Ціханоўскаму прысудзілі 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Статкевічу — 14
Прысуд быў вынесены сёння ў Гомельскім СІЗА.
Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Арцёму Сакаву і Дзмітрыю Папову — па 16 гадоў. Уладзіміру Цыгановічу і Ігару Лосіку — 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Мікалаю Статкевічу — 14 гадоў пазбаўлення з волі, піша «Наша Ніва».
***
Суд над Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Міколам Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Дзмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым пачаўся амаль паўгода таму, 24 чэрвеня 2021 года, і праходзіў у закрытым рэжыме. Адвакаты далі падпіску аб неразгалошванні, таму пра акалічнасці працэсу нічога не было вядома, як не было вядома і пра выстаўленыя артыкулы.
Прычым усе асуджаныя былі затрыманыя ў траўні-чэрвені 2020 года, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў.
Абскардзіць прысуды можна цягам 10 дзён у Вярхоўным судзе.
Рэакцыі сваякоў
Соф’я Яфрэмаўна, маці Сяргея Ціханоўскага, у шокавым стане ад прысуду:
«Колькі? 18 гадоў майму сыну? За што? За тое, што зладзілі гэтыя людзі на нашым лецішчы? Божа... Мне 71 год! Я не дажыву, я не ўбачу сына!», — пракаментавала Свабодзе маці Ціханоўскага.
Святлана Ціханоўская, жонка Сяргея Ціханоўскага:
«Я скажу тут відавочныя рэчы: будзьце моцныя. Мы змагаемся за вас кожны дзень. Хтосьці ў Беларусі, хтосьці за мяжой. Мы гаворым пра вас і гаворым за вас. Нават калі вы ў турмах, гэта не значыць, што ва не чуюць — увесь свет з вамі. У вас нашмат больш сяброў, чым можа здавацца Вы нашыя героі. Мы будзем прынцыповыя і паслядоўныя. Давядзем справу да перамогі. Мы вас любім і чакаем на волі.
Праўда ў тым, што наша мірная рэвалюцыя пакуль не перамагла. Няма той чароўнай кнопкі, якую мы націснем — і вось яна — свабода. Але наша рэвалюцыя і не прайграла. Гэта працэс. Мы павінны быць паслядоўныя. Цярплівыя. Мы ведаем што на правільным шляху і змагаемся за правільную справу. Летась мы пабачылі, што нас большасць. Мы зразумелі, што мы не проста рахманыя беларусы, а ўмеем за сябе пастаяць. У гэтым годзе быў тэст на вынослівасць, вытрымку. Мы абавязкова давядзем справу да канца. Іначай проста не можа быць».
Прэзідэнт RFE/RL Джэймі Флай з нагоды выраку журналісту Свабоды Ігару Лосіку заявіў:
«Абыходжанне рэжыму Лукашэнкі з Ігарам Лосікам было вартае асуджэння. Судовы працэс за зачыненымі дзвярыма, які ён і тыя, каго судзілі разам з ім, трывалі цягам апошніх пяці месяцаў, быў абуральнай пародыяй на правасуддзе. Мы зноў заклікаем рэжым Лукашэнкі спыніць наступ на СМІ, журналістаў і блогераў, такіх як Ігар, і дазволіць яму вярнуцца да сваіх жонкі і дачкі».
Дар’я Лосік пра прысуд мужу: «Я ні разу не пашкадавала, што Ігар мой муж, што я аддала яму сваё сэрца»
«Мы рыхтаваліся да найгоршага. Ігар у лістах рыхтаваў мяне, што прысуд не будзе мяккім, і я разумею, што ён і не можа такім быць у сённяшняй сітуацыі. Бо ніхто не ўмее прызнаваць свае памылкі, у прыватнасці, рэжым. Таму я ведаю, што прысуд не будзе мяккім, 100%, — кажа Дар’я. — Ад Ігара даходзяць розныя лісты: ёсць пазітыўныя, ён разумее, што так доўга гэта ўсё не будзе.
Але ёсць і негатыўныя, гэты ціск і працяглы суд усё ж адбіваюцца, чалавек паўтара года ў СІЗА. Раней у Ігара былі моманты, калі яму было вельмі складана, цяпер трохі лягчэй».
Марына Адамовіч, жонка палітыка Міколы Статкевіча:
«Безумоўна, было зразумела, што суддзя не заплача і не скажа: я зразумеў, якія вы светлыя людзі, вы свабодныя! — іранізуе Марына. — Мы заўсёды былі гатовыя да ўсяго, наколькі гэта магчыма ў нашай краіне.
Мы ведалі, што 2020 год можа скончыцца з любым вынікам, разумелі, што могуць быць гвалтоўныя дзеянні. Мікалай заўсёды да гэтага вельмі спакойна ставіўся, спрабаваў мяне падрыхтаваць.
Да гэтага ён пісаў мне лісты, дзе казаў, што запрасіў пракурор. Гэтых лістоў было два, але іх я не атрымала.
Мікалай увесь час паўтарае: у іх няма столькі часу, колькі яны спадзяюцца. Ён верыць у непазбежнасць пераменаў, што галоўныя змены ўжо адбыліся. Аднойчы ён назваў гэта так: наша адтэрмінаваная перамога і іх адтэрмінавана параза».