Цяжарнасць і роды ў зняволенні — як гэта?

За краты трапляюць людзі разных сацыяльных пластоў: дарослыя, непаўнагадовыя, пенсіянеры, людзі з інваліднасцю, цяжарныя жанчыны. У выніку апошніх атрымліваецца, што знявольваюць не толькі саміх жанчын — але і іх дзяцей.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Сярод зняволеных у беларускіх ізалятарах і калоніях ёсць цяжарныя жанчыны і кормячыя мамы. Пра тое, як павінен быць уладкаваны іх побыт, суха расказваюць нарматыўныя дакументы, але ў іх няма ні слова пра тое, як гэта — нараджаць і выхоўваць дзяцей за кратамі. Блог «Шуфлядка» расказвае дзве гісторыі пра мацярынства ў зняволенні.

«У палаце на адным ложку я, на другім — канваіры». Роды ў СІЗА

Віялета апынулася ў СІЗА, калі была цяжарная. Асаблівых умоў утрымання ў яе не было: спачатку дзяўчына знаходзілася ў агульнай камеры, пазней яе перавялі ў больш цёплую з драўлянай падлогай.

Пад канвоем Віялету вывозілі ў паліклініку на кансультацыі да гінеколага. Нараджала яна таксама ў суправаджэнні мужчын-канваіраў — адзін з іх сядзеў каля дзвярэй родзала, нягледзячы на асцярогі лекараў.

— Адразу пасля родаў, калі мяне вывезлі на каталцы ў калідор, побач сядзеў на лаўцы канваір. А калі мяне паднялі ў палату, мяне яшчэ прышпілілі кайданкамі да ложка. Потым ужо адшпілілі, таму што са мной 24/7 тры канвойныя ў палаце. Потым, як правіла, была жанчына сярод іх. Палата была на дваіх чалавек, я на адной [ложку], а на другой — яны.

Пасля родаў Віялета з дзіцём вярнулася ў камеру, якую яны дзялілі з іншай зняволенай. У памяшканні не было гарачай вады, яе тры разы на дзень прыносілі з кухні ізалятара, каб можна было купаць дзіця. Ванначку перадалі сваякі, а месца для дзіцячага ложка ў камеры не аказалася, таму малое спала ў вазку.

— У мяне былі травы ў пакеціках — святаяннік, рамонак, каб купаць. Аптэчку для нованароджаных таксама, у прынцыпе, дазволілі, бутэлечкі дазволілі пластмасавыя. Фруктовыя, агароднінныя і нават мясныя пюрэшкі дазвалялі.

Мне стэрылізавалі на кухні бутэлечкі і соску, соду я ім перадавала. Рэчы, падгузнікі мне перадавалі. Нічога такога і не забаранялі для дзіцяці.

На шпацыр мы хадзілі двойчы на дзень. [Суправаджаў] адзін чалавек звычайна і другі ззаду — з сабакам або без. Калі мы выходзілі, кварцавалі камеру.

Прала я ў камеры, але сушыла бялізну ў прачцы. Там мне выдзелілі вяроўку. Дазвалялі адзенне на сушыльны стол пакласці, потым я сама забірала пад канвоем, альбо яны мне прыносілі.

Першыя некалькі дзён пасля родаў Віялеце з дазволу адміністрацыі перадавалі вараную курыцу. Харчавання, паводле слоў дзяўчыны, не хапала. Яна заўважыла, што калі ляжала з дзіцём у бальніцы, малако стала «лепшым па якасці» праз іншы рацыён.

— Я прыкормлівала яго і сумесямі, бо яму не хапала. Ён развіваўся нармальна, добра набіраў вагу. У першы месяц набраў 1 300 грам і амаль кожны месяц фактычна па кілаграме набіраў, потым ужо крыху менш.

Дзіця стварала клопаты для адміністрацыі СІЗА — яго разам з мамай трэба было рэгулярна вазіць у паліклініку і на суды.

— Яны [адміністрацыя СІЗА] псіхолага да мяне адпраўлялі, маўляў, я не спраўляюся, мама дрэнная. Ім усё-ткі дзіця як бы адказнасць. Дык вось [калі б не было дзіцяці] пасадзіў бы ў агульную камеру з усімі. Але педыятр давала заключэнне, што ні абапрэласцей, ні патнічак няма, вагу набірае, дагледжаны, чысты.


Глядзіце таксама

У Віялеты была магчымасць аддаць дзіця сваякам, але даглядаць яго не было каму. Пасля прысуду дзяўчына разам з малым прыехала ў калонію.

— Па этапе паехаў разам са мной на руках. І нас суправаджаў лекар СІЗА. Ён ехаў не са мной у клетцы, а побач з канвоем.

«Старалася не прывучаць дзіця да сябе, бо давядзецца расстацца». Калонія

Па прыездзе ў калонію зняволеную адправілі ў каранцін — увесь гэты час дзіця яна не бачыла, таму што яно было ў бальніцы на абследаванні. Пасля вяртання з лякарні малога вызначылі ў дом дзіцяці на тэрыторыі калоніі.

— Калі я там была, у нас быў дом дзіцяці двухпавярховы. Груднічкі былі асобна, дзеці больш дарослыя — ужо ў іншай групе. Ложкі ў іх, напэўна, шчыльней стаялі, чым у дзіцячым садзе. Там у іх ёсць педыятр, якая за імі назірае, лагапед з імі займалася, нянечкі, выхавальнікі. Пад'ём вельмі рана, ледзь не а 6-й раніцы. Іх там кармілі.

Яны там высаджвалі іх на гаршкі ў пэўны час, елі таксама па часе. Я ведаю, што калі падвячоркі былі, яны [дзеці] дапамагалі накрываць на стол, ім вельмі падабалася. Сокі ім давалі альбо кефір. Ілля заўсёды любіў накрываць на стол. Яшчэ любіў, каб яго першага пакармілі, першага забралі, ва ўсім павінен быў быць першым.

Віялета наведвала дзіця па раскладзе ў вольны ад працы час. У буднія дні атрымлівалася пагуляць адзін раз, а па выхадных — чатыры. Расстанне з сынам дзяўчына перажывала «як неабходнасць» — яшчэ ў СІЗА яна старалася «не прывучаць дзіця да сябе».

— Я проста разумела, што нам давядзецца расстацца. Мы шмат былі з ім разам, ён прывык. У яго быў стрэс [пасля этапу ў калонію], мне нават баяліся яго паказаць, таму што ён вельмі схуднеў, шчокі ў яго сышлі, апалі. Ён плакаў вельмі шмат. А там [персаналу ў доме дзіцяці] нельга браць на рукі. Яны ўсе просяцца. Ён стаяў у манежыку, цягнуў, бедны, рукі, яго ніхто не браў, на яго ніхто не звяртаў увагі.

«Мы дзецям прысмакі прыносілі, якія нельга было даваць — за гэта пісалі тлумачальныя». Сустрэчы з дзіцём

— Хацелася, вядома, больш [бачыцца]. Сумуеш па дзіцяці, шкада расставацца. Мы з ім размаўлялі, кніжкі чыталі, нешта разглядалі. І я нават вось першыя зубы пазначала, першыя словы. Хацелася бачыць, як ён расце, развіваецца. Старалася кожны месяц фатаграфаваць яго ў калоніі, каб былі фотаздымкі ў перыяд сталення.

Сустрэчы з дзецьмі ў доме дзіцяці праходзяць так: мама з малым ідзе ў гульнявы пакой ці — калі на вуліцы цёпла — на дзіцячую пляцоўку з альтанкамі, арэлямі і пясочніцай, аддзеленую ад калоніі высокім плотам.

— Мы дзецям прысмакі прыносілі, якія нельга было даваць. За гэта пісалі тлумачальныя. Прыходзіш, і ён чакае там зефір або цукерку нейкую, яны рэдка гэта бачылі. Так быццам не скардзіліся. Там ён еў усё, цяпер ён шмат чаго не есць, я не ведаю чаму. Ні садавіну, ні гародніну, ні рыбу. Вельмі пераборлівы ў ежы.

У доме дзіцяці дзеці могуць знаходзіцца да трох гадоў — потым іх аддаюць сваякам або ў дзіцячы дом. Віялета аддала дзіця сваячцы і пасля гэтага бачыла яго толькі на спатканнях раз на некалькі месяцаў.

— Нам давалі адны, максімум двое [сутак спаткання]. Ён прывык да бабулі — маю цётку называе бабуляй. Вось ён рады мяне бачыць, мы гуляем, а калі трэба спаць класціся, ён пачынаў плакаць: «Я хачу дадому, хачу да бабулі».

Праз некалькі гадоў Віялета ўз'ядналася з сынам. Дзяўчына кажа, што яны прывыклі адно да аднаго і «праблем асабліва не было».

— Цяпер ён не ўмее кантраляваць свае эмоцыі, вельмі бурна рэагуе. Мы займаліся з дзіцячым псіхолагам некалькі месяцаў, каб дапамагчы яму справіцца са сваімі эмоцыямі. Таму што, напрыклад, у школе кажуць: «Спыніся, перастань», — а ён не разумее. Яму, напрыклад, паставілі пяцёрку, і ён знерваваўся. Ён мог выбегчы з класа, пляснуць дзвярыма.

Натуральна, гэта мы, дарослыя, можам супакоіцца, а ён не. Яшчэ пакуль не разумее, як справіцца са сваімі эмоцыямі. І пры гэтым яны хочуць, каб ён там сядзеў смірна, як старшакласнікі. А ім жа хочацца балбатаць. У школе мне ўвесь час скардзіліся: «Вось вам трэба туды схадзіць». Мы пахадзілі, нам сказалі, што ўсё ў межах нормы, добрае дзіця, інтэлект вышэйшы за сярэдні.


Глядзіце таксама

Ляжаць (але не спаць) на ложку можна гадзіну на дзень, астатні час — сядзець побач. Цяжарнасць у калоніі

Вольга трапіла ў калонію на пачатку другога трыместра цяжарнасці. Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам, цяжарным і маці, якія кормяць, «павінны быць створаныя палепшаныя бытавыя ўмовы», але што гэта значыць на практыцы, у дакуменце не гаворыцца. Жанчына расказвае, што яе кармілі лепш, чым звычайных зняволеных: кожную раніцу давалі сметанковае масла і малочную кашу, а двойчы на тыдзень — кавалак тварагу.

— Я не ведаю, што там можна аднесці да палепшаных бытавых умоў. Можа, права цяжарнай і мамы, якая корміць, не мыць агульную прыбіральню. Таму што вельмі ўважліва і педантычна сочаць, каб, крый Божа, ты не прапусціў сваё дзяжурства. І на самой справе спрабавалі растлумачыць нейкія жанчыны — у мяне ўжо жывот такі быў, добра на зносях — што я ж таксама хаджу ў прыбіральню, трэба прыбірацца. На нахабства трэба адказваць нахабствам: мне належыць па ПВР, вось я гэтым карыстаюся.

На апошніх тыднях цяжарнасці Вольгу вызвалілі ад працы ў швейным цэху і адправілі вязаць вяхоткі ў атрадзе. Днём можна было гадзіну ці дзве паляжаць на ложку, але ў астатні час трэба было сядзець побач на табурэтцы.

— Для жанчыны цяжарнай, калі ў цябе адвальваецца паясніца, ацякаюць ногі, гэта досыць суровае выпрабаванне. І ў мяне яшчэ быў пастаянна нізкі ціск. Увесь час хацелася дзіка спаць. Калі надыходзіў гэты адпачынак у дзённы час — не дай Бог табе заплюшчыць вочы. Тут жа вяртаецца дзяжурны кантралёр і пачынае цябе тыкаць пальцам у плячо з пытаннямі кшталту: «Вам належыць адпачынак, спаць нельга». Я кажу: «А дзе напісана?» — «Не, у вас напісана "адпачынак". У вас не напісана "сон"».

Я потым спрабавала спытаць у гінеколага. Кажу: «Скажыце, калі ласка, я магу спаць падчас свайго адпачынку? Яна кажа: "Так, у чым праблема?" — "Праблема ў тым, што мне тлумачаць, што ў мяне толькі адпачынак". — "Ну, калі табе хочацца спаць — спі". Я кажу: "А вы не маглі б сказаць пра гэта дзяжурнаму памочніку начальніка калоніі?»

Вольга расказвае, што гінеколагам у калоніі была «выдатная жанчына», а медперсанал уважліва ставіўся да цяжарных. Зняволеная праходзіла ўсе планавыя медагляды, а на УГД паехала ў гарадскую паліклініку пад канвоем.

 Вельмі непрыемна — усе на цябе глядзяць. Кайданкі апранае і прыкоўвае адзін з канвойных да сябе падчас транспарціроўкі.

Канвой у белых халатах. Роды

Роды праходзілі ў гарадской бальніцы, Вольгу змясцілі ў палату са звычайнай парадзіхай. Асуджаная папрасіла суседку патэлефанаваць мужу, каб ён змог яе наведаць — адміністрацыя калоніі не паведамляе сваякам пра роды, расказвае зняволеная.

— Жанчына не зразумела насамрэч, што я асуджаная. Яна бачыла гэты канвой, які сядзіць перад палатай. Яны на форму халаты белыя накідвалі. Прыходзіць з прыбіральні і кажа: «О, тут кагосьці вартуюць, ахоўваюць». Я ўжо маўчу, што гэта мяне. Такая мілая маладая жанчына.

Пасля родаў дзіця амаль месяц знаходзілася ў бальніцы. Вольга кажа, што гэта нармальная практыка — немаўля не спяшаюцца везці ў калонію хаця б для таго, каб маці не карміла яго грудзьмі.

— У іх [супрацоўнікаў Дома маці і дзіцяці] адпадае куча праблем. Яны яму тыкаюць бутэлечку, мама ідзе на працу, і ўсё. А калі жанчына корміць грудзьмі, то даводзіцца гэтае дзіця выдаваць, узважваць яго пасля кармлення, сачыць за гэтай мамай. А так яна раз на дзень прыйшла, пагулялася і [сышла].

Калі дзіця прывезлі ў калонію, Вольга выходзіла гуляць з ім на вуліцу. Адпускалі яе неахвотна: справа была зімой і жанчыне было няпроста дамовіцца з педыятрамі і загадчыцай наконт нядоўгіх шпацыраў.

«Разумееш, гэта наша дзіця». Выхаванне і недавер да маці

— Гледзячы назад, я разумею, наколькі гэта было дзіка, што мне проста не даюць з маім дзіцём выйсці на вуліцу. Потым знайшліся адзежка, і мы выходзілі, гулялі, дыхалі. Я была адзінай мамай сярод усяго гэтага двара.

Паводле слоў Вольгі, яе некалькі разоў выклікалі «на дыван» да загадчыцы ДМР праз розныя погляды на выхаванне дзіцяці.

— Мне кажуць: «Разумееш, гэта наша дзіця. Мы нясём за яго адказнасць, а ты думаеш, што тут будзеш прыходзіць і рабіць наогул усё, што лічыш патрэбным». Мне давялося доўга і грунтоўна тлумачыць, што я вельмі ўдзячная ім за тое, што яны дапамагаюць мне даглядаць дзіцё, таму што ў мяне няма такой магчымасці. Але вам давядзецца запомніць гэта ўсё і схематычна, што гэта маё дзіця, яно заўсёды было і будзе маім.


Глядзіце таксама

Вольга расказвае, што ў ДМР усё было добра абсталявана і дзецям усяго хапала. Іх даглядалі няні з ліку асуджаных, а лекары і медсёстры былі вольнанаёмнымі. Дом маці і дзіцяці быў досыць закрытай установай, дадае яна.

— Маці не заходзяць ні ў якія спальні, яны не ведаюць нават, дзе ложак дзіцяці. Як мне тлумачылі, гэта робяць таму што, ну, ці мала, мы ж усе ненармальныя. Можа, мы там вырашым прынесці шкоду свайму дзіцяці або з кімсьці там я палаюся на дзіцячай пляцоўцы, прыйду яе дзіця забіваць.

У гульнявым пакоі, кажа яна, шкляныя сцены — з калідора відаць усё, што адбываецца ўнутры. Паводле слоў Вольгі, дзецям давалі цацкі, а сваякі маглі дасылаць у калонію кніжкі.

— У майго дзіцяці была наогул гіганцкая колькасць кніжак, мы разглядалі карцінкі. Збіралі вакол сябе цэлую брыгаду, разглядалі ўсе дружна. Зразумелая справа, што потым гэта ўсё пакідалі ў спадчыну. Санкі можна было ўзяць, пакатацца там па ўчастку, па горках. Вельмі, я памятаю, яго ўразіла.

Жанчына адзначае, што да дзяцей у ДМР ставіліся ўважліва, чаго не скажаш пра стаўленне да маці.

— Я разумею, так, там ёсць жанчыны, якія, можа, вялі нейкі зусім амаральны лад жыцця на волі. < ... > Я разумею, але чаго ўсіх — пад адзін грабянец? Пачынаецца там кшталту: «Вось нажрэцеся незразумела чаго, сала жраце, прыходзіце смочку дзіцяці суеце, а яно потым там з алергіяй ці яшчэ з чымсьці». < ... > Я разумею, што там злачынцы, але ўсё роўна трэба неяк трошкі больш уважлівымі быць, ці што.