Загадчыкі юрыдычнымі кансультацыямі будуць адсочваць сацсеткі адвакатаў і даваць ім указанні
Указанні загадчыкаў юрыдычнымі кансультацыямі цяпер будуць абавязковымі для адвакатаў. Гэта прапісана ў адпаведнай пастанове Мінюста, якая ўступае ў сілу адразу пасля апублікавання.
Таксама загадчык юрыдычнай кансультацыяй будзе вызначаць парадак
паведамлення адвакатамі аб сваім месцазнаходжанні ў межах рэжыму працы
юрыдычнай кансультацыі і графіка дзяжурстваў.
Акрамя гэтага, загадчык будзе кантраляваць захаванне адвакатамі
правілаў «прафесійнай этыкі» пры распаўсюдзе інфармацыі (у тым ліку з дапамогай
каментароў, ацэнак) у сродках масавай інфармацыі, інтэрнэце, вядзенні сацсетак.
У дадатак загадчыка будзе даводзіць да ведама
адвакатаў інфармацыю аб выяўленых недахопах у іх працы, забяспечваць ліквідацыю
гэтых недахопаў і выпрацоўваць адзіныя падыходы да арганізацыі адвакацкай
дзейнасці.
Нагадаем, летась у Беларусі быў зменены закон аб
адвакацкай дзейнасці. Адвакаты пазбавіліся права працаваць індывідуальна і ў
складзе адвакацкіх бюро. Цяпер яны могуць працаваць толькі праз юрыдычныя
кансультацыі.
Шэраг адвакатаў, якія абаранялі ў судах палітвязняў, пазбавілі ліцэнзій.
Усё гэта было зроблена паводле патрабавання Лукашэнкі, які загадаў: «Адвакатура павінна быць пад кантролем».