З гродзенскага сабора зніклі два абразы навамучанікаў
Пакроўскі кафедральны сабор у Гродне вядомы абразамі навамучанікаў, якія пацярпелі ў ХХ стагоддзі ад бальшавіцкага рэжыму. На іх святыя намаляваныя ў момант свайго пакутніцтва за Хрыста. А каты — чырвонаармейцы, чэкісты, супрацоўнікі НКУС — апранутыя ў пазнавальную форму.
Ідэю іканаграфічнага шэрагу прапанаваў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій (Кішчанка). Стварыў абразы іканапісец Антоній Дайнэка. Восем такіх абразоў размясцілі ў 2006 годзе ў цэнтральным нефе.
Гарадзенскія абразы заўсёды раздражнялі мясцовую ўладу і актывістаў-ябацек, самай вядомай з якіх стала «інфаказачка» Вольга Бондарава. Ад арцыбіскупа Арцемія (Кішчанка) патрабавалі іконы зняць — ён гэтыя патрабаванні ігнараваў. Адстаяць іконы для яго значыла адстаяць незалежнасць Царквы.
Цяпер з Гродна паступаюць звесткі, што 2 з 8 абразоў, самыя блізкія да алтара, зніклі, піша Хрысціянская візія. Гэта выявы свяшчэннамучанікаў Мітрапаліта Кіеўскага Уладзіміра (Богаяўленскага), якога расстралялі чырвонаармейцы на чале з камісарам пры сценах Кіева-Пячэрскай лаўры ў 1918 годзе, і Веніяміна, мітрапаліта Петраградскага, расстралянага ў 1922 годзе.
Афіцыйна ў Гродзенскай епархіі знікненне абразоў не каментавалі.
Нагадаем, кіраўнік Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы арцыбіскуп Арцемій (Кішчанка) у жніўні 2020 года асудзіў гвалт у дачыненні да мірных жыхароў Беларусі. «Кроў ахвяр і цяжкія пакуты людзей у гэтыя дні — на сумленні тых, хто свядома сам забіваў альбо прымушаў іншых забіваць праўду», — казаў ён. Архіепіскапа Арцемія 9 чэрвеня 2021 года гвалтоўна адправілі на пенсію, пазбавіўшы пасады кіраўніка Гродзенскай епархіі.
Арцемій цяжка хварэў. Ён пайшоў з жыцця ўначы з 21 на 22 красавіка 2023 года, за некалькі дзён да свайго 70-годдзя. Архіепіскам пакінуў паплечнікам ліст патрыярху Кірылу, папрасіўшы апублікаваць, «калі прыйдзе час». Архіепіскап Арцемій піша, што лічыць неабходным звярнуцца з тлумачэннем яго пазіцыі ў кантэксце падзей у грамадска-палітычным жыцці Беларусі апошняга часу. «НЧ» апублікаваў гэты ліст у перакладзе на беларускую мову на саракавіны архіепіскапа Арцемія.