У вайне з Украінай Пуціна падтрымала мафія

На вайне ва Украіне забіты ўплывовыя выхадцы як мінімум з 10 арганізаваных злачынных груповак, якія варочаюць справамі па ўсёй Расіі. А «злодзеі ў законе» нечакана ўхвалілі вярбоўку ў шэрагі ПВК «Вагнер».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Тэлеграм-канал «Можам патлумачыць» і выданне «Палігон» пішуць пра тое, як злачынны свет падтрымлівае Пуціна. Яны склалі карту з геаграфіяй крымінальных кланаў, чые ўплывовыя выхадцы адправіліся ваяваць і загінулі. На гэтай карце відаць, наколькі шырокай падтрымкай карыстаецца ў мафіі пуцінская агрэсія. У зоне баявых дзеянняў апынуліся прадстаўнікі буйных, даўно ўкаранёных у сваіх рэгіёнах арганізаваных злачынных груповак (АЗГ).


«Аўтарытэты», «злодзеі», «нагляднікі» і кілеры

У шэрагах «Ахмата» — добраахвотніцкага злучэння з Чачні — змагаўся як кулямётчык белгародскі «аўтарытэт» Мікалай «Кальбон» Аршынаў. У свой час ён заснаваў аднайменную групоўку — «Кальбонаўскія» і быў «правай рукой» заснавальніка холдынга «Айсберг» Уладзіміра Цябекіна. Бізнесовец Руслан Праскурын абвінавачваў «кальбонаўскіх» ва ўласным выкраданні, якое адбылося ў Абхазіі. Аршынаў загінуў 10 траўня.

Самая вядомая АЗГ, чалец якой загінуў пад Бахмутам — банда «Цапкоў» у Краснадарскім краі (мае сувязі з Генпракуратурай). Яе прадстаўнік Станіслаў Лабянаў пахаваны на могілках у роднай станіцы Кушчоўская, якую «Цапкі» трымалі ў страху некалькі гадоў. Лабянаў быў адным з маладых удзельнікаў банды, яго паўторна судзілі ўжо пасля разгрому гэтай АЗГ: напрыклад, у сакавіку 2020 года яго прысудзілі да тэрміну за збыт наркотыкаў, а ў красавіку 2021 года — за непавагу да суда.

Лідар банды «Трасавікі» з Набярэжных Чалноў (Татарстан) Аляксандр Еналееў загінуў у складзе ПВК «Вагнер» пад Бахмутам. Яго змоўшчык Сяргей Зузлеў, пад даных chelny-biz.ru, таксама ваяваў у Прыгожына, але здолеў выжыць.

«Трасавікі», або «ілжэмянты», сталі вядомымі ў 2000-х тым, што пераапраналіся ў міліцэйскую форму, спынялі дальнабойшчыкаў на трасе М-7 і рабавалі іх. Наводкі ім даваў інфарматар з супрацоўнікаў ДПС. Чалнінскія «трасавікі» вынайшлі свой метад збаўлення ад трупа забітай імі ахвяры: яны кідалі цела ў бочку і залівалі яе цэментам.

У 2013 годзе Еналееў атрымаў 25 гадоў калоніі. Акрамя некалькіх кіроўцаў былі і іншыя ахвяры: Еналееў аднойчы расправіўся і са сваёй жонкай, якая была ў курсе яго спраў, а пры сварках пагражала даць гэтаму агалоску. Яе Еналееў задушыў на вачах у змоўшчыкаў.

Двое забайкальскіх удзельнікаў АЗГ таксама загінулі ў складзе прыгожынскай ПВК: гэта Сяргей «Змагар» Гразноў з «Мецэнатаўскай» групоўкі і Раман Кібіраў з ліку «Піўзаводскіх». Вядома, што Гразноў, па словах лідара мецэнатаўскай групоўкі Дзмітрыя Вядзернікава, у сваёй злачыннай кар'еры «перагрэўся і дайшоў да расчалавечвання». Паводле ягоных звестак, Гразноў у 2000-я быў датычны да забойства бурацкага аўтарытэта «Хахла». Пра Кібірава вядома, што падчас свайго 16-гадовага тэрміну ён стаў алтарнікам у турэмным храме, што не перашкодзіла яму запісацца ў ПВК за паўгода да вызвалення.

Алтайскі аўтарытэт Шэралі Хатамаў, вядомы як «Саша Узбек», загінуў пры штурме Саледара. Мясцовае выданне «Толк» адзначыла, што яго прызначыў «назіраючым» па Алтайскім краі злодзей у законе Мамука Чкадуа. Разам яны займаліся «дахаваннем» грузаперавозак. «Саша Узбек» адказваў у АЗГ за вымагальніцтва грошай у перавозчыкаў, а таксама верагодна, быў датычны да нападу на іншага мясцовага аўтарытэта, Ахмеда Габібава.

avtoritety2_1400x948.jpg


Злодзеі ў законе «прагналі» за вайну

Не толькі Прыгожын, але і падначаленыя Шайгу аддаюць перавагу былым бандытам. «Склад розуму ў іх больш ваенізаваны, чым у мабілізаваных», «у вачах туман забойцаў» і з імі «больш прыемна працаваць», тлумачыў такі выбар намеснік камандзіра 71-га гвардзейскага палка, адзначала «Вёрстка».

«Калі пачалася вярбоўка зняволеных у ПВК «Вагнер», стаўленне злачыннага свету («злодзеяў у законе») адыграла ключавое значэнне. Было некалькі «злачынных прагонаў» (зварот злодзеяў у законе да ўсіх зняволеных) ад больш-менш дробных «каранаваных» злодзеяў, якія па традыцыі дрэнна ставіліся да вярбоўкі», — тлумачыць «МП» кіраўніца фонду «Русь, якая сядзіць» Вольга Раманава.

Стаўленне да вярбоўкі «вагнераўцаў» памянялася пасля «навагодняга прагону» самага аўтарытэтнага злодзея, які цяпер сядзіць — Шакро Маладога (Захара Калашова). Ён заклікаў уступаць у шэрагі ПВК Прыгожына. Гэты зварот трансляваўся па турэмным тэлебачанні ў Кастрамской, Уладзімірскай, Магаданскай і Новасібірскай абласцях адразу пасля навагодняга звароту Пуціна.

«Злачынныя традыцыі абсалютна змяніліся пры Пуціне і дзякуючы яму — пры ім за 20 гадоў зоны перасталі дзяліцца на «чырвоныя» (кіраваліся Федэральнай службай выканання пакаранняў Расіі) і «чорныя» (кіраваліся злодзеямі). Злачынны свет зросся са светам начальства. Шакро Малады звязаны з кіраўніком Следчага камітэта Бастрыкіным — гэта адна банда», — кажа Раманава (атачэнне Бастрыкіна было арыштавана, калі спрабавала вызваліць Шакро ад адказнасці). За «прагон» Шакро Маладога з заклікам ісці на вайну з турмы выпусцілі ўсё ягонае асяроддзе, адзначае праваабаронца.

Многія «аўтарытэты», якія нібыта адправіліся ваяваць, не ваююць, настойвае суразмоўца «МП». «Гэта людзі з АЗГ і з грашыма. Нішто не перашкаджае з такімі грашыма дамовіцца з начальнікам зоны і Прыгожыным, каб яго запісалі як «завербаванага», а потым адседзецца ў гарах Чачні. І нездарма ў Прыгожына з Кадыравым былі добрыя адносіны», — дадае Раманава.