З трыумфам, можа, і не склалася, але затое з дыпламатычным прарывам добра атрымалася

У малодшага саюзніка ўсё ж такі здарыўся адзін дыпламатычны прарыў. Сёй-той здолеў прарвацца ў машыну да старэйшага саюзніка, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

image101577141.jpg

З Арменіяй і Азербайджанам, аказваецца, усё пайшло па плане, а не так, як можа каму падумалася. Калі што думалі, дык дарма. Лепш не думаць. Таму што пакуль сёй-той быў адказным за калектыўную бяспеку, калектыўнай бяспецы «ў асноўным» удалося дасягнуць мэт, якія «былі намечаны беларускім бокам у лістападзе мінулага года».

Трошкі, вядома, бянтэжыць выраз «у асноўным». Гэта значыць, не ўсе — атрымліваецца — усё ж такі мэты былі дасягнуты? Нешта там беларускі бок Арменіі яшчэ запланаваў, акрамя спецыяльнай аперацыі ў Карабаху. Але вось неяк пакуль не атрымалася. І я нават трохі баюся сабе ўявіць, якія яшчэ мэты сёй-той перад сабой ставіў.

Арменія, мабыць, таксама баіцца сабе гэта ўявіць. І не тое што ўявіць. Нават чуць пра гэтыя мэты не хоча. Таму, ад граху падалей, прадстаўнікі Арменіі не паехалі ў Мінск на саміт калектыўнай бяспекі. Яно і правільна. Беражонага Бог беражэ. Прыедзеш вось так неасцярожна — а там усё як пойдзе па плане. Не факт, што паспееш з'ехаць.

Але сёй-той усё роўна, вядома, пакрыўдзіўся. Таму што сёй-той аддаў Арменіі лепшыя свае планы, а яна праявіла такую чорную няўдзячнасць — зрабіла яму дэмарш сярод белага дня.

Сёй-той гадоў дзесяць таму, праўда, і сам рабіў такі дэмарш Расіі. Але ж гэта была зусім іншая справа. 

У сяго-таго была для гэтага дэмаршу сур'ёзная прычына, а не гэтыя вось дзіцячыя крыўды. Расія тады не пускала да сябе беларускае малако, замахваючыся тым самым на нацыянальную бяспеку. А тут нехта на кагосьці напаў. Падумаеш. Вялікая справа, так? Гэта ж не падстава, каб псаваць чалавеку яго дыпламатычныя трыумфы. Таму што ў адсутнасць Арменіі нават у беларускага тэлевізара не атрымалася адлюстраваць трыумф досыць трыумфальна.

І аповеды пра гераічную барацьбу супраць NATO ніхто не ацаніў. Як ядзерныя ракеты свісталі літаральна над галавой. Сёй-той ім усю планету, разумееш, выратаваў, а яны крывяцца — бездапаможныя, нікчэмныя людцы.

v_odno_avto.jpg

Але адзін дыпламатычны прарыў усё ж такі здарыўся. Сёй-той здолеў прарвацца ў машыну да старэйшага саюзніка. Старэйшы саюзнік ад яго ўжо каторы месяц бегаў, але ў Мінску ўцячы не здолеў. Таму што сёй-той — дасведчаны дзяржаўны дзеяч сусветнага маштабу. З моцнай, суверэннай і незалежнай палітыкай. Не тое, што гэтыя еўрапейскія дачаснікі, сатэліты сусветнага гегемона.

Дачаснік бы так у пуцінскую машыну не прарваўся. Кішка ў яго тонкая. А сёй-той прарваўся. Яму нават у акно лезці не давялося. Вось проста праз дзверцы ўзяў і ўсеўся. Уяўляеш? І што? І ніхто яму нічога не зрабіў. Таму што сёй-той ведае, як трэба правільна рабіць дыпламатычныя прарывы.

І ў выніку гэтага дыпламатычнага прарыву сёй-той меў мінімум паўгадзіны, каб выкласці саюзніку свае пажаданні. Паўгадзіны — гэта, вядома, для ўсіх пажаданняў замала. Але, з іншага боку, калі загадзя аформіць свае пажаданні ў выглядзе каштарыса — дык можна і ўкласціся.

Карацей, усё было недарма. З трыумфам, можа, і не склалася, але затое з дыпламатычным прарывам усё атрымалася. А дыпламатычныя прарывы здараюцца нячаста з тых часоў, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.