Усходні эканамічны кангрэс у Беластоку
18–19 верасня ў будынку Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку — адна з найвялікшых дыскусій на тэму эканомікі ўсходняй Польшчы, яе сувязей з краінамі-суседкамі ды еўрапейскімі дзяржавамі, з удзелам больш чым 1300 чалавек. Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі будзе адмысловым госцем другога дня Усходняга эканамічнага кангрэсу.
Галоўнай ідэяй кангрэсу з’яўляецца, між іншым, прэзентацыя эканамічнага патэнцыялу польскага ўсходняга рэгіёну, яго ацэнка як каштоўнага пасярэдніка ў адносінах паміж Усходам і Захадам Еўропы. Двухдзённая серыя дэбатаў, сустрэч і суправаджальных мерапрыемстваў пройдзе з удзелам гасцей з Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, краінаў Еўропы.
Усходні эканамічны кангрэс — гэта найважнейшае такога кшталту мерапрыемства ў Цэнтральнай Еўропе. Удзельнікі кангрэсу абмяркоўваюць супрацу паміж Польшчай і ЕЗ у цэлым, а таксама краінамі Усходняй Еўропы ды шукаюць магчымасці развіцця гэтай супрацы. Як кажа арганізатар кангрэсу Войцех Кусьпік, усходні рынак сёння – гэта вялікае пытанне.
— Сапраўды, ніхто не ведае, як будзе развівацца канфлікт ва Украіне. Гэта рызыка ў супрацы з Усходам, якая толькі ўзрастае. І гэтая рызыка двухбаковая. Прыклад гэтага —
эмбарга. Але будзем спадзявацца, што такія сустрэчы штораз будуць паляпшаць сітуацыю, наладжваць партнёрскія стасункі, якія будуць палягаць на даверы, канкрэтных праектах і канкрэтнай
супрацы.
Цягам двух дзён Усходняга эканамічнага кангрэсу сустрэнецца звыш тысячы гасцей, якія ўдзельнічаюць у некалькіх дзясятках дыскусійных панэляў са сферы бізнесу, здароўя, энергетыкі, гандлю і палітыкі.
Паводле Беларускае Радыё Рацыя
Фота Радэк Дамброўскі