Выбарачная слепата і адсутнасць слыху самага вядомага беларускага дэпутата

Пра тое, як празорліва глядзіць у мінулае і ўдала не заўважае цяперашняга знакаміты прыхільнік Лукашэнкі Ігар Марзалюк, можна расказваць анекдоты. Антон Загорскі на «Народнай волі» піша пра гэтую ашаламляльную хваробу зроку «народнага» дэпутата.

Дэпутат Ігар Марзалюк працягвае ствараць анекдоты. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Дэпутат Ігар Марзалюк працягвае ствараць анекдоты. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У чужым воку і стрэмку заўважыць, а ў сваім і бервяна не бачыць. Так здаўна гаварылі пра чалавека, які ўмеў карэктаваць свой зрок у залежнасці ад уласных патрэб: сёння ён здзіўляе ўсіх сваёй дальназоркасцю, заўтра прыкідваецца ніцавокім, а паслязаўтра з дзіцячай непасрэднасцю дэманструе ўсім сваю курыную слепату.

Падобныя зрокавыя фокусы, як выглядае, даўно асвоіў гісторык і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. Што і пацвердзіў чарговым разам, выступаючы нядаўна на «Сталічным тэлебачанні» ў праграме «Па сутнасці». Сутнасць заключалася ў тым, каб яшчэ раз папляжыць міжваенную Польшчу, якая праводзіла паланізацыю Заходняй Беларусі. З абурэннем і гневам праведным Марзалюк звінаваціў ва ўсіх смяротных грахах санацыйны польскі рэжым, пры якім «як шчыгрынавая скура, скарачалася прастора беларускай культуры, знішчаліся беларускія школы».


Глядзіце таксама

Сапраўды, польская дзяржава паводзіла сябе не лепшым чынам на захопленых тэрыторыях. Скажам, на пачатку 1920-х сядзеў у Варшаве такі міністр замежных спраў Скульскі, які заяўляў, што праз пяцьдзясят гадоў на «ўсходніх крэсах» не знойдуць аніводнага беларуса — нават са свечкай. Дык гэта і не дзіўна: чужая дзяржава падпарадкоўвала сабе, старалася асіміляваць беларусаў, якія па волі Масквы аказаліся ў складзе Польшчы. Заўважым, аднак, што пры польскім рэжыме (то мякчэйшым, то больш жорсткім) у Заходняй Беларусі, пераважна ў Вільні, выходзілі дзясяткі (!) беларускіх апазіцыйных газет і часопісаў, дзейнічалі беларускія выдавецтвы, у варшаўскім парламенце актыўна працавалі беларускія дэпутаты («Беларускі пасольскі клуб»), а ў Навагрудку, Клецку, Радашковічах, Паставах і ў той жа Вільні дзейнічалі беларускія гімназіі.

Так, перыёдыка і гімназіі, бывала, закрываліся, рэдактараў і дэпутатаў-паслоў часам кідалі за краты, але татальнай забароны на іх дзейнасць у Польшчы не было. Татальная забарона прыйшла разам з далучэннем заходнебеларускіх зямель да БССР. Нездарма пасля далучэння ў народзе шырока бытаваў такі праклён: каб цябе палякі захапілі, а саветы вызвалілі. Маўляў, усе акупанты адной масці, у рэпрэсіях пераўзыходзяць адзін другога. Як пісаў Янка Купала: «Годзе заходняй ці ўсходняй культуры! / Для беларуса цана ім адна: / ўсе вы, панове, аднакай натуры: / з сэрца чужога кроў ссалі б да дна».


Глядзіце таксама

Ігар Марзалюк на тагачасныя падзеі глядзіць не тое што адным вокам – бачыць польскі прыгнёт і не заўважае куды больш жорсткі савецка-бальшавіцкі. Ён і відушчае вока своечасова прыплюшчвае, каб, крый Божа, не пабачыць таго, што адбываецца з беларускай культурай і беларускім школьніцтвам у сучаснай, незалежнай Беларусі.

Куды падзеліся беларускія гімназіі, што існавалі пры Польшчы? Іх няма. Пра іх у лепшым выпадку можна даведацца ў мясцовых краязнаўчых музеях. Хай бы Ігар Марзалюк наведаўся ў пару-тройку сталічных школ – там дзеці проста не разумеюць беларускай мовы (такога ні пры якіх акупантах не было). Хіба гэта не нацыянальная катастрофа – на беларускай мове ў Беларусі навучаецца менш за дзесяць працэнтаў вучняў?! Але нават для гэтых дзесяці працэнтаў у краіне няма аніводнай беларускамоўнай ВНУ.

А ці змог бы Марзалюк заснаваць сёння апазіцыйную газету? Ды з такой прапановай яму хуценька далі б ад варот паварот у Міністэрстве інфармацыі, якое апошнім часам пазакрывала ўсе незалежныя грамадска-палітычныя выданні.

А ці бачыць Марзалюк у сённяшняй Палаце прадстаўнікоў апазіцыйных дэпутатаў? Там іх днём з агнём не знойдзеш.

А куды падзеліся дзяржаўныя кніжныя выдавецтвы «Юнацтва», «Полымя», «Беларуская энцыклапедыя» і недзяржаўныя «Кнігазбор», «Галіяфы», «Лімарыус», выдавецтвы Андрэй Янушкевіча і Змітра Коласа, якія спецыялізаваліся на выданні беларускамоўнай літаратуры? Іх больш не існуе. Іх ліквідавала тая дзяржава, у заканадаўчым органе якой служыць не першы тэрмін Ігар Марзалюк.


Глядзіце таксама

Тая самая дзяржава паслядоўна і мэтанакіравана зачышчае беларускую культурную і адукацыйную прастору – пералік знішчанага можна доўжыць і доўжыць: «Саюз беларускіх пісьменнікаў», Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускі гуманітарны ліцэй, Навукова-асветны цэнтр імя Францішка Скарыны і іншыя…

Пералік выспачак беларушчыны, знішчаных не чужой, а сваёй (нібыта!) дзяржавай, пайшоў ужо на сотні. Чаму ж Ігар Марзалюк усяго гэтага не бачыць? І працягвае талдычыць пра занядбаную ды загнаную ў падпечак беларускую культуру ды школу пад Польшчай? Бо такога нябачання вымагае ад яго сістэма, у якой ён пагадзіўся быць паслухмяным падгалоскам, што агучвае патрэбныя палітычнаму рэжыму думкі. То адно вока заплюшчыўшы, то адно вуха затуліўшы, – каб бачыць і чуць толькі тое, што дазваляецца бачыць і чуць з мяккага дэпутацкага крэсла.

Палітвязні, зразумела, былі і ў міжваеннай Польшчы. Але ж не ў такой колькасці, як у сучаснай Беларусі, ды і турма ў Бярозе Картузскай вязням з Акрэсціна, баюся, падалася б курортам. У гэтай сувязі прыгадваецца, як польскі палітвязень Піліп Пестрак пытаўся ў палітвязня савецкага Рыгора Бярозкіна, колькі разоў на месяц ім у ГУЛАГу мянялі пасцельную бялізну…

Пры курынай слепаце чалавек у сутонні перастае бачыць нават блізкія прадметы. Як выглядае, захварэў на гэтую хваробу і Ігар Марзалюк…