Затрыманага анархіста Яўгена Рубашку падчас ператрусу збівалі і катавалі
Пра гэта паведамляюць яго сябры і родныя.
Патрабуючы доступу да тэлефону і кампутару, хлопцу апраналі
пакет на галаву. Таксама з Яўгенам запісалі «пакаяльнае відэа», пасля чаго
завезлі ў Следчы камітэт. Адтуль перавезлі на Акрэсціна, дзе папярэдне
будуць утрымліваць 10 сутак, піша «Свабода».
Яўгена Рубашку вінавацяць у «арганізацыі і падрыхтоўцы
дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама ва ўдзеле ў іх»
(арт. 342 КК РБ).
Падчас ператрусу пацярпеў і сябар Яўгена, якога таксама
збівалі, апраналі пакет на галаву, паілі невядомай вадкасцю. Суткі хлопец
правёў на Акрэсціна, а 30 ліпеня суд Партызанскага раёну Мінска пакараў яго
14-дзённым арыштам быццам за «непадпарадкаванне».
Па словах сведкі з боку міліцыі, малады чалавек «спрабаваў уцякчы, калі яго прывезлі ў РУУС», хаця насамрэч у той момант сябар знаходзіўся ў кайданках.