Затрыманне лыжнікаў пад Маладзечна: «Нам казалі, што ў выпадку пабегу будзе агонь на паражэнне»

Аднаму з удзельнікаў сустрэчы лыжнікаў пад Маладзечна 14 лютага ўдалося збегчы. 

photo_2021_02_14_16_54_45.jpg

Нагадаем, 14 лютага пад Маладзечна групу лыжнікаў з 11 жанчын і васьмярых мужчын затрымалі міліцыянеры. Як высветлілася, адзін удзельнік збег з месца падзей. Ён расказаў Рэгіянальнай газеце сваю версію таго, што адбылося.
Паводле суразмоўцы, на сустрэчу сабралася сем аўтамабіляў, прыехалі на месца каля падстанцыі ў вёсцы Ляшно. Хацелі запісаць відэа і добра правесці час. Спачатку хвілін 20 збіраліся, надзявалі лыжы. Пасля яшчэ хвілін 20 падымаліся на гару, пасля спусціліся.
Пачалі распраўляць 20-метровы сцяг, у гэты момант на гары паказалася каля 7–10 чалавек у цёмным адзенні. Стала зразумела, што гэта міліцыянеры.
– Калі яны падыходзілі бліжэй, – расказвае маладзечанец, – казалі не разбягацца. І што ў выпадку пабегу будзе прыменены агонь на паражэнне. Я пабег па полю, пакуль хапіла сіл. Проста бег, разумеў, што яны мяне не дагоняць. Я раней быў легкаатлет. Бег і глядзеў, ці пабеглі за мной. Пабачыў, што не, і пабег далей.
Мужчына патлумачыў, што з ім спрабавалі адысці яшчэ двое чалавек, але пасля слоў пра агонь на паражэнне яны спыніліся.
– Уцячы было вельмі складана, бег ледзь не да рвоты. Чаму пабег? Я не ведаю, гэта проста секундны выбар. Страшна стала ўжо пасля, калі выйшаў на адкрытую дарогу і не ведаў, хто можа ехаць.
Мужчыну забралі знаёмыя. У вёсцы засталася яго машына. У той жа дзень у доме маладзечанца быў ператрус. Нічога не знайшлі, а пасля аддалі машыну блізкім.
На наступны дзень мужчына выехаў за мяжу. Такое рашэнне прыняў таму, што яго ўжо затрымлівалі раней, з-за чаго згубіў працу.
Між тым, сёння пачалі судзіць першых затрыманых лыжнікаў. Суд над Таццянай П. прайшоў па скайпе, піша kraj.by. Яна ў гэты час знаходзілася ў актавай зале Маладзечанскага РАУС. Ёй і дзяўчыне перад ёй суд прызначыў пакаранне паводле арт 23.34 КаАП "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў" у выглядзе штрафу 30 базавых адзінак, г.зн. 810 рублёў.
"Нас па чарзе выклікалі з камеры, дзе было шэсць жанчын. Усе затрыманыя ў нядзелю на лыжні, — распавядае Таццяна. — Я была другой па чарзе, таму не ведаю, якія прысуды вынес суд яшчэ чатыром жанчынам".
Па словах маладзечанкі, згодна з пратаколам, яна была затрыманая ў нядзелю ў 12.20. "Нас прывезлі ў РАУС і ўсіх 19 чалавек трымалі да вечара ў ціры. Затым пачалі па чарзе выклікаць на допыт. Асобныя пытанні былі да тых, у каго былі з сабой тэлефоны. У мяне яго не было", — распавядае Таццяна.
У затрыманых забралі шнуркі, паясы, вяроўкі, шалікі. "Нас змясцілі ў так званы "стакан" — гэта маленькае памяшканне, дзе толькі трое могуць сядзець, астатнія стаяць. Спачатку нас было 10 жанчын у ім, потым чатырох адвялі. Там мы былі да ночы. У 1.45 — я ведаю дакладны час, таму што на сцяне быў гадзіннік — нас, якія засталіся шасцярых, адвялі ў камеру ІЧУ", — працягвае аповяд маладзечанка.
Па яе словах, у першы дзень затрыманых не кармілі, не давалі пітва. У кагосьці засталіся рэчы з тэрмасамі, і пілі з іх. У панядзелак былі сняданак, абед і вячэру, але таксама без піцця. Пілі ваду з-пад крана.
У першую ноч не выдавалі пасцельную бялізну. Матрацы ж былі такой якасці, што жанчыны спаць на іх не маглі. Але яны і не спалі, бо былі ўсхваляваныя тым, што здарылася і шмат размаўлялі. "Мяне ўпершыню ў жыцці затрымала міліцыя", —- распавядае 51-гадовая Таццяна.
На другі дзень ім выдалі новую пасцельную бялізну. У камерах холадна, але лыжнікам было цяпло ў іх вопратцы. Па словах маладзечанкі, многія так і заставаліся ў лыжных чаравіках, не паспелі пераапрануцца.
Аб тым, калі будзе суд, яны не ведалі. "У РАУС адразу пасля затрымання нам сказалі, што хутка разбяруцца, і нас адпусцяць праз гадзіну-дзве", — кажа Таццяна.
Пасля суда жанчыну адпусцілі дадому. У яе былі з сабой грошы, і яна хутка дабралася на аўтобусе дадому.
"Страшна не было, — распавядае яна. — Бо мы былі ўсе разам у камеры. Я разумела, што такое можа здарыцца, але не рыхтавалася да гэтага".