Жыхарцы Гомеля, якая атрымала 75 сутак арышту, дадалі яшчэ 15

Сёння 30-гадовую Анастасію Перавошчыкаву асудзілі яшчэ на 15 сутак, піша «Свабода». Нібыта 24 ці 25 снежня яна недзе сфатаграфавалася са сцягам. Маці Анастасіі сцвярджае, што ў тыя дні яна дакладна нікуды не выходзіла.

photo_2021_02_25_18_53_56.jpg

25 лютага ў судзе Навабеліцкага раёна адбыўся чарговы суд па арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да 30-гадовай Анастасіі Перавошчыкавай. Да гэтага ёй прысудзілі 75 сутак арышту.
Сёння маці жанчыны даведалася, што дачку зноў вязуць з ізалятара часовага ўтрымання на суд. Судзіў жанчыну суддзя Аляксандр Зінчук.
«Быў чарговы суд. Усё зноў пашыта белымі ніткамі. Нібыта ці 24, ці 25 снежня Насця недзе сфатаграфавалася са сцягам. Але яна дакладна нікуды не выходзіла. Мы пратэстанты і ў гэтыя дні святкавалі Раство. Адвакат падавала хадайніцтва, што калі гэта было ці 23, ці 24 — як яны самі пішуць, міліцыянты, і не ведаюць, калі менавіта, — то сышлі тэрміны прыцягнення да адказнасці. Але суддзя адхіліў хадайніцтва», — зазначыла маці.
Яна кажа, што дачка трымалася годна, спакойна. «Відаць, што яна стомленая.... Тым больш, ні перадачы нармальна не прымаюць, ні паперу для лістоў не перадаюць, ні самі лісты... Яна мне напісала ліст на адной чацвёртай нейкага аркуша. Хоць я ёй перадавала паперу для лістоў», — кажа Алена.
Яна не разумее прычын такой жорсткасці да яе дачкі з боку супрацоўнікаў Навабеліцкага РАУС.
«Мне міліцыянт з Навабеліцкага РАУС заявіў, што "больш няма на каго вешаць, апроч яе, бо ў некаторых дзеці, у іншых — інваліднасць, а іншыя з'ехалі за мяжу". Так ён патлумачыў раней мне тое, што Насцю чарговы раз пакаралі арыштам. Сёння я яму нагадала яго "слова афіцэра", што дачку адпусцяць, калі знойдуць сцяг. Сцяг знайшлі, а дачка — на сутках зноў. На мае словы ён нічога не адказаў», — расказала Алена.
Анастасію судзяць, паводле маці, за нейкія здымкі з бел-чырвона-белым сцягам і праз паказанні чалавека, які сцвярджае, што дзяўчына ўдзельнічала ў «партызанінгу».
«У мяне дома і ў дзеда Насці, ветэрана, праводзілі ператрусы. 6 лютага дачка выйшла з першых 15 сутак, а 8 лютага яе зноў забралі, і з таго часу толькі дадаюць чарговыя суткі! Яе дапытвалі ў міліцыі: "Каго ты ведаеш, дай паказанні на іншых, здай раённы сцяг". Але калі яна не ведае, дзе сцяг; калі яна не ведае, хто тыя людзі, якія стаялі са сцягамі? Яна не можа здаць людзей міліцыянту, бо не ведае іх, а ён злуецца! І дае чарговыя "суткі"», — зазначыла маці.