Усаў: Беларусам прапануюць усвядоміць свае памылкі і вярнуцца на ланцуг
«Новая грамадская дамова» пры незаконнай уладзе азначае, што грамадства пагодзіцца і далей дазваляць Лукашэнку парушаць свае абавязацельствы і законы, мяркуе палітолаг Павел Усаў.
Новая «грамадская і палітычная дамова», як і тыя, што існавалі раней у Беларусі — гэта прызнанне Лукашэнкі безумоўным пераможцам і ўладаром краіны, гэта прыняцце яго ўлады і яго палітыкі на нявызначаны тэрмін, з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Новая дамова — гэта згода грамадства ніколі і ні пры якіх абставінах не паўставаць супраць Лукашэнкі і яго спадчыннікаў.
«Перагарнуць старонку» — гэта забыцца пра крывавыя ахвяры, рэпрэсіі, самаўпраўнасць — пагадзіцца з новай рэальнасцю, бо рэжым нічога для сябе перагортваць не збіраецца, як і ісці на кампраміс і саступкі грамадству.
Любая грамадская дамова прадугледжвае роўнасць бакоў, вызначаныя правілы гульні, якія рэгулююцца законам. Закон, у прынцыпе, і ёсць выразныя рамкі грамадскіх і палітычных адносін — вызначэнне абавязкаў улады і грамадства. Іншымі словамі — гэта Канстытуцыя. Лукашэнка яшчэ 27 гадоў таму паслаў да д'ябла Канстытуцыю і законы, яшчэ ў 1996 парушыў прынцыпы грамадскай дамовы пры маўклівай згодзе большасці і рабіў гэта з рэгулярнасцю на працягу ўсяго свайго кіравання, на кожных прэзідэнцкіх выбарах. Зрабіў гэта і ў 2020 годзе. «Новая дамова» пры незаконнай уладзе азначае, што грамадства пагодзіцца і надалей дазваляць Лукашэнку парушаць свае абавязальніцтвы і законы. На якія саступкі гатовы пайсці Лукашэнка ў сваю чаргу? Спыніць тэрор, рэпрэсіі, аб'явіць амністыю? Можа, новыя выбары? А дзеля чаго і хто прымусіць яго выконваць «абавязацельствы»? Адзіным інструментам, які можа супрацьстаяць самавольству ўлады (парушэнню грамадскай дамовы) з'яўляецца рэвалюцыя або смерць дыктатара.
Тыя, хто гавораць аб новай грамадскай дамове, прапануюць грамадству ганьбу і далейшае рабства, да новага крызісу. Усё гэта было і ў нашай гісторыі, і сусветнай. Любыя пагадненні і кампрамісы з дыктатарамі прыводзілі толькі да большага кровапраліцця і бедстваў для грамадства. Як толькі грамадства заяўляе аб сваіх правах, дыктатура пускае ў ход кулі.
«Дагавор» ва ўмовах дыктатуры вызначае толькі даўжыню жалезнага ланцуга і шырыню клеткі, але ў любым выпадку робіцца гэта па меркаванні ўлады. Грамадства бярэ на сябе абавязацельства з гэтым пагадзіцца і не наракаць, калі памер клеткі памяншаецца або поліўка горшай становіцца. Але ж на такіх прынцыпах і існавала «грамадская дамова» да 2020 года. Яна была пацверджана «грамадствам» у 2004 годзе (зняцце абмежаванняў), у 2006, у 2010, у 2015 гадах маўклівай згодай большасці. Яна рэгулярна пацвярджала свае абавязацельствы жыць у клетцы, на ланцугу і моўчкі сёрбаць баланду. Часам клетку дазвалялі ўпрыгожваць нацыянальнымі арнаментамі і нават арганізоўваць святы. Але правілы жыцця ўсё роўна вызначала ўлада.
Атрымліваецца, што ў 2020 годзе грамадства парушыла свае абавязацельствы па дамове? Цяпер беларусам прапануецца ўсвядоміць свае памылкі і вярнуцца ў клетку, на ланцуг. Хай клетка будзе цяснейшай, а ланцуг карацейшы, баланда горшай, але затое біць не будуць.
Не ведаю, ці шмат беларусаў сёння гатовыя на тое, каб «падпісаць» новую дамову з турэмшчыкам, а не імкнуцца знішчыць турму.