Арастовіч: «Беларусы знаходзяцца ў такой жа акупацыі, як нашы на акупаваных тэрыторыях»

У вячэрняй гутарцы з Маркам Фейгіным дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны шчыра і прамалінейна выказаўся наконт свайго стаўлення да беларусаў ды тых, хто крытыкуе грамадзян нашай краіны ва Украіне. Прыводзім цытаты.

1_removebg_preview_4.png


— Перамагла формула «усе беларусы — пі***сы». Яна перамагла, у гэтым сур'ёзная праблема, — канстатуе Аляксей Арастовіч. — Яна ўзяла верх, дзякуючы некаторым недальнабачным і не вельмі разумным крыкунам, частка з якіх, на жаль, была заахвочаная з некаторых вельмі высокіх палітычных колаў.

Вельмі выгадна зараз спекуляваць на «Уставай, краіна велізарная! Усіх ненавідзім, усіх пераможам». Вельмі неразумна паступілі ў дачыненні да беларусаў: калі з вашай тэрыторыі страляюць — вы ўсе нягоднікі, сволачы і гэтак далей. Гэтыя людзі не разумеюць і не хочуць разумець беларускую сітуацыю. Там нечалавечы рэжым, у чымсьці ён больш бесчалавечны, чым пуцінскі: больш жорсткі і больш эфектыўны.

Тузануцца там супраць — значыць, стаць мішэнню. Прычым не толькі ў сентыментальным значэнні, але і ў фізічным: чалавек можа знікнуць або прайсці праз катаванні.

Тысячы людзей прайшлі праз турмы, тысячы людзей і лёсаў скалечаныя. Краіна маленькая, КДБ кантралюе вельмі многае. І радасна падаць на расійскія Іскандэры і не даваць ім рухацца — не такая простая сітуацыя. І прычым доўжыцца яна ўжо больш за дваццаць гадоў. Больш, чым кіруе Пуцін.

Заўсёды лёгка ўставаць супраць дыктатара, які як Януковіч, праправіў два гады. А калі 22 гады «Януковіч», то гэта зусім іншая сітуацыя: і ментальная, і матэрыяльная, а ступень кантролю спецслужбаў нашмат вышэйшая.

Нашы думаюць, што мы такія героі. Дапусцім. Але я запэўніваю, што, калі б у нас Януковіч праправіў 22 гады, было б нашмат складаней быць героямі і падымаць Майдан, і пытанне, наколькі гэта было б магчыма ў прынцыпе.

Беларусы, якія знаходзяцца ва Украіне, напрыклад, полк Каліноўскага, дэманструюць экстраардынарныя баявыя якасці. Яны катаюць класную сучасную вайну, проста супер-хлопцы. Усім, хто кажа, што беларусы слабакі, я раю пайсці да хлопцаў з палка Каліноўскага.

Аднак рыторыка ў дачыненні да беларусаў, з майго пункту гледжання, абсалютна пачварная. І мы не змаглі вырашыць галоўную неабходную задачу: аддзяліць рэжым ад народа.

Прычым, што ў народа ёсць законна абраны прэзідэнт — Святлана Ціханоўская. Гэта значыць, нават ёсць фігура, ад якой можна аддзяляць. Але ў нас могуць і па Ціханоўскай прайсціся, асобныя прыдуркі могуць сказаць, што яна слабачка і гэтак далей.

Нагадаю, Беларусь не прызнала прэзідэнтам Лукашэнку ў 2020 годзе. Дапушчаны шэраг памылак, але выправіць іх яшчэ не позна.

Ад сябе асабіста магу сказаць, што я аддзяляю рэжым ад людзей. Людзі — гэта людзі, а людаеды — гэта людаеды. Таму беларусы застаюцца для мяне брацкім народам. Беларусы знаходзяцца ў закладніках, у значнай ступені яны акупаваныя пуцінскім рэжымам.

Ён абыходзіцца з імі практычна гэтак жа, як з нашымі людзьмі на акупаваных тэрыторыях.

Адзінае, што там няма масавых забойстваў. Але з масавым тэрорам там спраўляецца рэжым Лукашэнкі. Калі вы заклікаеце беларусаў да масавага паўстання, гэта ўсё роўна, што заклікаць нашых людзей на акупаваных тэрыторыях. Гэта значна складаней зрабіць, чым уяўляецца.

Не думайце, што Беларусь такая незалежная краіна: там усё шчыльна кантралюецца двума таварышамі. І тым не менш у найбольш актыўнай фазе барацьбы за Кіеў беларусы прымудраліся запусціць забеспячэнне цягнікамі не наўпрост на Гомель, а праз Берасцейскі палігон, што эканоміла нам некалькі дзён у барацьбе за Кіеў. Гэта быў вырашальны выйгрыш.

Невядома, якая доля выратаваных украінскіх жыццяў за кошт тых беларусаў, якія пашкодзілі чыгуначную сістэму. Гэтая доля вельмі вялікая. І гэта наша падзяка беларусам?

Паўтараю: беларусы знаходзяцца ў такой жа акупацыі, як нашы на акупаваных тэрыторыях. Вы ж не заклікаеце нашых да масавага паўстання, разумеючы, што гэта немагчыма для звычайнага чалавека, гэта могуць зрабіць толькі спецыяльна навучаныя людзі з дапамогай дзяржпадтрымкі, якую мы даем нашым партызанам. А ў Беларусі гэта пакуль яшчэ нявырашаная задача, ім яшчэ няма адкуль узяць гэтую падтрымку.

Паводле Салідарнасці, пераклад НЧ