ПАСЕ прызнала Лукашэнку датычным да генацыду ўкраінцаў

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы на пасяджэнні 27 красавіка прыняла папраўку, прапанаваную дэпутатам украінскай Вярхоўнай Рады Аляксеем Ганчарэнкам. Сэнс папраўкі палягае ў тым, што вываз украінскіх дзяцей і дарослых з акупаваных Расіяй тэрыторый трэба лічыць генацыдам, а Аляксандр Лукашэнка, таксама як Уладзімір Пуцін, абвяшчаецца датычным да гэтага.  

Аляксей Ганчарэнка. Фота з сацсетак дэпутата Вярхоўнай Рады

Аляксей Ганчарэнка. Фота з сацсетак дэпутата Вярхоўнай Рады

«Мая папраўка да рэзалюцыі ПАСЕ — аб прызнанні самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі датычным да прымусовай дэпартацыі дзяцей і дарослых з акупаваных тэрыторый Украіны. Што аўтаматычна робіць Лукашэнку вінаватым у генацыдзе, які праводзіць Расія ва Украіне», — напісаў Аляксей Ганчарэнка ў сваім тэлеграм-канале.

Паводле яго слоў, ПАСЕ таксама афіцыйна прызнала ордэр Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) на арышт Пуціна.

«Сёння Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла надзвычай важную рэзалюцыю, якая тычыцца прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і дарослых у Расію, — адзначыў Ганчарэнка. — Самае галоўнае з рэзалюцыі:

упершыню ў афіцыйным дакуменце такога ўзроўню згадваецца тэрмін «генацыд» у дачыненні да дзеянняў Расіі;

адзначаецца, што, згодна з нормамі міжнароднага права, прымусовая дэпартацыя — гэта прыкмета генацыду, таму ўсе выпадкі павінны расследавацца, а ўсе датычныя панесці адказнасць».

Наконт прызнання ордэра МКС на арышт Пуціна ўкраінскі дэпутат заўважыў: «Гэта адно з самых галоўных рашэнняў ПАСЕ ў гэтай рэзалюцыі. Не ўсе члены Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы з'яўляюцца краінамі, якія ратыфікавалі Рымскі статут. І менавіта прыняцце гэтай рэзалюцыі пашырае кола краін, дзе Пуцін афіцыйна лічыцца падазраваным у ваенных злачынствах. Пуцін — ваенны злачынец, якога шукаюць. Цяпер гэта пацвердзіла і ПАСЕ».

Ганчарэнка падкрэсліў, што галасаванне за прыняцце рэзалюцыі з яго папраўкай было фактычна аднагалосным. Спачатку, удакладніў дэпутат, супраць прагаласавала прадстаўніца Нарвегіі, але потым яна прызналася, што зрабіла гэта выпадкова і насамрэч падтрымлівае рашэнне ПАСЕ.

«Турцыя, Азербайджан, Кіпр, Манака і Арменія не ратыфікавалі Рымскі статут, таму чакалася, што яны могуць прагаласаваць супраць. Але бачым, што Манака прагаласавала «за» рэзалюцыю, а вось Арменія, Турцыя і Кіпр не галасавалі наогул. Схаваліся?» — напісаў Ганчарэнка.

Рэзалюцыю Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы пракаментаваў палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман:

— ПАСЕ назвала дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расію генацыдам і адначасова падтрымала папраўку ўкраінскага дэпутата Аляксея Ганчарэнкі аб прызнанні Лукашэнкі датычным да гэтых расійскіх злачынстваў. Рэзалюцыя ў нейкай ступені набліжае Лукашэнку да ордэра на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда, але і ставіць Украіну ў няпростае становішча. Атрымліваецца, што Лукашэнку прызнаюць саўдзельнікам генацыду, але працягваюць падтрымліваць дыпламатычныя стасункі з ягоным рэжымам.

Нагадаем, Аляксей Ганчарэнка ўваходзіць у Вярхоўнай Радзе ў міжфракцыйную групу «За дэмакратычную Беларусь». Ён вядомы сваёй рэзкай і паслядоўнай крытыкай Лукашэнкі.

У жніўні мінулага года Генпракуратура Беларусі распачала ў дачыненні да яго крымінальныя справы. Яму закінулі пагрозу гвалтам у дачыненні да Лукашэнкі і дыскрэдытацыю Беларусі.

Раней дэпутат адказаў на віншаванне Лукашэнкі з Днём Незалежнасці Украіны словамі, маўляў, «у наступны Дзень Незалежнасці Украіны Лукашэнка будзе вісець на слупе, а беларускі народ будзе вольны і будзе жыць у дэмакратычнай дзяржаве!».

Даведаўшыся пра крымінальную справу ў Беларусі, Аляксей Ганчарэнка адказаў: «Мне інкрымінаваны пагроза гвалтам «прэзідэнту» Беларусі і дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь. Адно пытанне: а як я пагражаў гвалтам Святлане Ціханоўскай? Я пагражаў вашаму клоўну Лукашэнку, які незаконна захапіў уладу і якому вы дапамагаеце заняволіць мой любімы беларускі народ. Жыве Беларусь!»

Сёлета ў студзені суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкімі» сацсеткі Аляксея Ганчарэнкі.