Чаму прадстаўнікі рэжыму не адмаўляюць саўдзелу ў вывазе дзяцей з Украіны?

Паралімпіец, праўладны актывіст Аляксей Талай, фонд якога прывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь нібыта на аздараўленне, распавёў, што гэты працэс ухваліў персанальна Лукашэнка. Ці набліжаюць публічныя сведчанні выдачу міжнароднага ордэра на арышт беларускага кіраўніка?



dzeci_ukraina_1_1.jpg



«Хоць мы і грамадскія дзеячы, дабрачынцы, але ў гэты няпросты час я павінен быў параіцца з кіраўніком дзяржавы. Гэта вельмі важна, бо мы можам эмацыйна ўспрымаць нейкія рэчы. Атрымаўшы згоду і падтрымку кіраўніка дзяржавы, мы сталі прапрацоўваць магчымасць адпачынку дзяцей Данбаса ў Беларусі», — заявіў надоечы Талай.

Заява выглядае так, быццам паралімпіец пераводзіць стрэлкі, каб падстрахавацца самому ад абвінавачванняў у прымусовай дэпартацыі. Зрэшты, экс-супрацоўнік Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Анатоль Котаў дае іншае, значна больш празаічнае тлумачэнне таму, што адбываецца.

«Філін» абмеркаваў з ім, чаму чыноўнікі не хаваюць удзелу Беларусі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей, ці набліжаюць публічныя сведчанні выдачу міжнароднага ордэра на арышт Лукашэнкі і ці атрымаецца ў МЗС стварыць ілюзію законнасці, выдаючы дэпартацыю за гуманітарную дапамогу.

— Для выдачы ордэра на арышт як Лукашэнкі, так і Талая, яшчэ некалькіх дзеячаў, якія выхваляюцца, што бяруць удзел у тым, што яны называюць «аздараўленнем», інфармацыі ўжо даволі шмат, — мяркуе Анатоль Котаў. — Прычым усе гэтыя матэрыялы знаходзяцца ў адкрытым доступе.

Сітуацыя, адзначае эксперт, падобная на тую, што назіраецца ў Расіі. Пакуль не быў выдадзены ордэр Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай, апошняя актыўна распавядала не толькі пра тое, як вывозяць дзяцей з Украіны, але і пра тое, што адно дзіця яна асабіста ўсынавіла.

— Па аналагічнай схеме гэта адбываецца і ў Беларусі: дэманстрацыя блізкасці да таго, хто знаходзіцца на вяршыні піраміды ўлады, дазваляе рабіць PR і атрымліваць дадатковыя рэсурсы, адкрываць дзверы ў высокія кабінеты і да спонсараў, каб гэты працэс развіваўся далей.

Таму я разглядаю гэтае інтэрв'ю не ў кантэксце таго, што актывіст спрабуе выставіць сябе ўсяго толькі выканаўцам, а не ініцыятарам. Вывазам дзяцей з «ДНР» дабрачынны фонд Аляксея Талая займаецца не адзін месяц і нават не адзін год.

Згадкі пра вываз дзяцей з часова акупаваных тэрыторый з'явіліся на сайце Фонду яшчэ некалькі гадоў таму. Некаторыя заўважылі гэту інфармацыю толькі ў 2023 годзе, пасля выдачы ордэра на арышт Пуціна, але першыя групы пабывалі ў «Зубраняці» на «рэабілітацыі» ў жніўні 2021 года.

Таму, наадварот, гэта інтэрв'ю — спроба прадэманстраваць сваё «ўваходжанне» у высокія кабінеты, каб атрымліваць яшчэ большую медыйную падтрымку на прапагандысцкіх рэсурсах, у так званых дзяржСМІ. Ды і фінансавую таксама.

Прыцягнуць спонсараў, той жа самы «Беларуськалій», у гэтую схему было б немагчыма, калі б не было ў Талая сувязяў на самым высокім узроўні.


— Дзіўна, што і на знешнюю аўдыторыю чыноўнікі не хаваюць таго, што адбываецца. Напрыклад, сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН Ларыса Бельская назвала дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей «традыцыямі аздараўлення», а красавіцкую рэзалюцыю ПАРЕ — гебельсаўскай прапагандай, паабяцаўшы «процідзейнічаць гэтым падыходам». Чыноўнікі сапраўды не разумеюць магчымых наступстваў абвінавачання ў дачыненні да ваенных злачынстваў, спрабуюць стварыць бачнасць законнасці або спадзяюцца на непаваротлівасць еўрапейскай дэмакратыі?

— Тут адзначым разыходжанне ўнутранага і вонкавага контуру.

Для Талая важныя медыйнасць і бенефіты — адпаведна, ён будзе далей прасоўваць гэту тэму. І, магчыма, пратоптваць дарожку супрацоўніцтва з адміністрацыяй акупаваных тэрыторый, таму што ўслед за такой «дабрачыннасцю», як правіла, прыходзяць бізнес-інтарэсы.

А вось чыноўнікі і МЗС глядзяць на тое, што адбываецца ў Расіі, і разумеюць, што ў нейкі момант (не факт, што прама заўтра, гэта залежыць шмат у чым ад Украіны) па пракладзенай дарожцы можа быць ініцыявана выдача ордэраў і ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускага рэжыму.

Вядома, яшчэ трэба сабраць пэўныя доказы, у тым ліку сабраць спісы дзяцей, пагаварыць з самімі дзецьмі і іх бацькамі або законнымі прадстаўнікамі, наколькі працэс «аздараўлення» быў наогул добраахвотным, сістэматызаваць факты транзіту ўкраінскіх дзяцей праз тэрыторыю Беларусі ў РФ, і гэтак далей — але працэс ужо запушчаны.

Менавіта таму ў чаканні непазбежнага яны імкнуцца падаслаць нейкую саломку і прасоўваюць тэзісы, што ўсё адбываецца на ўмоўна законных падставах. Таму што апраўдвацца будзе трэба потым не Талаю, а тым самым чыноўнікам ад МЗС, і юрыстам, нанятым рэжымам, каб нейкім чынам сябе абяліць і абараніць.

Сярод іншага, адзначае Анатоль Котаў, ідзе выкарыстанне спецыфікі працы міжнародных арганізацый — таму на пасяджэннях Рады Бяспекі або іншых структур ААН тэзісы пра «аздараўленне», як і тэзісы пра «баявых камароў», даводзіцца абмяркоўваць, нават калі ўсім удзельнікам зразумелае трызненне ідэі.

Зрэшты, храбрыцца можна да пары да часу. Расійскія арганізатары прымусовай дэпартацыі, якія трапілі ў поле зроку міжнароднай супольнасці, па-свойму далі зразумець, як не баяцца выдадзеных ордэраў на арышт: пачалі смела ўпрошваць ПАР не арыштоўваць Уладзіміра Пуціна, калі той прыедзе на саміт БРІКС.

А сама Львова-Бялова «адмоўна нарасціла» сваю медыйную актыўнасць, знікшы з публічнага поля і пачаўшы працэс вяртання на акупаваныя тэрыторыі дзяцей, якія проста «затрымаліся на аздараўленні».


— Усе разумеюць, што за зробленае давядзецца адказваць, — кажа палітолаг. — Можна спрабаваць яшчэ некалькі гадоў дыскутаваць пра тое, хто падарваў Кахоўскую ГЭС або наколькі адназначна ўсё было ў Бучы і Ірпені, але гэта немагчыма ў выпадку з прымусовай дэпартацыяй украінскіх дзяцей, у якой яны самі публічна прызналіся.

Беларускі рэжым чакае прыблізна такі ж разварот у паветры, але ўлады ўжо цяпер шукаюць спосабы, як можна выбрацца з-пад прэса міжнароднага правасуддзя.

— Ці атрымаецца гэта ў Лукашэнкі? Ён не адзін год ствараў сабе рэпутацыю кіраўніка, без якога ў краіне нічога не могуць — ні бульбы перабраць, ні кароў памыць, ні, тым больш, вырашыць пытанні з аздараўленнем дзяцей. Ці не расставіў рэжым тым самым сабе пастку персанальнай адказнасці?

— У выкапанай яме ён знаходзіцца досыць даўно. Усё гэта выразна прасочваецца і ў падзеях 2020 года (рэпрэсіі, пасадкі, рэжым «не да законаў»), і ў саўдзеле ў вайне супраць Украіны, і ў перамяшчэнні ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі, хоць тут у яго, мабыць, у меншай ступені пыталіся.

Але ў цэлым, сапраўды, гэтая пастка існуе ў любым аўтакратычным рэжыме, дзе няма сур'ёзных рашэнняў, якія б не ўхваляліся на самым высокім узроўні. Бульбу насамрэч перабяруць без Лукашэнкі, і палі засеюць, — а вось рэчы стратэгічнага характару патрабуюць яго асабістага ўхвалення.

Хоць нельга выключаць такога развіцця падзей, што беларускія ўлады скажуць: маўляў, гэта ўсё Талай прыдумаў, некалькі дарадцаў ухвалілі, а Лукашэнка проста не разабраўся. Але гэты варыянт не спрацуе.

У складзе арганізаванай злачыннай групы, якой у дадзеным кантэксце з'яўляюцца ўсе ўдзельнікі вывазу ўкраінскіх дзяцей, не так ужо важна, хто аддаваў загады, а хто быў проста выканаўцам.