Сястра анархіста Дубоўскага: Калі ён выйдзе, абдыму яго, расцалую і буду плакаць

«Я ганаруся братам, ён герой», — гаворыць Юлія Дубоўская, сястра анархіста Дзмітрыя Дубоўскага, затрыманага ўвосені мінулага года з «групай Аліневіча» пры спробе нелегальна перайсці мяжу. Цяпер Дзмітрыя абвінавачваюць у тэрарызме і незаконных дзеяннях з агнястрэльнай зброяй, яму пагражае да 20 гадоў турмы.

dzmitryj_dubouski__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas9_logo.jpg


Сястра вязня распавяла «Новаму Часу», што з ім адбываецца цягам 9 месяцаў у СІЗА, як удаецца прабіць сцяну ў ліставанні і што ёй дае моцы трымацца.

«Лепш упісацца ў гісторыю як змагар з сістэмай, чым як нявінная ахвяра»

28 кастрычніка мінулага года пры спробе нелегальна перайсці мяжу з Украінай затрымалі групу з чатырох чалавек. Гэта былі анархісты Ігар Аліневіч, Дзмітрый Разановіч, Сяргей Раманаў і Дзмітрый Дубоўскі.
Праўладныя СМІ паведамілі, што пры іх нібыта былі агнястрэльная зброя, боепрыпасы, граната, лёгкаўзгаральныя вадкасці, газавыя балончыкі. Сцвярджалася, што менавіта гэтая група здзейсніла падпал аўтамабіляў ля пракуратуры і памяшкання аддзела дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз у Салігорску ў ноч з 21 на 22 кастрычніка, а таксама будынка Мазырскага ДАІ ў ноч з 27 на 28 кастрычніка. Нібыта Салігорск быў абраны для атакі, бо Дубоўскі — ураджэнец гэтага горада.
Падазраваных змясцілі ў СІЗА КДБ, іх дзеянні кваліфікаваныя па ч.3 арт.289 КК як акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай. Таксама затрыманым прад’яўляюць незаконныя дзеянні ў адносінах агнястрэльнай зброі. Тэлеканал АНТ пасля затрымання апублікаваў відэа допыту Дзмітрыя Дубоўскага, дзе ён прызнаецца ў здзяйсненні падпалаў.
Пазней у лісце да сястры з «амерыканкі» ён даў гэтаму тлумачэнні. Дзмітрый напісаў, што нягледзячы на яго адмаўленне ад здымкі, першы допыт быў праведзены пад камеру, як і следчы эксперымент.
«У іншай бы краіне гэта б да суда нікуды на ТБ не выйшла, але ў нас “асаблівая” краіна. Тым не менш, такі хуткі ўкід у эфір навіны аб нашым затрыманні згуляў і нам на руку. На волі ўсе змаглі даведацца пра нас і прыняць меры, пачаць кампанію салідарнасці».
Дзмітрый Дубоўскі пісаў сястры, што сапраўды на відэа даў прызнальныя паказанні, каментаваў матывы і прычыны, якія падштрурхнулі на гэта.
«Так было абмоўлена ўсімі намі, што ў выпадку затрымання прызнаемся ў выкананых дзеяннях і ў сваім удзеле ў супраціве! […] Ды і наогул, як паказвае практыка ў падобных справах, нават калі ты не прызнаеш і адмаўляеш відавочныя моманты і факты, цябе ўсё роўна асудзяць. Тут, як кажуць, лепш за ўсё не трапляцца, а калі ўжо трапіўся, то набярыся адвагі заяві пра свой выбар і ўчынак. Лепш упісацца ў гісторыю як змагар з сістэмай, чым як нявінная ахвяра».
Як тлумачыў Дзмітрый Дубоўскі, яны з Аліневічам, Раманавым і Разановічам пазначылі сябе як група анархістаў з розных гарадоў, якія вырашылі прыняць удзел у супраціве народа супраць непрызнанай і акупацыйнай улады. Акрамя элементарнай салідарнасці і спагады з народам, у кожнага з іх былі і свае прычыны для гэтага кроку.

«Сястрычка, што б я без цябе рабіў?»

Юлія Дубоўская распавядае, што яны з братам у дзяцінстве ніколі не былі блізкімі.
— Звычайная сям’я, не магу сказаць, што мы моцна сябравалі. Але гэты год вельмі моцна нас з’яднаў — аказваецца, мы на адным баку. Цяпер ён мне піша: «Сястрычка, што б я без цябе рабіў?»

dzmitryj_dubouski__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas13_logo.jpg


Пра погляды брата Юлія таксама мала ведала. Неяк ён распавядаў, як з таварышамі раздаваў адзенне для бяздомных, і іх пераследавалі міліцыянты. Тады яшчэ Юлія здзівілася: як можна пераследаваць за дабрачыннасць?
Пасля падзей 2010 года Дзмітрый разам з паплечнікам Ігарам Аліневічам з’ехаў з Беларусі. Пазней Ігара ў Маскве захапілі беларускія сілавікі і вярнулі ў Беларусь, дзе анархіста асудзілі на 8 гадоў за кінуты на тэрыторыю Расійскай амбасады ў Мінску «кактэйль Молатава». Дзмітрыю ўдалося ўцячы. 10 гадоў ён правёў у эміграцыі, шмат вандраваў. Родныя не ведалі, дзе ён і не мелі магчымасці стасавацца з ім. Пазней у лістах да сястры Дзмітрый пісаў, што за час вандраванняў рабіў нататкі, паводле якіх плануе напісаць кнігу.
«Мая адаптацыя праходзіла ў цяжкіх і часам зневажальных умовах чужыны, раз-пораз пакідаючых мяне сам-насам з той бездапаможнасцю, у якой часам аказваюцца нязручныя для дзяржавы людзі (бездапаможнасць людзей часта абумоўлена няздольнасцю дзяржаўнага апарату выконваць правы гэтых людзей, бо ўсе правы на годнае жыццё дзяржава разгрупавала ўнутры свайго ўрада). Вырашаць пастаўленыя мною задачы стала яшчэ складаней пасля афіцыйнага абвяшчэння мяне ў вышук, з-за чаго першы год майго знаходжання ў Расіі быў зведзены толькі да фізічнага выжывання ў сукупнасці з рознага роду непрыемнымі нечаканасцямі, складанасцямі ды іншымі сюрпрызамі», — пісаў у дзённіку Дзмітрый у 2012 годзе.

Пра затрыманне даведаліся з тэлесюжэта

dzmitryj_dubouski__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas12_logo.jpg


Калі Дзмітрыя затрымалі, родным пра гэта не паведамілі, хаця ён прасіў, каб патэлефанавалі сястры. Ніхто гэтага не зрабіў. Для Юліі затрыманне брата стала вельмі нечаканым, яна думала, што ён не ў Беларусі, таму была спакойная.
— Мне патэлефанавала стрыечная сястра і спытала: «Ты БТ глядзела?» Я кажу, што тэлевізар з 18 гадоў не гляджу, у мяне яго нават няма. «Там Дзіму паказваюць».
Ужо згаданае відэа АНТ Юлія знайшла ў інтэрнэце. Паглядзеўшы, увайшла ў ступар.
— Я вельмі спакойная, я і цяпер спакойная. Я не плачу, бо я ўпэўненая, што ён увесь свой тэрмін сядзець не будзе, усё гэта абавязкова скончыцца, — гаворыць сястра вязня.
Толькі праз месяц з сям'ёй звязаўся следчы з Салігорска для дачы паказанняў.
Па словах Юліі, брат сам у шоку ад таго, што яго абвінавачваюць у тэрарызме, бо ніхто не планаваў ніякіх ахвяр. Дый 10 гадоў таму падобныя дзеянні трактавалі не як «тэрарызм», а як «хуліганства».
Затрыманне яго і паплечнікаў было жорсткім. «Скажу нават так, што думалася, калі везлі ў Мінск, што мы сюды не даедзем і дзе-небудзь у Прыпяці, у самой рацэ, застанемся. Добра, чаго ўжо тут. Можа, калі-небудзь пра гэта атрымаецца напісаць кнігу і расказаць ужо напрамую. Пакуль, вось, сяджу тут, чапляюся за дзённае святло ў вакенцы, пішу табе ліст. Трэба і праз гэта прайсці», — пісаў Дзмітрый сястры.
Па справе Дзмітрыя родным амаль нічога не вядома, адзінае, што адбываецца — гэта працягванне тэрміну ўтрымання пад вартай. Пакуль — да 29 жніўня.

Кожны ліст — гэта ўсмешка

Лісты вязню даходзяць толькі ад маці і сястры. За ўсе 9 месяцаў знаходжання ў СІЗА КДБ ад іншых людзей на святы прабілася ўсяго 4 ліста, хаця яму пішуць сотні. Юлія ад брата атрымала 36 лістоў, пры гэтым недзе згубілася тры і яшчэ адзін фрагмент.
— Па настроі ён увогуле малайчына. Ён не шкадуе, усё ўсведамляе, гатовы да тэрмінаў. У адным з лістоў напісаў, каб мы не перажывалі, не плакалі, а ўявілі, што ён выправіўся ў чарговую вандроўку. Але ён верыць, што ўсё будзе добра.

dzmitryj_dubouski__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas6_logo.jpg


Юлія ў кожным лісце піша пра гэта брату. Маці перажывае зняволенне сына больш востра, увесь час плача, нават калі будзе суд — не паедзе, хоць не бачыла сына 10 гадоў. Іншыя сваякі адасобіліся. Таму Юлія ўвесь клопат па дапамозе брату ўзяла на сябе. Яна стасуецца з адвакатам, піша лісты, збірае і носіць перадачы.
— Часам я думаю: ну, які ён тэрарыст? У перадачах просіць перадаваць яму выпечку, таму я ўвесь час нешта пяку, перадаю яму пірагі, шарлоткі, запяканкі, бліны. Аднойчы папрасіў дранікі, але іх перадаваць нельга. Высылала яму вельмі шмат фатаграфій з месцаў, дзе ён быў, ён усе Карпаты абыйшоў.

Дзмітрый Дубоўскі, фота з адкрытых крыніц

Дзмітрый Дубоўскі, фота з адкрытых крыніц


Кожны братаў ліст — гэта ўсмешка, зазначае Юлія. Яна гаворыць, што толькі аднойчы атрымала ад яго сумнае паведамленне, калі ён хварэў на каронавірус і ляжаў пад кропельніцай. Гэта было, калі Дзмітрый узімку знаходзіўся ў Навінках падчас экспертызы. Тады ж у яго выявіліся праблемы з ныркамі, і ў зняволенні ён займеў дыягназ «хранічны піеланефрыт». Апроч таго ў Дзмітрыя вельмі моцна стаў падаць зрок. Але бадзёрасці духу вязень не губляе.


«Што тут сказаць: нішто не можа быць сталым, усё аднойчы памяняецца і вернецца на свае месцы. Будзе ў нас яшчэ воля... Ёсць такі выраз: “Калі ёсць воля, значыць, ёсць і шлях”. [...] Нічога, паспрабую выстаяць і прайсці гэтыя выпрабаванні не горш за іншых!.. Але трэба старацца прайсці і гэты адрэзак шляху без лішніх сентыментальнасцяў і пакут душы. Будзьце і вы моцнымі, мае родныя і дарагія!!! Я веру ў вашы сілы і вашу стойкасць, верце і вы ў мяне!Усё наладзіцца, утрасецца», — піша родным Дзмітрый Дубоўскі.

dzmitryj_dubouski__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas2_logo.jpg


— Ён піша, што жыццё ў турме не заканчваецца, ён пройдзе гэты шлях і выйдзе. Я ганаруся братам, для мяне ён не тэрарыст, а герой, — зазначае Юлія.
Да яе прабіўся братаў ліст, дзе ён апісвае ўмовы і побыт у камеры. Вязень распавёў, што там стаіць сапраўднае пекла, і калі іх двойчы на дзень выводзяць у прыбіральню — гэта сапраўдная радасць, бо можна падыхаць паветрам.

dzmitryj_dubouski__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas4_logo.jpg


Як можна падтрымаць вязня ў СІЗА КДБ?

dzmitryj_dubouski__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas8_logo.jpg


Лісты ў «амерыканку» даходзяць кепска, але гэта не значыць, што не трэба іх пісаць. Бывае, да святаў што-нішто прабіваецца.
Значнай формай падтрымкі застаюцца перадачы і пасылкі. Мы папрасілі Юлію Дубоўскую распавесці, як робяцца перадачы ў СІЗА КДБ. Паводле яе, правілы такія:
1. Перадачы зняволенаму можна прыносіць два разы на месяц, і рабіць гэта могуць толькі сваякі. Выключэнне могуць зрабіць толькі ў тым выпадку, калі сам вязень напіша заяву аб тым, каб перадачы яму мог перадаваць іншы чалавек.
2. У месяц можна перадаваць 30 кілаграм. Але нельга прынесці ў першы раз 5 кілаграм, а ў наступны — 25. Таму лепш за ўсё перадаваць двойчы па 15 кілаграм. Па прадуктах набор досыць абмежаваны: з хатняй ежы Юлія перадае толькі выпечку, а з садавіны дазволена перадаваць толькі яблыкі, грушы і лімоны. Можна перадаваць гародніну. Катлеты і адбіўныя, як і малочную прадукцыю, не прымуць, затое можна перадаць вяндліну ці запечанае мяса. Калі была спёка, сястра прыносіла Дзмітрыю замарожаную ваду ў бутэльцы — гэта вельмі ратавала. Але варта ўлічваць, што вада таксама ўваходзіць у ліміт перадач па вазе.
3. Медыкаменты звычайна бяруць усе, але ці перададуць іх зняволенаму, вызначыць урач.
4. Дадаткова можна высылаць вязням пасылкі, іх вага не ўваходзіць у штомесячныя 30 кілаграм перадач. Напрыклад, Юлія высылае пасылкі брату прыкладна двойчы на месяц. Закон не забараняе адпраўляць у СІЗА КДБ пасылкі не сваякам, але прапускаюць далёка не ўсе з іх. Таксама няма логікі ў тым, як вырашаюць прымаць ці не тыя ці іншыя рэчы. Так, Дзмітрыю спрабавалі адпраўляць васковыя крэйды і фламастары — іх не прапусцілі. Але прапусцілі нататнік.
5. Цяпер вельмі актуальныя такія рэчы, як вентылятар. Каб яго перадалі, вязень мусіць напісаць заяву, гэтаксама і з перадачай тэлевізара ці машынкі для стрыжкі валасоў. Але прымуць ці не — гэта таксама невядома.
Юлія ўзгадвае нядаўні выпадак, калі прынесла брату перадачу. Тады адбылася аблава на tut.by, і ля СІЗА ўтварылася досыць вялікая чарга.
— Тут пад’язджае бус, з яго выходзяць амапаўцы і запытваюцца, чаму мы тут сабраліся, чаму нас так шмат. Потым амапавец сказаў, што на нас паскардзіліся супрацоўнікі КДБ.
Яшчэ раней, у лютым, затрыманым па «тэрарыстычным» артыкуле забаранілі адпраўляць грашовыя пераводы. Цяпер зрабіць гэтага не могуць нават родныя. Але, гаворыць Юлія, грошы там траціць асабліва няма на што. Збірае перадачы і падпіску на газеты афармляе яна сама. Адзінае, на што ішлі грошы, — гэта кнігі. Цяпер Дзмітрый не можа іх сабе набываць.
29 ліпеня Дзмітрыю Дубоўскаму споўнілася 35 гадоў. Да дня народзінаў Юлія перадала брату пажаданне: каб ён верыў, што ўсё гэта скончыцца, быў моцным і памятаў, што родныя яго чакаюць і ганарацца ім.
— Калі ён выйдзе, я абдыму яго, расцалую, і тады ўжо, напэўна, буду плакаць. А Дзіма пісаў, што знойдзе ўсіх людзей, якія яго падтрымліваюць, збярэ іх разам на прыродзе і абавязкова ўсім аддзячыць.
Затрыманыя анархісты Дзмітрый Дубоўскі, Ігар Аліневіч, Дзмітрый Разановіч і Сяргей Раманаў не прызнаныя палітвязнямі. Вы можаце дасылаць ім лісты падтрымкі і паштоўкі на адрас: Галоўпаштамт, а\с 8, Мінск 220050.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева. На фота: Юлія Дубоўская, а таксама малюнкі Дзмітрыя Дубоўскага з СІЗА КДБ.