Кузняцоў: Сёння і апаненты, і лаяльныя бачаць рэальнасць і будучыню зусім не так, як хацелася б уладзе
«Прысуды па "справе Ціханоўскага" дзівяць вар'яцтвам лічбаў. Ад эмоцый утрымацца практычна немагчыма», — піша Пётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале.
Але, як бы ні агаломшвалі гэтыя лічбы, яны ў рэальнасці мала што значаць. Сутнасць справы не ў тым, што абвясціў сёння суддзя з красамоўным прозвішчам Доля, які судзіў мяне адміністрацыйна за палітыку (дакладней, усё за тое ж — за інфармаванне) яшчэ ў 2011 годзе, калі працаваў у Рэчыцы.
Сутнасць у тым, што гэтыя людзі трапілі за краты, знаходзяцца там і будуць там знаходзіцца нейкі час па-за усялякімі законамі, правіламі, прысудамі і працэдурамі.
Проста таму, што пакуль для тых, хто так распарадзіўся, гэта магчыма. Таму што цяпер яны так хочуць, і таму, што цяпер яны так могуць.
Калі яны змогуць утрымліваць іх, але захочуць выпусціць заўтра — выпусцяць. Калі яны не захочуць, але не змогуць іх трымаць праз тыдзень — таксама выпусцяць.
Калі захочуць і змогуць — пакінуць там жа і праз 20 гадоў.
Вар'яцтва лічбаў мае толькі два вельмі рэальных, прыкладных і прагматычных сэнсы.
Першы. Гэта — запалохванне апанентаў, псіхалагічная атака. "Мы так хочам і мы так можам", — кажуць яны. "Мы будзем ва ўладзе і праз дваццаць гадоў, і будзем вырашаць, хоць забейцеся аб сцяну", — гэта іх пасыл. Дэмаралізуе, паралізуе, і, паводле іх задумы, —выклікае адчай.
Па-другое. Гэта-псіхалагічная мантра для сваіх, для прыхільнікаў, для лаяльных. Дэманстрацыя ўпэўненасці і заклік не сумнявацца. "Мы так хочам і мы так можам", — кажуць яны. "Мы будзем ва ўладзе і праз дваццаць гадоў і будзем вырашаць, а яны —хай хоць заб'юцца аб сцяну", — такі іх пасыл у іншы бок. Аптымістычна, падбадзёрліва і, паводле іх задумы, усяляе непахісную ўпэўненасць у сэрцы выканаўцаў.
Фішка толькі ў тым, што неабходнасць звяртацца да такіх дзеянняў дзеля дэманстрацыі ўпэўненасці кажа якраз пра адваротнае: пра поўную яе адсутнасць.
Пра выдатнае разуменне таго, што сёння і апаненты, і лаяльныя бачаць рэальнасць і будучыня зусім не так, як хацелася б ім.
Вось гэта трэба разумець і памятаць.