Вяскоўцы з-пад Ваўкавыска паведамілі пра пажар, але аказалася, што мігранты заблукалі і паляць вогнішча
Мясцовыя жыхары аднаго з пасёлкаў пад Ваўкавыскам расказалі «Нашай Ніве», што ўчора ноччу яны ўбачылі нібыта агонь у лесе і паведамілі пра гэта леснікам.
«Тыя знайшлі не пажар, а вогнішча, якое распалілі ці то курды, ці то іракцы. Агулам за 30 чалавек: сем’і з дзецьмі. Леснікі паведамілі ў міліцыю, міліцыя пачала правяраць пашпарты. Хто з дакументамі — тых адпусцілі, хто не — тых павезлі на разборкі ў РАУС, працяг гісторыі невядомы», — расказаў нам мясцовы.
Што курды рабілі ў лесе пад Ваўкавыскам? Нібыта яны сталі
ахвярамі «несумленных» таксістаў, якія прывезлі іх хоць і ў правільным кірунку,
але ўсё адно за 60 кіламетраў ад граніцы, ды высадзілі. Ну а тыя згубіліся і
вырашылі пераночыць у лесе.
Раней такі від «бізнесу» быў папулярны сярод
кантрабандыстаў: яны бралі грошы з мігрантаў і праводзілі іх нібыта да
«граніцы», махаючы рукой: «Тут ЕС ужо праз пару кіламетраў, у добры шлях».
Але насамрэч гэта быў лес далёка ад мяжы, проста з такой схемай, лічылася, можна было саскочыць з адказнасці за арганізацыю канала нелегальнай міграцыі. Асабліва кемлівыя нават стваралі ў лесе імправізаваную пагранічную паласу і «дапамагалі» мігрантам яе «пераадолець».