Дамовіцца пра калектыўную бяспеку аказалася няпроста

За самітам АДКБ, які прайшоў учора ў Мінску, сачылі палітыкі, аглядальнікі і журналісты па ўсім свеце — ці мала да чаго могуць дагаварыцца Лукашэнка і Пуцін. Па выніку дагаварыліся толькі да таго, што і так было вядома.

Ілюстрацыйнае фота: RFE/RL

Ілюстрацыйнае фота: RFE/RL

Скандалам адзначыўся чарговы саміт АДКБ, які прайшоў у Мінску 23 лістапада.

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян не прысутнічаў на сесіі АДКБ, кіраўнік МЗС Арменіі таксама не прыехаў на форум. Больш за тое, Арменія адклікала з парадку дня просьбу аб аказанні дапамогі. Такім чынам Арменія выказала сваю незадаволенасць тым фактам, што саюзнікі па АДКБ не дапамаглі падчас вайны з Азербайджанам.

Адсутнасць прадстаўнікоў афіцыйнага Ерэвана паставіла ў цяжкае становішча астатніх удзельнікаў саміту, паколькі ўсе рашэнні прымаюцца кансэнсусам. Зрэшты, як паспяшаліся запэўніць чыноўнікі АДКБ, у Ерэване гатовыя падпісаць усе дакументы, прынятыя ў Мінску, — а такіх набралася 15 штук.

У прыватнасці, начальнікам Аб'яднанага штаба АДКБ прызначаны прадстаўнік Расіі генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў.

Што стаіць за дэмаршам Арменіі і ці варта чакаць развіцця канфлікту? Журналіст «BGmedia» пагаварыў з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Валерыем Карбалевічам.


Глядзіце таксама

— Адсутнасць прадстаўнікоў Арменіі азначае яе незадаволенасць пазіцыяй АДКБ у цэлым і Расіі ў прыватнасці ў пытанні ваеннага канфлікту Арменіі з Азербайджанам, у якім хаўруснікі не падтрымалі Арменію. Гэта выклікала сур'ёзную незадаволенасць у армянскім грамадстве, у армянскай эліце. І цяперашнія дзеянні кіраўніцтва Арменіі — дэмарш — павінны прадэманстраваць незадаволенасць такой пазіцыяй у першую чаргу Расіі.

— Удзельнікі саміту рабілі выгляд, што нічога надзвычайнага не адбылося. Ці насамрэч «атрад не заўважыў страты байца»?

— Страты байца, уласна, не адбылося: Арменія не ставіць пытанне аб выхадзе з АДКБ. І, як можна зразумець з выступаў чыноўнікаў, Арменія гатовая падпісаць прынятыя дакументы. Яна не збіраецца блакаваць працу гэтага аб'яднання, таму што для прыняцця рашэнняў патрэбны кансэнсус. Проста тая геапалітычная сітуацыя, у якой аказалася Арменія, не прадугледжвае радыкальных крокаў, яна вымушае праводзіць вельмі асцярожную палітыку.

— Ці будзе Арменія рабіць спробы дыверсіфікаваць сваю замежную палітыку? Стаўка на Расію і прарасійскія інтэграцыйныя аб'яднанні правалілася.

— Арменія ўжо робіць такія спробы: яна больш актыўна развівае кантакты з Захадам, да супрацоўніцтва больш актыўна падключаецца Францыя, што выклікала незадаволенасць Азербайджана. У Ерэване робяць пэўныя крокі. Так, гэта хутчэй спроба дыверсіфікаваць сваю знешнюю палітыку, чым намер выйсці з аднаго саюза і ўступіць у іншы. Сёння такі пераход наўрад ці магчымы.

— Як Расія можа адрэагаваць на дзеянні Арменіі?

— Расія дэманструе незадаволенасць, прычым публічную. Але пакуль далей за дэманстрацыю незадаволенасці справа не пойдзе. Не думаю, што Расія гатовая абвастраць адносіны з Арменіяй. Расія разумее, што Арменіі, уласна, дзявацца няма куды з акружэння, у якім яна знаходзіцца. Таму Расія дэманструе незадаволенасць — не больш за тое. Цяпер ёй не да Арменіі: яна моцна ўгразла ва ўкраінскім балоце. Сёння Маскве не да таго, каб без развязання ўкраінскай праблемы ствараць іншыя канфлікты на постсавецкай прасторы і штучна іх раздзімаць…


Глядзіце таксама

— Армянскі дэмарш атрымае свой працяг? Ці на гэтым у Ерэване супакояцца?

— Напрыканцы снежня, перад Новым годам, Пуцін склікае нефармальны саміт СНД у Санкт-Пецярбургу, паглядзім: ці прыедзе хто з Арменіі, ці не прыедзе. Мне складана рабіць прагноз.

— Лукашэнка ледзь не ў кожным публічным выступе прыводзіць усё новыя версіі, якія павінны растлумачыць размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Выступ на саміце АДКБ выключэннем не стаў. «Мы за такімі так званымі абарончымі манеўрамі (краін NATO) назіраем даўно. З таго моманту, як у 1996 годзе вывелі з Беларусі ядзерную зброю. Чым усё скончылася — пашырэннем NATO на ўсход, вучэбнай адпрацоўкай у 2016 годзе сцэнарыя нанясення ядзернага ўдару па Беларусі. Заўважце, з ініцыятывы адміністрацыі так званага лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Барака Абамы», — заявіў Лукашэнка. Пра што гэта ён?

— Мне складана меркаваць, пра што ён кажа. А тое, што ён апраўдваецца і апраўдвае з'яўленне ядзернай зброі ў Беларусі, гэта факт. Размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі негатыўна ўспрынятае ў Еўропе, і ён прыдумляе ўсё новыя і новыя прычыны, гаворыць пра пагрозы. Наогул выступленне Лукашэнкі на саміце АДКБ было вельмі агрэсіўным, занадта антызаходнім, мабыць, гэта адзінае настолькі агрэсіўнае выступленне. Нават Пуцін выказваўся досыць спакойна на адрас Захаду. А астатнія ўдзельнікі форуму наогул не заўважаныя ў антызаходніх выказваннях.


Глядзіце таксама

— Такая агрэсія гаворыць пра нешта? Ці мы назіраем працяг ранейшых трэндаў?

— Нічога новага не прагучала. Але нават прэзідэнт Казахстана Такаеў уступіў у палеміку з Лукашэнкам і падкрэсліў, што няма неабходнасці пастаянна гаварыць пра пагрозы, трэба карэктней падбіраць рыторыку. Агрэсіўнасць Лукашэнкі, як і адсутнасць Арменіі, гаворыць пра тое, што працэсу яднання ў рамках АДКБ не адбываецца, хутчэй, рознагалоссі калі не абвастраюцца, то захоўваюцца.