Васіль Быкаў: Перамогу ў нас адабралі

Прапануем з архіваў "Радыё Свабода" выказванне Васіля Быкава пра перамогу.



33a7dc91_b8ab_4d39_ac8a_3de7aa256991_w640_r1_s_cx0_cy3_cw0.jpg

Гаворыць Васіль Быкаў:

"Я лічу, што перамогу сапраўды адабралі. І ў беларусаў, і ў расейцаў, і не толькі. Гэтае адбіранне адбылося адразу пасля перамогі. І адабраў яе вялікі кумір гэтых народаў — Сталін. Кожныя пераможцы разлічваюць нешта здабыць у выніку перамогі, асабліва пасля такой крывавай вайны. І гэта было правільна, заканамерна.

Але што ў выніку яны атрымалі — што атрымалі народы Савецкага Саюзу? Зноў жа тую камуністычную кабалу, тую заняволенасць і галечу, у той час як народы Еўропы, і пераможцы, і пераможаныя, скарысталіся сапраўды гэтай перамогай. У тым ліку і нашай перамогай.

З ініцыятывы ЗША быў вылучаны, як вядома, план Маршала, які ўзняў Еўропу з руінаў, удыхнуў жыццё, якому, па-сутнасці, Еўропа абавязаная і дасюль. Але ж Сталін адмовіўся ад гэтага плану. Ён як вайну, так і перамогу, так і пасляваеннае аднаўленне, узваліў на плечы — каго? Свайго народу. Тым самым зноў увергнуўшы яго ў неймаверную, шматгадовую галечу.

Больш за тое, у выніку гэтай нашай перамогі былі зняволеныя усходнееўрапейскія краіны. І наша перамога такім чынам яшчэ на паўстагоддзя затрымала іх натуральнае гістарычнае развіццё. З гэтага яны яшчэ да гэтага не могуць выбрацца. Але яны робяць спробы, пры падтрымцы Еўропы, найперш ЗША. А Беларусь стаіць убаку, бо зноў жа марыць пра ракеты, апрача таго, яна не бачыць выйсця з той крызы, у якую трапіла".

www.svaboda.org