"Гэта не мы фашысты, гэта вы фашысты". Як прапаганда апраўдвае вываз украінскіх дзяцей у Беларусь

Беларускія чыноўнікі нават не адмаўляюць, што ўдзельнічаюць у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з захопленых Расіяй тэрыторый. Толькі называюць яны гэта па-іншаму, і ўвогуле: гэта Захад праводзіць генацыд украінцаў.

dzeci_ukraina_1_1_o.jpg

З-за дэпартацыі дзяцей з Украіны ў Расію Міжнародны крымінальны суд у Гаазе ў сакавіку 2023 года выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна. Рэжым Лукашэнкі таксама адыграў сваю ролю ў незаконным перамяшчэнні дзяцей, таму парламентарыі Еўрасаюза запатрабавалі выдаць міжнародны ордэр на арышт і Аляксандра Лукашэнкі. Як прапаганда ў дзяржСМІ адлюстравала абвінавачанні, разбіралася «Media IQ».

Жнівень 2021

Гісторыя аздараўлення дзяцей з Данбаса пачалася яшчэ ў жніўні 2021 года, калі дабрачынны фонд Аляксея Талая пачаў збіраць сродкі для гэтай дзейнасці. Афіцыйна заяўляліся цалкам высакародныя мэты: аздараўленне дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў, дзяцей з малазабяспечаных сем'яў. Але каб не ўзнікла праблем на мяжы, «МЗС Расіі вырашыў пытанні з дакументамі». Што гэта за дакументы і як былі вырашаныя прававыя пытанні выезду дзяцей праз тэрыторыю Расіі ў Беларусь, не ўдакладняецца. Дзеці нават запісалі зварот да Лукашэнкі, у якім удзельнічалі і ананімныя маці:« Дзякуй вам асабіста за падтрымку дзяцей Данбаса!»— сказала адна з мам.

Вясна 2022

Пасля пачатку эскалацыі вайны ва Украіне ў лютым 2022 года фонд Аляксея Талая арганізаваў рэабілітацыю дзяцей з ДНР, а таксама анансаваў выпуск кнігі пра дзяцей Данбаса. У траўні 2022-га дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў анансаваў «місію дабра», гуманітарную дапамогу дзецям Данбаса, а дзеці сталі штомесяц праходзіць рэабілітацыю і аздараўленне ў Беларусі. Хто адправіў іх з Данецка і Марыупаля на аздараўленне і дзе іх бацькі або законныя прадстаўнікі, прапаганда замоўчвае. Ад прапаганды гучыць двайны пасыл: з аднаго боку, «адпачывальнікаў радуюць простыя рэчы — цішыня і чыстая вада», а з другога — працягвае мілітарызаваць дзіцячую свядомасць: «Спецназаўцы правялі для іх экскурсію. Вайскоўцы роты ганаровай варты выступілі з пляц-канцэртам, а курсанты факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі паказалі элементы рукапашнага бою».


Глядзіце таксама

Восень 2022

Фонд Аляксея Талая рэалізуе сумесны з ААТ «Беларуськалій» праект па аздараўленні дзяцей з Данбаса ў дзіцячым лагеры «Дубрава», дзе адпачываюць «у асноўным, дзеці з сацыяльна неабароненых катэгорый – сіроты, усыноўленыя, дзеці з інваліднасцю».

Вясна 2023

Паток дзяцей на аздараўленне павялічваецца. У сакавіку Міжнародны крымінальны суд (МУС) выстаўляе абвінавачанні ў дачыненні да Уладзіміра Пуціна ў вайсковым злачынстве — незаконнай дэпартацыі насельніцтва (дзяцей) з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расію. Прапаганда робіць выгляд, што ўкраінскіх дзяцей, якія аздараўляюцца ў Беларусі, гэта не тычыцца, мімаходзь згадвае абвінавачанне, бо, як кажа старшыня «Беларускага саюза жанчын» Вольга Шпілеўская, робяць «добрую справу», займаюцца дабрачыннасцю і аказваюць гуманітарную дапамогу.

У Беларусь прыязджае першая змена з Данбаса (Марыупаль, Антрацыт) на цягніку «Адлер-Мінск»: «Галоўнае, каб кожнае дзіця запомніла сваё дзяцінства такім, якім яно павінна быць: спакойным, цікавым і радасным». У той час, як, паводле слоў прапаганды, «дзеці Данбаса атрымліваюць асалоду ад вясны», ПАРЕ прымае папраўкі ў рэзалюцыю, прапанаваныя Аляксеем Ганчарэнкам (чалец сталай дэлегацыі Вярхоўнай рады Украіны ў ПАРЕ) адносна дачынення рэжыму Лукашэнкі да прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і дарослых у Расію. «СБ. Беларусь сёння» назвала рэзалюцыю «вар'яцкай» і зрабіла спробу зрушыць акцэнт: «Не будзем удавацца ў пытанні казуістыкі, пра якіх менавіта дзецях ідзе гаворка — з Украіны, Данбаса або рэгіёнаў, якія ўвайшлі ў склад Расійскай Федэрацыі. Справа зусім не ў гэтым. А ў тым, што замест падзякі нашай краіне за дапамогу дзецям, якія хаця б на пару тыдняў атрымліваюць магчымасць успомніць, што такое жыць у краіне, якая не ваюе, украінскія і еўрапейскія палітыкі кідаюць камяні ў таго, хто працягвае руку дапамогі».

«Беларусы крадуць дзяцей... на органы, у рабства... крымінальную справу супраць нас узбуджаюць», — эмацыйна піша Людміла Гладкая. Журналістка абвінавачвае Вольгу Карач і Паўла Латушку ў распаўсюдзе «ўкідаў», дадумвае: «Адзінае, што цікавіць Олю, — магчымасць зарабіць на інфапаводзе. Пачуўшы долар ці еўра, пра тое ж следам заспяваў і дармаед-лахушка. Гэты заявіў, што дасье на прэзідэнта збірае, для Міжнароднага суда ў Гаазе»; і тут жа пагражае Паўлу Латушку: «Ты, Паўлік, галоўнае, на сябе дасье не забудзься, табе больш патрэбна, хутка спатрэбіцца».

Лета 2023

Прапагандыст Вадзім Гігін у Міжнародны дзень абароны дзяцей пракаментаваў навіну пра тое, што «Беларусь і Расію спрабуюць абвінаваціць у дэпартацыі дзяцей з Украіны». Гігін жанглюе паняццямі: «З тых ці іншых прычын яны не хочуць ці ў іх не атрымліваецца быць на тэрыторыі Украіны. Дык што, іх кінуць, пакінуць у зоне баявых дзеянняў?»; прапануе развязанне праблемы: «Натуральна, іх вывозяць, ствараюць умовы»; спрашчае: «Зразумела, што, калі дзеці аказваюцца на расійскай тэрыторыі, яны бачаць, як жыве Расія, гэта ўплывае на іх свядомасць»; і заключае: «І гэта абвяшчаюць ваенным злачынствам, таму што ні за што іншае зачапіцца нельга». Агітатар працягвае ствараць вобраз ворага ў асобе замежных і апазіцыйных медыя, апелюючы да публікі: «І вы ўяўляеце, што людзі, якія гэтым [абвінавачваннямі] займаюцца, жылі з намі. Гэта людзі з чорнымі душамі». І пры гэтым супрацьпастаўляе: «Дзеці ўсміхаюцца, кажуць дзякуй. Гэта тут, у нас, у Беларусі і Расіі», — а тое, што «дзеецца ў гэтых украСМІ і ў збеглых. Там нянавісць, злосць, яны не могуць эфір правесці, каб не пачаць крычаць, як яны будуць з усімі распраўляцца. Гэтай сваёй нянавісцю яны паказваюць, з кім мы змагаемся і чаму перамога будзе за намі».

ДзяржСМІ пачынаюць абгрунтоўваць законнасць прыезду дзяцей. Аляксей Талай кажа пра тое, што не толькі яго фонд гэтым займаецца, але і беларускія грамадскія арганізацыі, а кіраўнік дзяржавы яму «сказаў везці іх сюды». Аляксей лічыць, што «наша справа правая», і «мае спісы ўсіх дзяцей, якія былі ў Беларусі на адпачынку», «імкнецца адсочваць лёс усіх дзяцей».

На пачатку ліпеня на сустрэчы з журналістамі замежных і беларускіх СМІ Аляксандр Лукашэнка заяўляе: «Беларусь запрашала і будзе запрашаць да сябе дзяцей з Данбаса на адпачынак і лячэнне»; «Захаду сёння выгадна прадставіць сусветнай грамадскасці Пуціна і Лукашэнку нейкімі варварамі, якія "крадуць дзяцей і ядуць іх". Мы нікога не крадзем. Цэлыя дзіцячыя дамы сюды прыязджалі, былі тут у нашых дамах адпачынку, дзіцячых лагерах, санаторыях і з'язджалі назад. Не толькі дзеці, але і дарослыя...».


Глядзіце таксама

Абгрунтаванні і іранічныя выказванні скончыліся, як толькі Еўрапейскі парламент заклікаў МУС выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі ў сувязі з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей. Пра гэта можна прачытаць у справаздачы Камітэта па замежных справах. «Еўракарусельшчыкі зрабілі справаздачу», «ганебнае чытво» — пачала прапаганда і тут жа адлюстравала «натаўскі генацыд мірных жыхароў на Данбасе». Дэпутатка Людміла Макарына-Кібак патлумачыла, што «дзеці знаходзіліся тут добраахвотна, у суправаджэнні дарослых (пры неабходнасці), выключна з мэтай аздараўлення і з захаваннем усіх прававых падстаў», але не прывяла тыя самыя прававыя падставы ў якасці доказаў, а толькі паспрабавала падмяніць паняцці, прыводзячы ў прыклад аздараўленне дзяцей з Сірыі як агульнасусветную практыку.

ДзяржСМІ звярнуліся да эмоцый чытача, выстаўляючы Украіну і Еўропу ў неспрыяльным святле, пры гэтым аперуючы няпоўнымі фактамі і скажаючы інфармацыю. Спачатку ў «СБ. Беларусь сёння» выходзіць артыкул «Расчалавечванне без мяжы. Украіна прадае сваіх дзяцей: оптам, у розніцу і па частках», дзе Максім Осіпаў спрабуе дыскрэдытаваць няўрадавы фонд «Save Ukraine», які падтрымліваецца польскім фондам «Fundacja Ukraina» праз данаты палякаў. Пры гэтым нібыта праз фонд ідзе адпраўка дзяцей не ва Украіну, а ў Германіі. Тут жа аўтар чамусьці ўспамінае 2020 год, калі, паводле яго слоў, у Германіі раскрылі «найбуйнейшую сетку педафілаў». Газетчык накручвае чытачоў гісторыямі мінулага пра «эпідэмію палавых злачынстваў», пра «продаж дзяцей на органы», набытых у маці, выкрадзеных, забітых дзяцей. Завяршаецца «расследаванне» эмацыйнай ацэнкай: «Гідкая, як фашысцкая ва Украіне ўлада, гэтая тэма такая шырокая, што ахапіць яе адной публікацыяй немагчыма. Бо яна дазваляе лепш зразумець і сутнасць кіеўскага рэжыму, і заходні інтарэс да захавання напружанасці на ўкраінскай зямлі».

Праз пару дзён у праграме «Галоўны эфір» тэлеканал «Беларусь 1» выпускае сюжэт «Украіна стала рынкам выкрадальнікаў дзяцей для Еўропы і ЗША, знікаюць цэлыя дзіцячыя дамы – страшныя факты». Аўтары тэкстаў не ўдаюцца ў дэталі, а праверыць такую інфармацыю не ўяўляецца магчымым: «Раней патрашыцелі варочалі на тэрыторыі краіны, зараз дзеці знікаюць ўжо ў самой Еўропе. Не толькі паасобку, але і цэлымі дзіцячымі дамамі», не забываюць і пра ЛГБТ-супольнасць, якой, паводле іх слоў, прасцей і танней ўсынавіць дзіця з Украіны.

Пра якія ж «страшныя факты» расказваюць беларусам у сюжэце «Беларусь 1»?

Згадваюць дэтэктыў 40-гадовай даўніны: «Гісторыя рэзідэнта ЦРУ, які займаўся перасылкай гераіну ў выпатрашаных трупах немаўлятаў».

Прыводзяць у прыклад гісторыю 53-гадовай украінкі, якая, паводле версіі «СБ. Беларусь сёння», «давала сваіх дзесяцёх прыёмных дзяцей нямецкім педафілам», а пра яе ж «Беларусь 1» кажа, што «прадавала малалетніх педафілам». Гісторыя здарылася насамрэч у Познані, суд яшчэ не вынес рашэння, дзеці знаходзяцца ў польскіх сем'ях.

Паведамляюць пра пацверджаныя факты гандлю дзецьмі ў Еўропе праз відэазварот ўкраінскіх маці: «Дзеці былі выкрадзеныя ювенальнай службай у Партугаліі. Мы не фэйкі, маю дачку сапраўды ўтрымлівае ювенальная служба Германіі. Паведамляю ўкраінскім СМІ, што я не фэйк. Я рэальны чалавек з Украіны». Іх словы пацвярджае псеўдаэкспертка Іаана Пахвіцэвіч, якую прадстаўляюць то польскай праваабаронцай, то праваабаронцай, якая пражывае ў Англіі, але з польскімі каранямі. Жанчына робіць заявы хутчэй ад сябе асабіста і не падае рэальнай доказнай базы.

Расказваюць пра гандаль дзіцячымі органамі. Так, нейкая Вера Вайман кажа пра лабараторыі, у якіх «нацбаты забівалі дзяцей і прадавалі на органы». Веру прадстаўляюць як назіральніцу негуманітарнай місіі АБСЕ з 2019-2022 гады, але, як паказвае разбор украінскіх калег, Вера толькі далучалася да групы АБСЕ па адукацыі ў зонах канфліктаў і актыўных ваенных дзеянняў на часова акупаваных тэрыторыях, а яе інфармацыя пра так званую «чорную транспланталогію» грунтуецца на здагадках. Версію Веры павінен быў падмацаваць эмацыйны аповед ананімнай украінкі, якая збегла ад «Белых анёлаў». Пра іх яна кажа наступнае: «Забіралі і на органы, і куды заўгодна. Забіралі дзяцей нават без бацькоў. Казалі, што калі бацькі не хочуць з'язджаць, значыць, яны проста забіралі дзяцей, а бацькоў збівалі. Гэта было ў суседняй шматпавярхоўцы, жанчына хавала дзіця. Дачка, па-мойму, у яе была. Яна з аднаго склепа перабягала ў іншы». Насамрэч, «Білі янголі» — гэта не арганізацыя, а каманда ўкраінскіх паліцыянтаў, якія займаюцца эвакуацыяй людзей з прыфрантавых кропак.


Глядзіце таксама

У заключэнні выпуску «Беларусь 1» расказвае пра гей-пары, якія хочуць усынавіць дзіця. Прыведзеныя ў эфіры скрыны сайта сапраўды існуюць. Гэта канадскі сайт, прысвечаны ЛГБТ-супольнасці, на якім абмяркоўваюцца розныя пытанні, у тым ліку — гей-адукацыя. Якраз у раздзеле гей-адукацыі і размешчаны артыкул з пытаннямі юрыдычнага характару аб усынаўленні дзяцей пад загалоўкам «Чаму гей-пары не могуць усынавіць дзяцей з Украіны». Менавіта там і дадзены адказ, што ўкраінскае заканадаўства не прызнае аднаполыя шлюбы, гей-пары не могуць усынавіць дзіця з Украіны. А далей апісваюцца працэдуры, хто, як і дзе можа ўсынавіць дзіця «на падставе сваіх гендарных пераваг». Тут гаворка ідзе пра магчымасць выбраць пол дзіцяці, а не зыходзячы з сэксуальнай арыентацыі ў абыход заканадаўства ў сувязі з вайной, як гэта было прадстаўлена ў сюжэце. На сайце гаворыцца, што ўсынаўленне аднаполым парам дазволена ў Аўстрыі, Бразіліі, Калумбіі і на Мальце, а таксама ў некаторых іншых краінах. Тыя, хто зацікаўлены ва ўсынаўленні, могуць гэта зрабіць дзякуючы новым законам.

Такім чынам, дзяржСМІ самі далі пасведчанні вывазу ўкраінскіх дзяцей праз тэрыторыю Расію па расійскіх дакументах, а таксама таго, што аздараўленне дзяцей было арганізавана з ведама Лукашэнкі, а ўдзел у ім прымалі грамадскія арганізацыі. Аздараўленне дзяцей абгрунтоўвалі дзяржаўныя чыноўнікі і парламентарыі. Рыторыка дзяржСМІ праходзіць па формуле «гэта не мы — гэта яны самі такія». Выкарыстоўваюцца ўсе тыя ж прыёмы: фэйкавыя факты, псеўдаэкспертнасць, няпоўнасць інфармацыі, каб запэўніць у сваёй недатычнасці да дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый.