За жнівень па «пратэсных» крымінальных справах асудзілі не менш за 136 чалавек. Сярод лідараў зноў Брэсцкая вобласць
Праваабаронцы працягваюць весці маніторынг пратэсных крымінальных спраў. Выйшла чарговая статыстыка за жнівень.
Колькасць палітычных зняволеных працягвае павялічвацца: у жніўні палітвязнямі былі прызнаны 49 чалавек. Па стане на 1 верасня колькасць палітвязняў, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях, у папраўчых установах адкрытага тыпу, якія змяшчаюцца ў СІЗА і пад хатнім арыштам, складае 653 чалавекі. З іх 511 чалавек ужо асуджаны на розныя тэрміны пакарання, у адносінах да 30 чалавек ідзе судовы разгляд, яшчэ 112 палітвязняў чакаюць суду, піша «Наша Ніва».
Вядома пра не менш як 136 асуджаных па «пратэсных» крымінальных справах у апошнім летнім месяцы. З іх 22,06% складаюць жанчыны, 77,94% — мужчыны.
Геаграфія прысудаў па «пратэсных» крымінальных справах у жніўні выглядае наступным чынам:
- Мінск — 25 чалавек;
- Брэсцкая вобласць — 58 чалавек;
- Гродзенская вобласць — 10 чалавек;
- Мінская вобласць — 10 чалавек;
- Магілёўская вобласць — 11 чалавек;
- Гомельская вобласць — 17 чалавек;
- Віцебская вобласць — 5 чалавек.
Сумарна за жнівень па палітычна матываваных крымінальных справах суды вынеслі:
- 120 гадоў і 1 месяц зняволення для 43 чалавек;
- 85 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») для 39 чалавек;
- 93 гады абмежавання вол без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») для 47 чалавек;
- 3 месяцы арышту для 1 чалавека;
- 3 гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі для 1 непаўналетняга;
- 120 гадзін грамадскіх работ для 1 чалавека;
- 480 базавых велічынь штрафу для 4 чалавек;
- 2300 базавых велічынь штрафу як дадатковае пакаранне для 2 чалавек.