За тое, што ўзяў грошы на штраф жонцы, — новы штраф і спагнанне
Мінчука аштрафавалі за тое, што атрымліваў грашовыя пераводы ад фонда «Страна для жизни» на аплату штрафу, — і спагналі з яго тыя 900 еўра ў бюджэт як «прадмет адміністрацыйнага правапарушэння».
У канцы чэрвеня ў Мінску супрацоўнікі КДБ затрымалі мужа і жонку. Пасля допытаў іх адпусцілі, але на мужа склалі пратакол па ч. 6 арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, якое суправаджаецца выплатай узнагароды за ўдзел у масавым мерапрыемстве», паведамляюць праваабаронцы.
Згодна з пратаколам, мужчына «для атрымання фінансавай дапамогі з мэтай пакрыцця выдаткаў, абумоўленых прыцягненнем яго жонкі да адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, адкрыў рахунак у банку Рaysera, на які фондам «Страна для жизни» былі пералічаны грашовыя сродкі ў памеры агулам 900 еўра, і выкарыстаў атрыманыя грошы для пакрыцця выдаткаў, панесеных у сувязі з аплатай штрафаў, накладзеных на ягоную жонку на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП».
Вядома, што жанчыну двойчы затрымлівалі на акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Суд над мужчынам адбыўся 4 ліпеня. На працэсе мужчына цалкам прызнаў сваю віну. Суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль, паводле судовай пастановы, прызнала мужчыну вінаватым па ч. 7 арт. 24.23 КаАП, — пры гэтым артыкул прадугледжвае толькі шэсць частак. У выніку мінчука пакаралі штрафам у памеры 480 рублёў (15 базавых велічыняў). Акрамя гэтага, суд пастанавіў на падставе п. 1 ч. 2 арт. 6.10 КаАП спагнаць ва ўласнасць дзяржавы кошт «прадмета адміністрацыйнага правапарушэння» — 2 396 рублёў і 7 капеек ці 900 еўра.
Фонд «Страна для жизни» быў створаны для дапамогі пацярпелым пасля пратэстаў пасля выбараў 2020 года, калі Беларусь агарнулі нечуваныя раней маштабныя рэпрэсіі. Фонд дапамагае зняволеным ды іх сем’ям, тым, хто страціў працу з-за грамадзянскай пазіцыі і тым, хто мусіў пакінуць краіну. Паводле справаздачы фонду, толькі за год 216 747 еўра дапамогі было выплачана сем'ям палітвязняў, а 87 751 еўра — пераведзена беларускім валанцёрам і актывістам.