Сур'ёзны крызіс у АКДБ: Чаму арганізацыя не развальваецца?
Пазыцыі Расеі слабеюць у многіх рэгіёнах — у Сярэдняй Азіі, на паўднёвым Каўказе. Аднак краіны АДКБ пакуль ня маюць пэўных стымулаў для радыкальных крокаў дзеля выхаду з гэтай структуры, лічыць палітоляг Андрэй Казакевіч.
Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч аналізуе на «Свабодзе» вынікі саміту АДКБ, лічыць, што гэтая структура ня можа стаць рэзка антызаходняй і адказвае на пытаньне, чаму АДКБ канчаткова не развальваецца.
— Плянавы саміт АДКБ, які прайшоў 23 лістапада ў Менску, як і чакалася, не прынёс ніякіх сэнсацыяў ды нават прыкметных рашэньняў. На што варта зьвярнуць увагу, што было самым цікавым і значным?
— Скандал з адсутнасьцю Армэніі можна лічыць самай істотнай падзеяй саміту — гэта было даволі нязвыкла. Можна канстатаваць, што АДКБ цяпер знаходзіцца ў самым сур’ёзным крызісе за час свайго існаваньня.
Першая прычына — гэта падзеі вакол Нагорнага Карабаху, калі АДКБ ніяк не падтрымала Армэнію. Па-другое, гэта вайна Расеі (пры падтрымцы Беларусі) з Украінай, што прывяло да канфлікту Расеі з Захадам, на фоне якога ўдзельнікам АДКБ (акрамя Беларусі) усё менш цікавым застаецца гэты фармат. Бо супрацоўніцтва з Расеяй напружвае Захад, можа мець нэгатыўныя эфэкты для краінаў АДКБ, таму пра пашырэньне супрацоўніцтва з Расеяй не ідзе размовы.
У выніку вайны з Украінай расейскі вайсковы патэнцыял адцягнуты на Ўкраіну, таму Масква ня можа аказваць нейкія істотную дапамогу краінам АДКБ. Патэнцыял Расеі ў гэтай сфэры значна зьнізіўся.
— А чаму гэтыя краіны ўвогуле ня могуць выйсьці з АДКБ? Ці яны баяцца Расеі, ці лічаць, што выхад з гэтай структуры прынясе ім больш праблемаў, чым выгодаў?
— Каб выйсьці, трэба мець нейкія канкрэтныя прычыны. Такая прычына ёсьць зараз у Армэніі. У іншых краінаў АДКБ няма ніякіх падставаў рабіць нейкія рэзкія захады.
Сярэднеазіяцкія краіны, акрамя АДКБ, уваходзяць у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, іншыя рэгіянальныя структуры, якія абменьваюцца з АДКБ нейкімі агульнымі праэктамі, разьвіваюць пэўнае супрацоўніцтва. Да таго ж існаваньне на працягу ўжо некалькіх дзесяцігодзьдзяў АДКБ у асобных кірунках, такіх як супрацоўніцтва паміж вайскова-прамысловымі комплексамі, гарантуе вырашэньне пэўных задачаў, зьвязаных з бясьпекай.
У АДКБ ёсьць комплекс праграмаў, якія больш-менш працуюць. Барацьба з наркатрафікам, з унутраным тэрарызмам, абмен тэхналёгіямі, досьведам, інфармацыяй у сфэры бясьпекі.
Таму можна сказаць, што нейкай вельмі сур’ёзнай ролі АДКБ выконваць ня будзе. Але гэта ня значыць, што яе ўдзельнікам няма ад сяброўства ў гэтай арганізацыі ніякай карысьці. Таксама паўстае пытаньне: а што можа замяніць АДКБ? Таму цалкам натуральна, што краіны пакуль ня маюць нейкіх стымулаў для радыкальных крокаў па выхадзе з гэтай структуры.
— Лукашэнка з Пуціным зноў не праводзілі сур’ёзных перамоваў, на гэта не знайшлося часу. Дзяржаўныя СМІ з захапленьнем паведамілі, што кіраўнікі селі ў адну машыну, на якой Пуцін паехаў у аэрапорт. Што гэта сьведчыць пра цяперашні стан беларуска-расейскіх адносінаў?
— Выглядае, што павісла пэўная паўза. Бо з пачатку вайны Расеі супраць Украіны была неабходнасьць у вельмі частых сустрэчах і кансультацыях, абмеркаваньні шырокага кола пытаньняў — ад прысутнасьці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі да праблемы санкцыяў, каардынацыі працы на замежнапалітычнай арэне і гэтак далей. Цяпер, магчыма, узьнікла пэўная паўза, бо няма ніякай асаблівай дынамікі як на ваенных, гэтак і на эканамічных франтах.
Па-другое, магчыма, уплывае стомленасьць Расеі ад вайны. Падаецца, што ў Расеі стала значна менш рэсурсаў рознага кшталту для нейкіх новых ініцыятываў. Пазыцыі Расеі слабеюць у многіх рэгіёнах — у Сярэдняй Азіі, на паўднёвым Каўказе. Думаю, што зьніжэньне інтэнсіўнасьці кантактаў паміж Менскам і Масквой зьвязанае з тым, што проста нейкіх новых шокаў зараз няма, і пры гэтым ёсьць чыньнік таго, што большая частка энэргіі Крамля накіроўваецца ў бок Украіны.
— Лукашэнка, выступаючы на саміце, традыцыйна выказаў некалькі антызаходніх тэзісаў, што не атрымала ніякага водгуку ў выніковых дакумэнтах ці заявах іншых прэзыдэнтаў. Ці можна меркаваць, што налета, калі старшынства пяройдзе да Казахстану, гэтай антызаходняй рыторыкі ў АДКБ будзе менш?
— Відавочна. Гэта былі толькі словы Лукашэнкі. Нельга сказаць, што АДКБ як арганізацыя займае антызаходнюю пазыцыю, дэманструе нэгатыўную ацэнку палітыкі ЗША і NATO. Гэтага няма. Бо гэта не адпавядае інтарэсам сярэднеазіяцкіх краінаў, а раней і Армэніі. Бо яны спрабуюць балянсаваць, падтрымліваюць і разьвіваюць актыўныя кантакты з заходнімі краінамі, у тым ліку ў пытаньнях бясьпекі, у тым ліку вакол сытуацыі ў Афганістане. Рынак Эўрапейскага зьвязу для іх дастаткова важны, асабліва для Казахстану.
Таму яны не зацікаўленыя псаваць адносіны з Захадам і несьці страты ад амбіцыяў Расеі. Магчыма, калі б Расея магла прапаноўваць нейкую моцную кампэнсацыю за прарасейскую пазыцыю (што мы бачым у выпадку Беларусі), то нейкая дыскусія магла б быць. Але такіх прапановаў ад Расеі няма і, відавочна, не чакаецца, бо ў Расеі не хапае для гэтага рэсурсаў.
Таму я б не прагназаваў ніякага антызаходняга ўхілу ў АДКБ. Хутчэй наадварот. Гэтая арганізацыя можа захавацца толькі ў тым выпадку, калі калектыўна будзе займаць неканфліктную пазыцыю. Калі АДКБ стане антызаходнім блёкам, то найперш пацярпяць тыя краіны, якія спрабуюць разьвіваць адносіны з Захадам. Таму гэты кірунак ня будзе разьвівацца.