З БДУ звальняюць прафесарку Наталлю Абрашыну-Жадаеву, якая запісала відэа ў падтрымку калегі

З БДУ хочуць звольніць прафесара кафедры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі, доктара фізіка-матэматычных навук Наталлю Абрашыну-Жадаеву. Аб гэтым выкладчыца распавяла на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

pbk_0372.jpg

У апублікаваным ёй скрыншоце гаворыцца, што ў прафкаме разгледзяць пытанне аб папярэдняй згодзе на яе звальненне.

274230152_4436015089837626_2076531153161586666_n.jpg

«Вось так мяне сёння апавясцілі, — напісала ў адказ Наталля Абрашына-Жадаева.—  Сказалі, што ў 10.30 магу азнаёміцца з паперамі пра мяне. А ў мяне была лекцыя, а цяпер іду на заняткі, але не пабягу ў галоўны корпус. Такой непавагі, думаецца, не заслужыла».

Раней прафесарка запісала відэа ў падтрымку дацэнта Максіма Шундалава, якога звольнілі з універсітэта.

Летась Наталля Абрашына-Жадаева трапляла пад увагу сілавых органаў. У прыватнасці, у яе прайшоў ператрус. Таксама паведамлялася, што з жанчынай гутарылі супрацоўнікі КДБ, наконт чаго — невядома (яна дала падпіску аб неразгалошванні). Па яе словах, яна праходзіла сведкай па 6-8 крымінальных артыкулах. У той дзень праходзілі ператрусы ў дэлегатаў платформы "Сход", людзей забіралі на допыты.