«Усходнікі» vs «Заходнікі»: ці ёсць у сучаснай Беларусі такі падзел?
У суседняй Украіне існуе адчувальная мяжа — культурная, моўная, ідэалагічная, светапоглядная — паміж Захадам і Усходам, а ці ёсць у сучаснай Беларусі такі ўмоўны падзел? Як адрозніваюцца характары жыхароў супрацьлеглых частак краіны? І ці можа гарадзенец не паразумецца з магілёўцам, скажам, праз высвятленне пытанняў шляхетнасці альбо прарасейскасці? Мы папрасілі выказацца прадстаўнікоў беларускага Захаду і Усходу.
Усевалад Сцебурака, паэт: «Апірышчам беларушчыны быў і ёсць менавіта захад краіны»
Калі «заходнікі» — гэта карэннае насельніцтва РБ, якое тэрытарыяльна пражывае на захадзе Менскай, Берасцейскай, Віцебскай абласцей і ўсёй тэрыторыі Гарадзенскай, вызнае традыцыйныя для Беларусі рэлігіі (найперш плыні хрысціянства), геапалітычна і культурна зарыентаванае на Еўропу і значна ў меншае ступені саветызаванае ў папярэдніх пакаленнях (у параўнанні з астатнімі жыхарамі рэспублікі) — то вядома ж, яны, «заходнікі» ёсць.
Безумоўна, ёсць. Найперш адметныя яны ў светапоглядзе, у арыентаванасці на каштоўнасці Захаду ды ў паўсядзённай побытавай культуры. Заходнікі адназначна больш унутрана еўрапеізаваныя (не блытаць з паланізаванымі «касцельнымі палякамі»), іх не палохае Еўразвяз, яны схільныя параўноўваць (бачыць у хаўрусе) Беларусь з Літвой, Польшчай, Чэхіяй, без уласцівай усходнікам аглядкі на Расію. Заходнікі традыцыйна больш спакойна ставяцца да іншых культурных, нацыянальных і рэлігійных супольнасцяў — яўрэяў, палякаў, літоўцаў, татараў, побач з якімі яны стагоддзямі жылі. На ўсходзе часцей сустракаюцца ксенафобскія настроі.
Тыповыя «заходнікі» — месцічы невялікіх гарадоў ды колішніх мястэчак, а таксама жыхары вёсак. Яны — нашчадкі тых, хто нарадзіўся і жыў на Крэсах Усходніх Другой Рэчы Паспалітай. Іх продкі — людзі розных сацыяльных пластоў ад паноў і асаднікаў да беззямельных сялян і жыдоўскай рамеснай галоты — але ўсе яны носьбіты еўропацэнтрычных поглядаў, падкрэсліваю, несавецкага кшталту.
Адрозненні «заходнікаў»
Раз ёсць самі «заходнікі» то, відавочна, ёсць і адрозненні. І яны многа ў чым выражаюцца. Хто б што ні казаў, але культурна нават просты сялянскі падворак у вёсцы на Гарадзеншчыне яўна адрозніваецца ад тыповае гасподы ў Магілёўскай вобласці. І рэч не ў грашах ці этнаграфічнай асаблівасці пабудоваў — справа ў дагледжанасці, наяўнасці палісадаў і гародчыкаў, у лужках з кветнікамі і г. д. Побытавая культура паселішчаў захаду Беларусі кідаецца ў вочы нягледзячы на 45 гадоў агульнага пражывання ў бээсэсэрыі.
У пытанні мовы (ці шырэй беларушчыны) — таксама адрозненні ёсць. Не сакрэт, што, як на пачатку XX стагоддзя, так і цяпер, апірышчам беларускасці быў менавіта захад і цэнтр краіны. Сярод карэcпандэнтаў і чытачоў першай «Нашай нівы» каля 80% былі жыхарамі з таго краю, які мы называем «Захадам». Блізкая сітуацыя і цяпер. І прасочваецца яна па ўсіх суполках, філіях партый, выніках галасавання за нацыянальных кандыдатаў і г.д.
Варта разумець, што «заходнікі» сталіся такімі не праз адну толькі далучанасць ў 20–30-я гады да Польшчы Пілсудскага, не. Як і Заходняя Украіна, Заходняя Беларусь была стагоддзямі ўключаная ў сферу ўплыву заходнееўрапейскай цывілізацыі і была неад’емнаю часткаю яе — і за часамі ВКЛ, і за часамі РП. Менавіта геапалітычны разлом і цывілізацыйная мяжа робяць адрозненні захаду і ўсходу Беларусі (як і суседняй Украіны) такімі шматслойнымі і глыбокімі. Праз тое не варта іх зводзіць да банальных асаблівасцяў і дыялектных слоўцаў.
Наконт зневажальнага стаўлення
Сустракаў такія выпадкі. Канешне, гэта залежыць ад канкрэтнага прадстаўніка «Захаду» ці «Усходу». Што тычыцца мяне, то я часцей сустракаўся з негатыўным стаўленнем з боку «ўсходнікаў» да «заходнікаў», чым наадварот. Звязваю гэта з тым, што каланіяльныя савецка-расійскія ўплывы зрабілі «ўсходніх» беларусаў больш агрэсіўнымі ў адносінах да Еўропы ў цэлым і да сваіх жа суайчыннікаў на захадзе. З уласнага досведу скажу, што ў 90-я гады ў бытнасць студэнтам гістфаку я сустракаўся з негатыўным стаўленнем да студэнтаў-заходнікаў не з боку сталічных аднакашнікаў, нават не з боку этнічных рускіх, што жылі ў Беларусі (дзеці вайскоўцаў і г.д.), а менавіта з боку братоў-беларусаў з усходу краіны.
Наогул, існаванне падзелу не лічу праблемаю, але натуральнай асаблівасцю краіны, што жыве ўвесь час на мяжы розных сусветаў — Усходу і Захаду. Ні ў якім разе не бяруся вымяраць вартасці прадстаўнікоў ці аб’ём унёску ў агульную справу разбудовы краіны. Пры гэтым лічу несумненным той факт, што на сучасным этапе захад краіны ў большай ступені захаваў элементы нацыянальнай самасвядомасці і мае больш акрэслены пазітыўны зарад беларушчыны, які пры правільным яго выкарыстанні імаверна дапаможа і ўсходу на шляху Адраджэння Бацькаўшчыны.
Югася Каляда, пісьменніца: «Толькі падзелу і не стае для поўнага шчасця»
Адзін мой знаёмы хіпстэр практыкуецца ў дасціпнасці ў сваім твітэры, спрабуючы вынайсці нацыянальную ідэю. Так, паводле яго, ліцвіны — гэта беларусы, якія ездзяць у Літву па шмоткі і прадукты. Яму ж належыць і каштоўнае назіранне па вяртанні з Львова: «Заходнія ўкраінцы ненавідзяць усходніх, усходнія — заходніх, а беларусам даводзіцца ненавідзець адно аднаго».
Калі я чую пра «шляхетных заходнікаў» і «калхазанаў-усходнікаў», я пачуваюся надта няёмка. Не з тае нагоды, што мне сорамна за нешляхетнае гомельскае паходжанне. У такіх выпадках я наагул пачуваюся не беларускай: праз краіну, аказваецца, праходзіць трагічны, фатальны разлом на захад і ўсход, а я нават не здагадваюся. Я дагэтуль так і не выгадавала — для супрацьстаяння «западэнцам» — пачуццё годнасці праз належнасць да ўсходняй часткі: не хачу сілкаваць гэтую абсурдную ідэю дыхатаміі, якая — дзякуй богу! — не вядомая en masse, а толькі гарадзенцам. Краіне з зацертай гістарычнай памяццю (пра калісьці існы падзел у тым ліку), якая за апошнія дзесяцігоддзі ледзь-ледзь нашкрэбла на слабую самаідэнтыфікацыю, толькі падзелу і не стае для поўнага шчасця.
Некаторыя асобныя адэпты гарадзенскай адметнасці любяць дзяліцца сакральнымі ведамі, каб падмацаваць сваю ідэнтычнасць. Усе ведаюць Паўночную і Паўднёвую Карэі, Усходнюю і Заходнюю Украіну; давайце і мы напляцем якому-небудзь панаехаўшаму ў Сінявокую маскалю пра тое, што і ў беларусаў ёсць сепаратызм.
Хаця найбольш эфектыўна заяўляць пра падзел на захад і ўсход не гасцям з Расіі, а свайму аднагрупніку з-пад Жлобіна — падчас вашай вучобы ў Менску; і тады ідэя падзелу Беларусі на добрую заходнюю і лахоўскую ўсходнюю гарантавана знойдзе водгук.
Да мяне лёс наагул паставіўся надта жорстка. Я, як і ўсе «абмаскаленыя калхазаны», даведалася пра падзел у Менску ад гарадзенца. Але якім чынам! Фацэт з польскім акцэнтам пацікавіўся, адкуль я ёсць: «З Гомеля? О, там радыяцыя!» — і адскочыў ад мяне (я не жартую) на некалькі крокаў.
Адзіную надзею мне дорыць мой знаёмы хіпстэр (той, які напачатку сцвердзіў, што беларусам праз адсутнасць унутрыкраіннага супрацьстаяння даводзіцца ненавідзець адно аднаго): ён — гарадзенец, ён быў у гета (калі вы разумееце, пра што я), і ён не ведае пра падзел.