У Беларусі зрабілі «экстрэмістам» украінскага дэпутата Аляксея Ганчарэнку
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі ўкраінскага дэпутата Аляксея Ганчарэнкі. Адпаведнае рашэнне 23 студзеня прыняў суд Ленінскага раёну Магілёва.
У Вярхоўнай Радзе Ганчарэнка ўваходзіць у міжфракцыйную групу «За дэмакратычную Беларусь». Ён вядомы сваёй рэзкай і паслядоўнай крытыкай Лукашэнкі.
У жніўні Генпракуратура Беларусі распачала крымінальныя справы ў дачыненні да Аляксея Ганчарэнкі. Яму закінулі пагрозу гвалтам у дачыненні да Лукашэнкі і дыскрэдытацыю Беларусі.
Тады дэпутат адказаў на віншаванне Лукашэнкі з Днём Незалежнасці Украіны словамі, маўляў, «у наступны Дзень Незалежнасці Украіны Лукашэнка будзе вісець на слупе, а беларускі народ будзе вольны і будзе жыць у дэмакратычнай дзяржаве!».
Даведаўшыся пра
крымінальную справу ў Беларусі, Аляксей Ганчарэнка адказаў: «Мне інкрымінаваныя
пагроза гвалтам да "прэзідэнта" Беларусі і дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.
Адно пытанне, а як я пагражаў гвалтам Святлане Ціханоўскай? Я пагражаў вашаму
клоўну Лукашэнку, які незаконна захапіў уладу і якому вы дапамагаеце заняволіць
мой любімы беларускі народ. Жыве Беларусь!»
Напярэдадні Лукашэнка накіраваў віншаванні ўкраінскаму народу і пажадаў яму мірнага
неба. Праз некалькі гадзін з тэрыторыі Беларусі працягнуліся ракетныя ўдары па
Украіне.
Цікава, што яшчэ раней — у сакавіку 2020 года — усё тая ж няўрымслівая Генеральная пракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да тагачаснага дарадцы Офіса прэзідэнта Украіны Аляксея Арастовіча. Яго абвінавацілі паводле артыкула «Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» (ч. 3 арт. 361).
Гаворка ішла пра
відэаролік, які Аляксей Арастовіч размясціў у сваім тэлеграм-канале. У ім ён
гаварыў пра «рэйкавую вайну» ў Беларусі і Расіі як сродак спыніць расійскую
армію. У Генпракуратуры інтэрпрэтавалі гэта як заклікі да здзяйснення актаў
тэрарызму.
Тады ж Арастовіч пракаментаваў распачатую ў дачыненні яго крымінальную справу. Ён напісаў у сацсетках, што «гэта заклік да акта вайны, а не да тэрарызму» — і толькі супраць
перавозак расійскіх войск.
Ён адзначыў, што
«Беларусь удзельнічае ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны, прадастаўляючы сваю
тэрыторыю, ваенную і грамадзянскую інфраструктуру расійскім войскам, якія
здзяйсняюць шматлікія злачынствы супраць Украіны». Таму ён лічыць, што яго
заклікі «абсалютна законныя з пункту гледжання міжнароднага права».
Арастовіч
прапанаваў супрацоўнікам Генпракуратуры РБ падумаць, чым асабіста для іх і для
рэжыму Лукашэнкі скончыцца «пуцінская авантура».
«Цяперашняму
рэжыму ў Беларусі даўно даў ацэнку беларускі народ, — напісаў Арастовіч. — І я яго
(народ) разумею».
Нагадаем, што Аляксей Арастовіч напалову беларус. Яго бацька паходзіць са Слуцка, у Беларусі адзін з самых прыкметных сёння ваенных спікераў Украіны правёў частку дзяцінства.