслова рыхтуецца, складае сьпісы, раіцца з жонкай Алесяй, якая таксама філёляг.
«Прыдбаў у кнігарні, што да нас заехала, кнігі-вітаміны з твайго сьпісу (ён працуе, ура!): Жылка, Дубоўка, Зарэцкі, Мрый, Галавач — гэта найлепшыя паляпшальнікі настрою, мае ўлюбёнцы яшчэ зь філфаку, а Жылка стаў часткай майго, як кажуць, культурнага коду яшчэ зь ліцэю, я безь яго сумаваў ажно.
«Голы зьвер» Зарэцкага — адно зь нядаўніх моцных кніжных затурэмных уражаньняў. А Іпатаву яшчэ толькі буду адкрываць, дагэтуль то адно, то другое замінала. Глобуса яшчэ не даставілі. Спадзяюся, бо раскупілі, а не праз экстралінгвістычныя акалічнасьці».
«Засталося ўражаньне незразумелага нядбайства»
Зь лістоў Кузьнечыка вынікае, што ў калёніі шмат адукаваных людзей, якія вядуць спрэчкі на літаратурныя і лінгвістычныя тэмы. Але літаратуры бракуе, доступу да інтэрнэту няма. Таму Андрэй дае жонцы заданьні:
«Пашукай у слоўніку тлумачэньні: пожня, завоіна, кукан, старчак, гаток, аполак, котлішча, мэндлік. Гэта з Брыля. А з „пожняй“ у нас тут разышліся ўяўленьні, дык трэба ўдакладніць».
У выязной кнігарні, якая нядаўна прыяжджала ў калёнію, Андрэй набыў і слоўнік. І нават параўнаў яго зь іншым.
«Дзіўным макарам трапіў сюды той самы слоўнік Гамезы (Л. М. Гамеза. Комплексны лексічны слоўнік беларускай мовы (сынонімы, антонімы, амонімы, паронімы). — РС)» за няпоўныя два рублі. Грэх было ня ўзяць. Тым больш што ў межах сваёй канцэпцыі выглядае ён больш талкова, чым «Вялікі беларуска-рускі слоўнік (і наадварот) з 50 тысячамі слоў.
Ёсьць там „кіндэр-сюрпрыз“, „вай фай“ і „мадэм“, але няма вільчыка, весьніц, процьмы частак цела, прылад ручной працы, рэчаў вясковага жыцьця. Збыткоўнасьць, зьмяшаная з выпадковасьцю і недастатковасьцю — засталося ўражаньне незразумелага нядбайства», — так ацэньвае прафэсійны рэдактар, філёляг Андрэй Кузьнечык набыты слоўнік.
«Прыемна бачыць у сьпісе знаёмых філфакаўцаў»
Андрэй выпісвае амаль усю беларускамоўную пэрыёдыку, вылоўлівае ў ёй цікавосткі. У «Вячэрнім Мінску» ён знайшоў топ-10 самых папулярных кніжак у дзяцей зь бібліятэкі № 2.
«Першыя 6 месцаў займаюць беларускамоўныя кніжкі: Алесь Карлюкевіч, Міхась Пазьнякоў, Ірына Токарава, Кацярына Хадасевіч, Аляксей Шэін, Лілія Ілюшына. Прыемна бачыць у сьпісе знаёмых філфакаўцаў. Ну, і надаюць аптымізму такія перавагі юных чытачоў наконт будучыні. Здаецца, зь імі прыемна будзе жыць у адной краіне».
Цікавіцца Андрэй, ці выходзяць у Беларусі яшчэ так званыя «глянцавыя часопісы», колькі яны каштуюць. Просіць жонку самой не марнаваць час, а папрасіць каго-небудь даведацца, «пагугліць»:
«А ці існуюць яшчэ беларускія глянцавыя часопісы „Беларусь“, „Архітэктура і будаўніцтва“? Ці нешта цікавае ў іх ёсьць? Ці ўсё роўнае, як „лінія партыі“? Колькі каштуюць? А расейскі часопіс „Esquire“ яшчэ выдаецца? Каштуе як самалёт? А зьмест?»
«Запіс сноў стаўлю на паўзу»
Звычайна ў лістах Андрэй дзеліцца сваімі неверагоднымі снамі, якія стараецца запамінаць, таму мае дэталізаваныя і бессэнсоўныя для пераказваньня сюжэты.
«Прынамсі, цяпер дакладна ведаю, што ўначы ў мяне багатае на экшн і дэкарацыі відовішча. Самалёты, ровары, мэтро, Шабаны, Пескавацік, усе вёскі з дарогі Берашова — Віцебск. Ну, і нейкія падземныя гарады з падземнымі каткамі, атракцыёнамі, самалётамі ў падземным небе. А неяк поўз на нашу прэм’еру ў лябірынце ад ЦУМу да „Акадэмкнігі“ амаль усю ноч, усіх апярэдзіў, а потым гляджу — усе наўкола ходзяць нагамі, ну то і мне нічога не засталося, як прачнуцца ад няёмкасьці. Карацей, запіс сноў стаўлю на паўзу, бо задужа стракатая палітра для трыманьня ва ўспамінах».
Андрэй і з-за кратаў стараецца даваць парады, як выхоўваць дзетак, піша ім вершы, радуецца дасягненьням. Жонка дасылае шмат раздрукаваных фатаграфій, каб Андрэй бачыў, як дзеці растуць, чым займаюцца на вакацыях.
«Цнянка, Ратамка, заапарк, коні — вельмі радасна
чытаць пра ваш такі насычаны адпачынак! Адно што — як бы не давялося адпачываць
ад такога тэмпу адпачываньня:) І зноў майстэрскія фота, а гэтая, з Мацейкавым
адлюстраваньнем у заапарку, — наагул шэдэўр! Забаўна, як мы з табой сынхронна
напісалі адно адному пра Цнянку», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі Андрэй
Кузьнечык.