Хронікі рэпрэсій за 28 ліпеня
Апошнія навіны з канвеера пераследу, якія сталі вядомыя праваабаронцам і журналістам.
***
На дадзены момант няма аніякіх умоў для вызвалення палітзняволенага журналіста Андрэя Пачобута, паколькі афіцыйны Мінск не праяўляе «ні найменшай добрай волі». Пра гэта заявіў кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі. Ён заклікаў не забываць пра Пачобута і сотні іншых палітвязняў у Беларусі:
— Гэта сапраўдныя беларусы, а не Лукашэнка. Гэта правадыры, лідары беларускай нацыі, якія сядзяць у турмах, яны сапраўды прадстаўляюць беларускі народ. І з такой нацыяй мы створым агульную будучыню.
***
Сёння, 28 ліпеня, у Барысаўскім раённым судзе была разгледжана скарга адваката Змітра Дашкевіча на пастанову аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Рашэнне прыняла суддзя Таццяна Шыман. Хутчэй за ўсё, скаргу не задаволілі, таму Зміцер застанецца ў СІЗА, паведамляе «Вясна».
Дашкевіча павінны былі вызваліць яшчэ 11 ліпеня. Але адразу пасля вызвалення ён быў затрыманы ў рамках новай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»). А ўчора стала вядома, што палітвязня змясцілі ў карцар адразу пасля прыбыцця ў жодзінскую турму. Паводле слоў яго сваякоў, Дашкевіча пакаралі за адмову прайсці ў камеру да гвалтаўнікоў.
***
У Мінску адразу пяцярым людзям прызначылі па годзе калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту: Уладзіміру Ганусевічу, Аляксандру Конанаву, Альберту Гарбузу, Сяргею Глінскаму і Максіму Сташулёнку. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Прысуд абвясцілі 10 ліпеня, але вядома пра гэта стала толькі цяпер.
Максім Сташулёнак быў затрыманы на пачатку лютага 2023 года пасля таго, як вярнуўся ў Беларусь. У 2020 годзе ён працаваў пажарным і папярэдзіў жыхароў «Каскада», што іх нацыяльны сцяг едуць здымаць. Пасля гэтага яго звольнілі.
Уладзімір Ганусевіч — ураджэнец Гомеля, камандзір другога аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі № 26 Фрунзенскага раёна Мінска. Ён быў затрыманы 7 лютага 2023 года ў Мінску на месцы службы.
***
На журналіста Ігара Карнея завялі крымінальную справу, яго перавялі ў СІЗА, паведамляюць блізкія палітвязня.
Карнея затрымалі 17 ліпеня пасля ператрусу. Тады яму прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. У мінулым журналіст супрацоўнічаў з «Радыё Свабода», быў пазаштатным карэспандэнтам. Але пасля таго як медыя ў Беларусі пазбавілі акрэдытацыі, спыніў кантакты з ім.
***
Сілавікі затрымалі шматдзетнага бацьку з Барысава пасля стрыму ў чат-рулетцы з правакатарам Юрыем Камаром. Падчас стрыму Камар прадставіўся ўкраінцам і пацікавіўся ў сямейнай пары, ці падтрымліваюць яны Украіну. Муж і жонка адказалі, што падтрымліваюць і чакаюць, калі ў Беларусь прыйдуць полк Кастуся Каліноўскага і «іншыя хлопцы».
Паведамляецца, што мужчыну затрымалі, а яго жонку з чатырма дзецьмі «пакуль пакінулі дома».
Мазыранін Юрый Комар займаецца тым, што праз чат-рулетку выходзіць на сувязь з іншымі беларусамі, выдае сябе за жыхара Украіны і правакуе іх рабіць рэзкія выказванні пра палітычную сітуацыю ў нашай краіне і пра расійскую ваенную агрэсію.
***
У Магілёве затрыманы гісторык, былы дырэктар Музея гісторыі горада Аляксей Бадзюкоў. Пра гэта паведамляе «MAYDAY». Прычыны затрымання невядомыя. Раней Бацюкова затрымлівалі ў 2020 годзе за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Тады суд наклаў на яго штраф.
У студзені 2021 года кантракт з гісторыкам, які на той момант займаў пасаду дырэктара Магілёўскага гістарычнага музея, не быў працягнуты.
***
У калоніі пагоршылася самаадчуванне Мікалая Статкевіча. Пра гэта паведаміла крыніца, блізкая да яго сям'і, якая таксама патлумачыла, што атрымаць больш інфармацыі пра стан палітвязня фактычна немагчыма праз умовы яго ўтрымання: большую частку часу Статкевіч знаходзіцца ў адзіночнай камеры на асаблівых умовах і бачыцца з людзьмі толькі тады, калі яго адтуль пераводзяць у штрафны ізалятар.
Інфармацыі пра Статкевіча няма ўжо 168 дзён — начальнік папраўчай калоніі №13, дзе Статкевіч адбывае тэрмін, спасылаецца на дрэнную працу «Белпошты», паведаміла 27 ліпеня ў Facebook жонка палітыка Марына Адамовіч. Яна таксама нагадала, што раней ёй вярнулі медыцынскую бандэроль, патлумачыўшы гэта тым, што «няма заяўкі».
***
Акрамя палітзняволенага Мікалая Статкевіча шмат тыдняў няма аніякай інфармацыі пра Марыю Калеснікаву — 164 дні, Максіма Знака — 169 дзён, Ігара Лосіка — 159 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 141 дзень, Віктара Бабарыку — 92 дні, Паліну Шарэнда-Панасюк — 21 дзень, паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы АПК па сацыяльных пытаннях Вольгі Гарбуновайklopat.by.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1477 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1740 чалавек. Сярод іх — 193 жанчыны і 8 непаўнагадовых. 16 палітвязняў былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.