«Яны ў шоку і моцна перапалоханыя». Міліцыя выявіла «экстрэмістаў» сярод глуханямых
Гомельскія глуханямыя працуюць на прадпрыемстве таварыства глухіх «Віпра». Туды прыйшла міліцыя, бо выявіла, што глуханямыя маюць сваю суполку ў Telegram, піша «Радыё Свабода».
Афіцыйна не паведамлялася пра «разборкі» з інвалідамі па слыху. «Свабода» даведалася, што здарылася.
Міліцыя апытвала супрацоўнікаў унітарнага прадпрыемства «Віпра» Беларускага таварыства глухіх і выносіла папярэджанні 5 траўня. Пасля гэтага многія глуханямыя выдалілі на тэлефонах Telegram.
«У нас была ў Telegram свая суполка. І там нехта з глуханямых груба выказваўся пра Лукашэнку. Гэта ўбачыла міліцыя, і да нас прыйшлі. Я быў проста ў шоку! Нас усіх апытвалі. Цяпер я не чытаю яе, там шмат паведамленняў было, я і раней не ўсе чытаў», — патлумачыў «Свабодзе» адзін з супрацоўнікаў «Віпры» на ўмовах ананімнасці.
Другі глуханямы катэгарычна адмовіўся ад каментароў. Сяброўка інвалідаў па слыху патлумачыла «Свабодзе», што пасля затрымання міліцыяй яе прыяцелі «проста ў шокавым стане, яны страшна напалоханыя».
«Глуханямыя маюць свае асаблівасці развіцця. Яны ж не чуюць, могуць толькі чытаць. Большасць глуханямых не могуць атрымаць нармальную адукацыю праз свае асаблівасці, газет яны чытаюць мала, беларуская тэлевізія не мае аніводнага выпуску навін з сурдаперакладам. Ніякіх перадач для глухіх на тэлевізіі няма. Дзе і як ім атрымліваць інфармацыю? Чыталі, відаць,Telegram. Цяпер страшна баяцца за наступствы», — патлумачыла жыхарка Гомеля.
У прыёмнай «Віпры» сказалі, што на прадпрыемства сапраўды прыходзілі сілавікі. Там зазначылі, што «гэта не здзівіла, цяпер жа такое па ўсёй краіне».
Перакладчыкі з прадпрыемства сказалі, што не могуць выдаваць ніякай інфармацыі. Яны запэўнілі, што міліцыя проста праверыла тэлефоны ў глуханямых, апытала іх і папярэдзіла, але нікога не затрымлівала.
Улетку 2020 года ў Гомелі груба затрымалі дваіх глуханямых. За гэты інцыдэнт начальнік абласной міліцыі асабіста прасіў у іх прабачэння.
Прадпрыемства «Віпра» Беларускага таварыства глухіх займаецца вытворчасцю запорнай арматуры для вады і газу, кранамі для матацыклаў, вырабамі для аўтамабіляў «МАЗ». Цяпер сацыяльна значнае прадпрыемства знаходзіцца ў стане санацыі.
Па стане на 2018 год на прадпрыемстве працавалі каля 350 чалавек, з якіх 216 — інваліды па слыху. Гэта адзінае прадпрыемства ў Гомелі, дзе глуханямыя могуць атрымаць працу.