У Гомелі за «абразу прэзідэнта» і «заклікі да гвалту» асудзілі глуханямога

У Гомелі асудзілі на два гады на закрытым працэсе 30-гадовага Дзмітрыя Заломскага. Ён інвалід па слыху, глуханямы. Яго ўзялі пад варту ў залі суду і забралі слыхавы апарат.

2b5fe84a_973e_46d3_b57a_201af6a67cd1_w1023_r1_s_1.jpg


Генеральная пракуратура паведаміла, што 30-гадовага жыхара Гомеля судзілі за «абразу кіраўніка дзяржавы, прадстаўніка ўлады і пагрозу гвалтам у дачыненні да суддзі». Пракуратура не паведаміла, што асуджаны — глуханямы, піша Радыё Свабода.

Дзмітрый працаваў наладчыкам на прадпрыемстве «ВІПРА». Гэта адзінае прадпрыемства ў Гомелі, якое дае працу людзям з парушэннем слыху. З лютага ў Дзмітрыя былі ператрусы, у яго забралі кампутар і тэлефон. Суд быў закрытым, таму нават сваякі не маглі прысутнічаць на працэсе.

«Дзіма чуе вельмі дрэнна нават з апаратам. Суду далі станоўчыя характарыстыкі і хадайніцтвы, каб далі максімум “хімію” і ён адпрацоўваў яе на заводзе. Вядома, самая галоўная праблема, што ён будзе ў калоніі, бо слыхавы апарат у яго забралі», — кажуць сваякі асуджанага.

Родныя не ведаюць, што менавіта Дзмітрый пісаў у чатах, бо мець зносіны з чалавекам, які слаба чуе, складана. Мяркуючы па ўсім, на хлопца выйшлі, калі праводзілі ператрусы ў работнікаў прадпрыемства «ВІПРА» — праз тое, што ў людзей з праблемамі слыху таксама быў свой невялікі закрыты чат. Ператрусы і затрыманні адбываліся ў траўні 2021 году. Людзі былі вельмі напалоханыя, выдалілі ў тэлефонах Telegram і іншыя мэсэнджары.

У пракуратуры заявілі, што Дзмітрый «з дапамогай асабістага кампутара і іншых прылад на адным з telegram-каналаў размясціў фотавыяву кіраўніка дзяржавы, якая змяшчае яго негатыўную ацэнку». «У працяг супрацьпраўных дзеянняў у кастрычніку 2020 году апублікаваў у telegram-канале паведамленне з абразай прадстаўніка ўлады, а ў лютым 2021 году — паведамленне з заклікам да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да намесніка старшыні суду аднаго з раёнаў Мінска».

Па словах знаёмых, Дзмітрыя ўзялі пад варту ў залі суду пасля абвяшчэння прысуду. Для Дзьмітрыя рэальнае зняволенне было нечаканасцю. Знаёмыя кажуць, што ён будзе адбываць пакаранне без слыхавога апарату.

Людзі з праблемамі слыху ў Гомелі летась зазналі рэпрэсіі. На адной з акцый летам 2020 году, яшчэ да выбараў, АМАП гвалтоўна затрымаў глуханямых братоў Віталя і Андрэя Больбухаў. Пасля розгаласу пра гэты выпадак, які трапіў на шматлікія відэа, былы міністр унутраных спраў Юры Караеў загадаў міліцыі выбачыцца перад імі. Прасіць прабачэння прыязджаў начальнік гомельскага УУС Анатоль Васільеў.

У верасні 2020 году суд Чыгуначнага раёну Гомеля апраўдаў 23-гадовага Аляксандра, інваліда па слыху. Па версіі міліцыі, ён «актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, гучна выкрыкваў лозунгі» — крычаў «Жыве Беларусь!». Суд палічыў віну Аляксандра недаказанай. Маладога чалавека затрымаў і пабіў АМАП яшчэ 12 жніўня.

«Саша сядзеў на прыпынку, чакаў аўтобуса. Прыехаў аўтобус, і разам з ім — аўтазак. Саша ўжо ўваходзіў у аўтобус, як яго адтуль выхапілі амапаўцы і пацягнулі ў аўтазак. Ён паказваў на слыхавы апарат, што не чуе, спрабаваў нешта хоць патлумачыць, але яго пачалі біць — па нагах, па лбе... Потым былі сінякі, і на спіне таксама», — расказвала Свабодзе летась маці Аляксандра.