Турэмныя муры, якія аднойчы рухнуць
У былога палітвязня Алега Груздзіловіча выйшла кніга пра яго досвед зняволення. "Мае турэмныя муры" прэзентавалі ў Вільні.
«Мае турэмныя муры» — кнігу былога палітзняволенага журналіста «Радыё Свабода» Алега Груздзіловіча прэзентавалі ў «Цэнтры беларускай культуры і супольнасці» ў Вільні. «Вясна» расказвае, як гэта было.
Прэзентацыя кнігі пачалася з перформанса, які ўяўляў сабой момант з жыцця за кратамі Алега Груздзіловіча:
— Стоять! Морду в пол! Пошёл! Шире шаг! К стенке! Руки поставь как положено! И ноги, шире ноги! Представься! – зароў «канваір».
— Асуджаны Груздзіловіч Алег Анатольевіч, па артыкуле 342 частка 1…
— На нормальном языке говори!
— Осуждённый Груздилович Олег Анатольевич, по статье 342 часть 1 Уголовного кодекса Республики Беларусь к полутора годам лишения свободы. Начало срока 10.05.2022, а конец срока 30.03.2023. Поставлен на профилактический учёт как склонный к экстремистской и иной деструктивной деятельности.
— С каким заданием прибыл?
— Собирать материал для книги.
— Такі эпізод ёсць у кніге, ён тычыцца ў ШІЗА, — патлумачыў Алег Груздзіловіч. — Гэта мая натуральная куртка з калоніі, там яна называецца «кліф». Слова гэтае забаронена. Мяне за выкарыстанне гэтага слова склалі рапарт і адправілі з ШІЗА. Як і кніга, такія сцэны — гэта заўсёды вяртанне ў тое мінулае, вельмі дрэннае, якое мы ўсе хочам пазбегнуць, але не ўдаецца.
Ролю канваіра ў перфомансе выканаў палітык і былы палітвязень (вызвалены ў 2011 годзе) Анатоль Лябедзька:
— Чаму мы пачалі з гэтай мініяцюрнай сцэнкі? Гэта не нешта прыдуманае… Вельмі важна пісаць такія кнігі. Таму што многае забываецца, а гэта частка нашай гісторыі. Хацелася б, каб гэтая «Бібліятэка» спынілася. Хацелася б, каб мы сталі экскурсаводамі на «Валадарцы», «Амерыканцы», Акрэсціна, як у Германіі, там, дзе была турма штазі, а зараз музей. Каб мы з вымушаных пісьменнікаў ператварыліся ў экскурсаводаў, каб мы гаварылі пра тое, што было ў нашай гісторыі, і рабілі ўсё, каб гэтага больш не паўтаралася.
Кніга «Мае турэмныя муры» выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды» — серыі выданняў «Радыё Свабода».
— Калі мяне яшчэ везлі на Валадарку, я ўжо тады падумаў: давядзецца збіраць матэрыял для новай кнігі, — згадвае Алег Груздзіловіч. — Не хацелася б, але давядзецца. І потым усё працягвалася: я пабываў у двух СІЗА, калоніі… і матэыял назапашваўся. Неадмыслова, а само сабой, вакол людзі, падзеі, пакуты, слёзы, іншае, тое, што чуеш. Напрыклад, на «Валадарцы» ў калідоры я пачуў грукат, а потым сказалі, што гэта Алеся Пушкіна валаклі ў карцар… То-бок кніга склалася з гукаў, карцінак, пахаў, уражанняў… А калі я вызваліўся, то Аляксандр Лукашук, дырэктар «Бібліятэкі Свабоды», прапанаваў напісаць гэтую кнігу.
Аляксандр Лукашук даслаў вітальнае відэа з Вашынгтона, дзе зараз працуе ў бібліятэцы Кангрэса ЗША:
«Я вельмі не хацеў бы, каб такая кніга з гэтым аўтарам з’явілася ў нашай "Бібліятэцы". Таксама вельмі не хацеў, каб яе аўтар, найстарэйшы журналіст "Свабоды" і бясстрашны рэпарцёр, які ўсё жыцце пісаў не пра сябе, а пра іншых, быў за кратамі. […] Але ў Беларусі прафесія журналіст — больш, чым прафесія, і гэтая кніга — не аповед пра зняволенне, а нашмат больш. Яна мае адзін з найлепшых у сусветнай турэмнай літаратуры пачатак і канец, які немагчыма чытаць без слёз радасці. Рэпартажныя падрабязнасці і кінематаграфічная хуткасць. Глыбіня памяці, якую чалавек нясе ў сабе. І гуманізм, які не прыніжаецца і сам не прыніжае іншых. Аўтар пабудаваў палац свабоды. І гэтая кніга будзе тут, у бібліятэцы Кангрэса ЗША, бо свабода патрэбная ўсім і ўсюды, асабліва па-беларуску».
У турме Алег Груздзіловіч пачаў маляваць. Сем малюнкаў дайшлі на волю — яны і знаходзяцца перад кожнай часткай кнігі «Мае турэмныя муры». Ужо пасля выхаду на волю Алег Груздізловіч намаляваў яшчэ некалькі малюнкаў пра сваё зняволенне — па іх падчас прэзентацыі сваёй кнігі аўтар правёў своеасаблівую экскурсію.
— Ежа невыносная, — прыводзіць прыклад Груздзіловіч, — за ўсё лета не выдалі ні яблыка, ні памідора, ні агурка. Адзіны прадмет, які ты можаш з сабой насіць па калоніі, — гэта лыжка. Таму там робяць такі футляр і захоўваюць там з сабой лыжку. А там жа такія жуткія абмежаванні на тое, што ты можаш мець у тумбачцы: не дай бог у цябе будзе на адну асадку больш — будзе рапарт і ШІЗА. Таму я прыдумаў свае каляровыя асадкі захоўваць у футлярчыку. Пранясло, і не знайшлі.
Кніга «Мае турэмныя муры» прысвечаная Марыянне Груздзіловіч — «жонцы, аднадумцы і сяброўцы» Алега.
— Я назірала, як ён працаваў некалькі месяцаў, як кніга пісалася і выпраўлялася. Гэта вялікая была праца. Алег мне зачытваў яе кавалкі. І я была ўражаная, калі пачула, што сабой уяўляе жыццё за кратамі, і параўнала з лістамі, якія Алег пісаў мне амаль штодня фактычна дзевяць месяцаў… І, канешне, у лістах было ўсё больш менш «мажорна». Я паміж радкоў, канешне, старался зразумець, але не ўяўляла.
Хачу сказаць, што ён піша: «Мае турэмныя муры» — гэтыя муры вырастаюць перад усімі палітвязнямі, за іх спінай, бо яны там, за кратамі. Але у гэты ж час муры вырастаюць перад сваякамі, — сказала Марыяна Груздзіловіч падчас прэзентацыі.
Кнігу Алега Груздзіловіча цалкам можна спампаваць тут.