Загінуў журналіст і паэт Юры Гумянюк
Ніна Баршчэўская не жадае верыць у самагубства Юрыя Гумянюка. Кіраўніку беларускай службы Польскага радыё цяжка ўявіць, што іх супрацоўнік мог самастойна пайсці з жыцця. Паводле Ніны Баршчэўскай ні яна, ні яе падначаленыя не заўважалі ў іх калегі падобных схільнасцяў.
— Юрый меў аптымістычны настроі, жадаў працаваць, — кажа Ніна Баршчэўская. Сярод дзвюх афіцыйных версій прычынаў трагічнага выпадку, для сябе яна выдзяляе адну: — Існуюць дзве версіі. Адна з іх, што гэта самагубства, другая, што гэта забойства. Цяжка ў такой сітуацыі весці нейкія спекуляцыі, не ведаючы нічога дакладна. Але з размоваў з калегамі ці знаёмымі Юрыя Гумянюка вынікае, што ён апошнімі днямі быў поўны аптымізму і жадання жыць, працаваць. І таму тое, што здарылася цяжка патлумачыць самагубствам.
Юрый Гумянюк загінуў увечары 19 студзеня. Ён выпаў з 9-га паверху інтэрнату непадалёк ад дому ля прыватнага сектара, дзе жыў з маці-пенсіянеркай. Жывым апошні раз яна бачыла сына за некалькі хвілінаў да трагедыі. Пасля сустрэчы з сябрамі, Юрый пакінуў маці ў аптэцы, якая знаходзіцца побач з інтэрнатам. Юрыю Гумянюку было 43 гады.
* * *
Данута Бічэль назвала творчасць Юрася Гумянюка «асаблівай старонкай у нашай літаратуры і культуры». «Ён пісаў па-беларуску, але быў паэтам польскага накірунку. Юрась у Гародні быў выключным чалавекам. Ён выгадаваўся на польскай культуры і гэта адчувалася», — сказала нашаму радыё Данута Бічэль.
— Шкада, канешне, і мне таксама дрэнна з гэтай прычыны. Таму што ведала хлопца з юнацтва. Рос на маіх вачах. Тут недалёка мы жывём адзін ад аднаго, па-суседску жылі. Мне таксама яго мама пазваніла. Мы прыкладна з ёю равеснікі. І ў мяне сын ёсць. І я ўяўляю як ёй цяпер. Трэба жыць... Я не ведаю, як пазбегнуць такой страшнай сітуацыі, каб сыноў не хаваць.
* * *
— Пайшоў з жыцця таленавіты літаратар, — сказаў Андрэй Хадановіч. Кіраўнік ПЭН-цэнтра быў узрушаны навіной з Гародні, дзе трагічна загінуў Юры Гумянюк.
— Яго вобраз асацыяваўся з жыццём, жыцялюбствам, з аптымізмам, — працягнуў Андрэй Хадановіч, — мне ён бачыцца асобай светлай... Я, дазнаўшыся пра Юрыя, адразу згадаў яго верш і тэкст вядомай песні з назвай «Ёкагама»:
Зноў мроiцца мне Ёкагама,
гатэлi з мэталу i шкла.
Там вочы сьвiдруе рэкляма,
цалуе санлiвая ймгла.
Там процьма людзей, самаходаў
i супэрсучасны дызайн.
Свабода! Свабода! Свабода!
А тут — беларускi камбайн.
43-гадовы Юры Гумянюк жыў экстравагантным, багемным жыццём. Ён пісаў вершы ў спецыфічнай дэкадэнцкай манеры. Яго захапляла стылістыка і эстэтыка міжваеннага часу. Гумянюк быў яркім аўтарам з групы гарадзенскіх мадэрністаў 90-х. На 90-я прыпаў і пік яго творчай актыўнасці.
* * *
Трагічна загінуў Юры Гумянюк, журналіст, паэт, сябра беларускага ПЭН-цэнтра. Маці Крысціне Гумянюк, з якой жыў Юры, паведаміла міліцыя, што той выпаў з дзявятага паверха па вуліцы Сухамбаева, што ў Гародні. Ці была смерць самагубствам, ці забойствам, вырашыць следства.
Крысціна Гумянюк кажа, што сын меў шмат планаў, рыхтаваў кніжку паэзіі для дзяцей.
— Як маці я так перажываю, мацярынскае сэрца так плача па сыну. Ён быў выдатны, добры чалавек. І да людзей добра ставіўся, і да ўсяго. Ён быў вельмі добры чалавек. Што насамрэч адбылося, я не ведаю. Ён збіраўся вяртацца ў літаратуру. Ён мне нават сказаў, што буду пісаць кнігі для дзяцей. І буду пісаць ад душы.
Апошні час Юры Гумянюк працаваў як радыёжурналіст, асвятляў розныя тэмы гарадзенскага жыцця.
* * *
У суботу прыйшла трагічная вестка — пайшоў з жыцця гарадзенскі паэт і журналіст Юры Гумянюк. Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку журналіст Андрэй Пачобут.
Паводле інфармацыі Андрэя Пачобута, Юры Гумянюк упаў з 9-га паверха.
Юрый Гумянюк нарадзіўся ў 1969 годзе ў Гародні. Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, аддзяленне паланістыкі. Сябар Таварыства вольных літаратараў, Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Аўтар кніг паэзіі: «Водар цела» (1992), «Твар Тутанхамона» (1994), «Рытуал» (1999), «Вуліца тыгровых архідэяў. Вершы 1987—2003» (2003).
Працаваў загадчыкам літаратурнай часткі Гарадзенскага тэатра лялек, карэспандэнтам газеты «Пагоня», друкаваўся ў беластоцкім штомесячніку «Czasopis». Апошнія гады займаўся радыёжурналістыкай, супрацоўнічаў з нашым радыё.