“Вясна” засталася без офісу
Раніцай 26 лістапада судовыя выканаўцы прыйшлі апячатваць офіс Праваабарончага цэнтру “Вясна". Гэтага ў кватэры, якую цягам дванаццаці гадоў займалі праваабаронцы, разам з імі чакалі дзясяткі журналістаў. А вось ніводзін з апазіцыйных партыйных лідараў падтрымаць праваабаронцаў не прыйшоў.
Офіс “Вясны" канфіскаваны ў адпаведнасці з рашэннем суда, які адбыўся 24 лістапада 2011 году над кіраўніком арганізацыі Алесем Бяляцкім. Яго прыгаварылі да чатырох з паловаю гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за быццам бы нявыплату падаткаў у асабліва буйным памеры. Справа ў тым, што на імя Алеся ў банках у Літве і ў Польшчы былі адкрытыя рахункі, на якія паступалі сродкі для дзейнасці “Вясны і на аказанне дапамогі людзям, што пацярпелі ад рэпрэсіяў з боку ўладаў па палітычных матывах. Суд палічыў, што гэтыя грошы сталіся асабістым даходам Бяляцкага, які не сплачваў з яго падаткі. Ніякія довады спонсараў, што грошы не належалі персанальна Алесю, судовыя органы не задаволілі. Цяпер маем тое, што маем.
Сябра Рады “Вясны" Таццяна Равяка ледзьве стрымлівае слёзы. “Нават на нейкім фізічным узроўні адчуваецца пералом, які чакае нас і які ўжо, у прынцыпе, наступіў. Гэта пераломны дзень, калі мы павінны пакінуць наша гняздо — як у Купалы, зараз ужо разбуранае. На ўзроўні розуму мы гэтага чакалі, гэта не было неспадзяванкай. Але ёсць яшчэ і эмацыйны ўзровень, калі ўсё ўнутры супраціўляецца таму, што гэта ўжо адбылося і што мы сюды больш ніколі не прыйдзем. За дванаццаць гадоў прывыкаеш не толькі да людзей, але прывыкаеш яшчэ і да месца, а гэтае месца было для нас як другі дом — роднае. Гэта было не толькі месца працы, але месца, дзе сустракаліся аднадумцы, калегі, сябры. Гэта момант разрыву мінулага і будучага", — кажа праваабаронца.
Раніцай у панядзелак адбылося пасяджэнне Рады “Вясны, якая прыняла заяву з нагоды канфіскацыі офіса арганізацыі. Гэтую заяву журналістам агучыў намеснік старшыні “Вясны" Валянцін Стэфановіч.
Як адзначаецца ў дакуменце, 24 лістапада — роўна год, як быў вынесены прысуд кіраўніку Праваабарончага цэнтру “Вясна" Алесю Бяляцкаму, асуджанаму на 4,5 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, а па сутнасці — за атрыманне фінансавых сродкаў для дзейнасці арганізацыі. Дадзены прысуд мы адназначна расцэньваем як расправу над вядомейшым беларускім праваабаронцам і спробу спыніць дзейнасць Праваабарончага цэнтру “Вясна". У гэтым жа рэчышчы мы разглядаем канфіскацыю памяшкання, дзе на працягу апошніх дванаццаці гадоў месціўся цэнтральны офіс нашай арганізацыі (Мінск, праспект Незалежнасці 78а-48).
За час існавання офісу Праваабарончага цэнтру “Вясна" яго наведалі тысячы грамадзян, якім аказвалася прававая дапамога, збіраліся сродкі для падтрымкі рэпрэсаваных, праводзіліся прэс-канферэнцыі, сустрэчы, трэнінгі і семінары. Мы заўсёды ажыццяўлялі сваю дзейнасць адкрыта, нягледзячы на адсутнасць рэгістрацыі арганізацыі з 2003 году і звязаную з гэтым пагрозу пераследу.
У сваёй дзейнасці Праваабарончы цэнтр “Вясна" заўсёды кіраваўся міжнароднымі стандартамі ў галіне абароны правоў чалавека, палажэннямі Дэкларацыі “Аб праве і абавязку асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды" (Дэкларацыя аб праваабаронцах), зацверджанай Генеральнай Асамблеяй ААН, якая гранатуе права як самастойна, так і групе асобаў бараніць правы чалавека, а таксама знаходзіць рэсурсы для такой дзейнасці.
Праваабарончы цэнтр “Вясна" заяўляе:
Зняволенне праваабаронцы Алеся Бяляцкага і наяўнасць палітвязняў — індыкатар крытычна кепскай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.
Рэпрэсіі супраць кіраўніка і сяброў Праваабарончага цэнтру “Вясна", а таксама канфіскацыя маёмасці не спыняць нашу працу, мы не згорнем ніводнага з напрамкаў легітымнай дзейнасці арганізацыі па абароне правоў чалавека.Усе ахвяры парушэнняў правоў чалавека па-ранейшаму могуць разлічваць на нашу дапамогу і падтрымку.Мы працягнем адстойваць каштоўнасці правоў чалавека, змагацца за іх выкананне беларускімі ўладамі, інфармаваць беларускае грамадства і міжнародную супольнасць аб рэальным стане з правамі чалавека ў Беларусі.
Дарэчы, па словах Стэфановіча, з новага году “Вясна" у поўным аб’ёме адновіць сваю праваабарончую дзейнасць. А пакуль будзе дзейнічаць грамадская прыёмная апальнага праваабарончага цэнтру. Пакой для працы юрыстаў-вясноўцаў прадставіў Рух “За свабоду". Па словах яго старшыні Аляксандра Мілінкевіча, сёння праваабаронцы працуюць больш эфектыўна за шмат каго з палітыкаў, таму і зведваюць пераслед і перашкоды з боку дзяржавы. “Мы мусім з імі салідарызавацца", — сказаў Мілінкевіч журналістам у апошнія хвіліны існавання сядзібы “Вясны.
Вось толькі незразумела, чаму падтрымаць праваабаронцаў, салідарызавацца з імі не прыйшоў ніхто з запісных апазіцыянераў-партыйцаў? Занятыя архіважнымі дзяржаўнымі справамі? Ну, Бог ім суддзя.