Усе на сваіх месцах. Бешанковіцкія чыноўнікі атрымалі вымовы за НЗ з вадой
За аварыю на водаправодзе, якая прывяла да захворвання гараджан, бешанковіцкія чыноўнікі былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, паведамляе «Зара».

Расследаванне НЗ, праз якое ў красавіку 26 чалавек патрапілі ў больніцы, паказала, што нагодай аварыі стала памылка пры будаўніцтве водаправоду, якую своечасова не заўважылі.
Па выніках расследавання надзвычайнага здарэння вымовы
атрымалі першы намеснік старшыні райвыканкаму — начальнік упраўлення па
сельскай гаспадарцы і харчаванню С. Г. Акуневіч, намеснік старшыні райвыканкаму
па будаўніцтве В. Э. Грышан, начальнік цэха водаадвядзення філіялу
«Лепельводаканал» УП «Віцебскаблводаканал» А. П. Філіповіч і начальнік
Бешанковіцкага ўчастка філіялу А. Г. Дарожкін.
Жыхары Бешанковічаў 4 красавіка пачалі звяртацца ў больніцы
праз аварыю на водаправодных сетках. За наступны тыдзень лячэнне ад норавірусу
ў стацыянары прайшлі 26 чалавек — пяцёра дарослых і 21 дзіця.
На 5 красавіка ў стацыянары заставаліся 6 дзяцей, іх стан
здавальняючы. Усяго шпіталізавалі 26 чалавек (5 дарослых і 21 дзіця).
Пітную ваду жыхарам мікрараёнаў у Бешанковічах будуць
падвозілі «з улікам попыту на яе». Шмат хто апасаўся піць ваду з крану і самі
ездзіў па чыстую да крыніцы.
З 3 красавіка камунальнікі пачалі прамыванне водаправоды ў
дамах мікрараёну Маладзевы, у СШ № 1, дзіцячым садку № 6 і шматпавярховіках.
Паводле «Белсата».