Улады Пружан распавялі, калі за БЧБ-вопратку пакараюць і чаму пасля фота з парасонам у сям'ю прыйшла апека
У якіх выпадках бела-чырвонае адзенне і парасон могуць стаць падставай для пратакола па артыкуле за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства, патлумачылі жыхарцы Пружан у мясцовым райвыканкаме.
У лютым жыхарка Пружан Алёна патэлефанавала на гарачую лінію
намесніка старшыні райвыканкама Руслана Супруновіча. Жанчына спытала, ці
з'яўляюцца бела-чырвоныя колеры «забароненай сімволікай» і ці можна насіць адзенне такой расфарбоўкі, не баючыся атрымаць пратакол.
Адказ жанчыне прыйшоў пісьмовы — і 1 сакавіка. У лісце
(копія ёсць у рэдакцыі TUT.BY) паведамляецца, што ў кампетэнцыю мясцовых улад «не ўваходзіць рэгуляванне колеравай гамы адзення і аксесуараў».
«Разам з тым адзначаем, што пры наяўнасці іншых
фактараў, якія могуць быць вытлумачаны як публічнае выказванне грамадзянінам
грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў альбо пратэсту з
выкарыстаннем атрыбутыкі, названыя вамі прадметы (адзенне, парасон
чырвона-бел-чырвонай расфарбоўкі) могуць атаясамлівацца з сімволікай
пратэстнага руху і ў адпаведнасці з "Законам аб масавых мерапрыемствах у
Рэспубліцы Беларусь" расцэньвацца як несанкцыянаванае масавае
мерапрыемства, што ўтварае склад адміністрацыйнага правапарушэння па артыкуле
24.23 (у старой рэдакцыі КаАП гэта "народны" артыкул 23.34, па якім судзілі за
ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. — Заўв. рэд.)», — паведамлялася ў
лісце.
Алёна таксама папрасіла растлумачыць, чаму пасля таго, як
яна з дзецьмі трапіла на фота з бела-чырвоным парасонам, яе сям'ёй зацікавілася
апека.
Як высветлілася, падставай сталі два паведамленні з міліцыі
ў дачыненні да Алены і яе мужа, якія паступілі ў аддзел адукацыі райвыканкама
14 снежня мінулага года і 11 студзеня 2021. У іх паведамлялася, што бацькі
«ўцягваюць сваіх малалетніх дзяцей ва ўдзел у мерапрыемствах, накіраваных на
выраз нязгоды з дзеючым палітычным ладам у Рэспубліцы Беларусь» — і тым
самым грэбуюць ускладзенымі на іх абавязкамі па выхаванні і «ажыццяўленні
мерапрыемстваў, накіраваных на фізічнае, духоўнае і маральнае развіццё дзяцей,
іх здароўе, вучобу і падрыхтоўку да самастойнага жыцця».
«Паколькі інфармацыя аб выяўленні неспрыяльнай для дзяцей
абстаноўкі ад аддзела ўнутраных спраў райвыканкама паступала двойчы ( ... ), з
такой жа перыядычнасцю ажыццяўлялася вывучэнне сітуацыі ў вашай сям'і шляхам
наведвання па месцы жыхарства, што правамерна. Па выніках вывучэння сітуацыі ў
вашай сям'і ўстановамі адукацыі, якія праводзілі гэтую працу, фактаў, якія
паказваюць на наяўнасць неспрыяльнай для дзяцей абстаноўкі, крытэрыяў і
паказчыкаў сацыяльна небяспечнага становішча не выяўлена», — гаварылася ў
адказе на зварот.