«Карміць беларускіх сілавікоў давядзецца расійскім пенсіянерам»
Беларускі рэжым працягвае заставацца асуджаным па вельмі простых прычынах: рэсурсаў вельмі мала, ціск вельмі высокі і праблемы гэтыя ніяк не вырашаюцца, хутчэй — пагаршаюцца. Калапс адбудзецца тады, калі рэсурсаў стане недастаткова, каб стрымліваць ціск, разважае ў сваім тэлеграм-канале аналітык Пётр Кузняцоў.
Учора мы нарэшце пачулі наўпрост: пасля рэферэндуму датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў не будзе.
Пачынаючы са жніўня 2020 года і да апошняга часу гэты момант адкрыта не прагаворваўся. Можна сказаць, была інтрыга. Зразумела было, што пакідаць крэсла да 2025 года ніхто яўна не хоча, аднак паралельна было бачна, што абставіны (як лічылася, ціск Расіі, якая надыктавала такія ўмовы ў разгар беларускіх пратэстаў) падштурхоўваюць і ідзе ліхаманкавы пошук варыянтаў. У тым ліку, гэтым жа пошукам варыянтаў тлумачыліся і бясконцыя «зарубы» з Захадам, з відавочнай мэтай звярнуць на сябе ўвагу.
Што змянілася і чаму цяпер размовы аб датэрміновым пакіданні наседжанага месца не ідзе? Насамрэч, усё здаецца дастаткова проста. Судзячы па скупых паведамленнях прэс-служб, наступнай рэзкасці Байдэна, навінах пра як мінімум паўгадавую замарозку праекта «Паўночны паток», на мінулым тыдні Пуцін з амерыканскім прэзідэнтам падчас відэаканферэнцыі агульнай мовы не знайшлі.
Амерыканскі бок адмовіўся прымаць расійскі парадак дня і, па-першае, аслабляць падтрымку Кіева і, па-другое, прымушаць яго да выканання «Мінскіх пагадненняў» у расійскай трактоўцы. Мяркуючы па ўсім, у гэтым была стратэгічная мэта Пуціна — дамагчыся ад Захаду гарантый непрыходу НАТА ва Украіну і таго, што ён не будзе «гуляць» на беларускім кірунку. Узамен Масква магла прапанаваць дээскалацыю напружання ў рэгіёне і садзейнічанне трансфармацыі (з гарантыяй захавання дамінуючага расійскага ўплыву) у Беларусі. У сённяшніх умовах, трэба сказаць, гэта таксама частка дээскалацыі.
У выніку адзіныя гарантыі, якія ўдалося атрымаць — гэта гарантыі беспрэцэдэнтных санкцый і «дарагой цаны» ў выпадку ваеннага ўмяшання на Данбасе (і не толькі). Паколькі мэта дасягнута не была, то «гульня» працягваецца, а галоўны козыр Расіі ў падобных таргах — рашэнне праблем, ёю жа створаных. Такім чынам, напружаная і непрадказальная сітуацыя ў рэгіёне будзе захоўвацца. Такім чынам, Лукашэнка Маскве застаецца патрэбны. Адсюль — знешняя заспакоенасць у Мінску: вельмі падобна, што тэма датэрміновых выбараў знята з парадку дня і можна часова расслабіцца, паглыбляючыся ў чысткі цяпер ужо ўласных шэрагаў.
Добра гэта ці дрэнна? Насамрэч не так і не так. Мы ж, у рэшце рэшт, хочам бачыць сябе незалежнай дзяржавай. Ну а Расіі, часткай палітыкі якой ужо доўгі час (дзесяцігоддзі, калі не стагоддзі) з'яўляюцца спробы выбудоўвання ўсялякіх саюзаў з маргінальнымі і недзеяздольнымі ў самастойным фармаце рэжымамі, давядзецца, як водзіцца, несці пэўныя выдаткі.
Беларускі бок пад уплывам новых раскладаў дзюбай вырашыў не пстрыкаць і проста «па-гарачаму» ўжо заявіў, што чакае ад Масквы 3,5 млрд. долараў. Ну, праўда, саюзніка трэба падтрымліваць — без перспектывы вяртання. Пры гэтым, у краіне набіраюць ход ужо згаданыя чысткі, літаральна на ўсіх узроўнях, што пагражае канчатковым знішчэннем нацыянальнай эканомікі — калі палову звольняць, а палова з'едзе, карміць беларускіх сілавікоў давядзецца, зноў жа, расійскім пенсіянерам.
Пагроза Літвы спыніць транзіт з Беларусі стварыла пагрозу спалучэння «вялікай» Расіі з Калінінградскай вобласцю, што патрабуе ўмяшання і рашэння. «Паўночны паток» заблакаваны. Усё гэта — толькі пачатак праблем. Пад грузам неабходнасці весці непатрэбныя войны, затратную «халодную вайну» і карміць шматлікіх «саюзнікаў» упаў нават звышмагутны СССР. І, здаецца, патрэбных урокаў з гісторыі ў Маскве ніхто не вынес.
Беларускі рэжым працягвае заставацца асуджаным па вельмі простых прычынах: рэсурсаў вельмі мала, ціск вельмі высокі і праблемы гэтыя ніяк не вырашаюцца, хутчэй — пагаршаюцца. Калапс адбудзецца тады, калі рэсурсаў стане недастаткова, каб стрымліваць ціск. 3,5 млрд. долараў ад Масквы — кропля ў моры ад таго, што яшчэ спатрэбіцца. Пазбаўляцца «пасіваў» або ісці шляхам СССР — гэта праблема Расіі. На Захадзе гэта разумеюць, таму і не спяшаюцца. У Крамлі, здаецца, не вельмі разумеюць…