«Увесь сіні, ад хрыбетніка да пятак». Відавочца распавёў, што экс-следчага Мікіту Старажэнку катуюць у няволі
Экс-следчы Мікіта Старажэнка знаходзіцца за кратамі з 1 лютага 2022 года па абвінавачванні ў распальванні сацыяльнай варожасці нібыта за «зліў» дадзеных сілавікоў у пратэстны тelegram-канал. Яго былы сусед па карцары на Акрэсціна распавёў праваабаронцам пра стан Старажэнкі.
Паводле слоў сукамерніка, былога следчага прывялі ў карцар 1 лютага, і ўжо тады на ягоным целе можна было заўважыць сляды гвалту.
Ён быў увесь сіні: ад канца хрыбетніка і амаль да пятак. У
яго былі нават не сінія, а цёмна-фіялетавыя ногі. На твары і на галаве былі драпіны, сляды ад кайданкоў.
— Мікіта распавядаў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі
анучу на галаву, апраналі смеццевае вядро на галаву і білі па вядры, каб слядоў
збіцця не заставалася. Але ўсё роўна ў яго было рассяканне на носе, каля вуха
была вялікі сіняк. Відаць, па носе яму трапіла нармальна, таму што ён яшчэ і
чырвоны быў. Таксама ў яго былі апухлыя вусны, рана на падбародку, — апісаў
стан экс-следчага былы арыштант.
У ІЧУ Мікіта Старажэнка прабыў тры дні. Затым яго перавялі ў
СІЗА-1.
Сёння стала вядома, што Старажэнка працягнулі тэрмін
утрымання да 1 чэрвеня 2022 года. У мужчыны ёсць маленькая дачка. З жонкай ён
разышоўся з-за палітычных рознагалоссяў.
Нагадаем, Мікіта Старажэнка працаваў следчым у Партызанскім
райаддзеле сталічнага СК з 2017 года. Паводле звестак праваабаронцаў, пасля
прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ён звольніўся, адмовіўшыся расследаваць справу
16-гадовага хлопца (імаверна, гаворка пра Цімура Міцкевіча, які пацярпеў пры
затрыманні ў 2020 годзе). Пасля звальнення 28-гадовы Мікіта працаваў юрыстам.
Цяпер былога следчага абвінавачваюць у «распальванні
сацыяльнай варожасці» па ч. 3 арт. 130 КК. Яму пагражае ад 5 да 12 гадоў
калоніі.