Улады Латвіі раяць не наведваць Беларусь, нягледзячы на «бязвіз»

МЗС Латвіі не раіць сваім грамадзянам наведваць Беларусь, нягледзячы на аб'яўлены Мінскам «бязвіз». Знешнепалітычнае ведамства нагадвае пра «значныя рызыкі», з якімі звязаныя паездкі ў краіну, якая падтрымлівае агрэсію РФ і знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі. Грамадзян Латвіі па-ранейшаму заклікаюць пакінуць тэрыторыю РБ (як і Расіі), піша Delfi.

baltkrievija_robeza_baltkrievu_robezsargs_47399097.jpg

Таксама МЗС Латвіі звяртае ўвагу на актыўнасць спецслужбаў Беларусі і Расіі, якія вярбуюць грамадзян суседніх краін. Мяркуецца, што для грамадзян Латвіі, якія скарыстаюцца «бязвізам», «існуе сур'ёзная рызыка» стаць аб'ектамі вярбоўкі альбо правакацый. Дапускаецца, што беларускія сілавікі могуць прыдумаць нейкае парушэнне і абвінаваціць у ім замежніка, каб адправіць яго за краты. А магчымасці МЗС Латвіі па аказанні дапамогі сваім грамадзянам у той жа РБ вельмі абмежаваныя.

Грамадзянам Латвіі і Літвы віза для наведвання Беларусі не спатрэбіцца з 15 красавіка. «Бязвіз» уведзены на месяц. Цікава, што і Латвія, і Літва ўваходзяць у спіс «недружалюбных дзяржаваў», складзены у Мінску.