Літва забароніць выезд беларускім фурам, якія не пакінуць ЕС апоўначы

У Літве расказалі, як будуць паступаць з фурамі з Беларусі, якія апоўночы не выедуць з ЕС.

fury_1.jpg

Беларускія і расійскія фуры, якія ўехалі ў ЕС да 9 красавіка і загрузіліся да ўступлення ў сілу пятага пакета санкцый, змогуць пакінуць Еўропу пазней за 16 красавіка. Аб гэтым паведаміла мытня Літвы. Але павінна быць выканана ўмова: вадзіцелі павінны паспець заняць чаргу на выезд сёння да поўначы. Нагадаем, санкцыі мяркуюць, што да гэтай даты грузавікі мусілі выехаць з ЕС. Тым часам на выездзе з Літвы ў Беларусь утварыліся шматкіламетровыя чэргі з грузавікоў.
Літоўская мытня паведамляе, што на мяжы на выезд у Беларусь сабраліся доўгія чэргі з грузавікоў расійскіх і беларускіх перавозчыкаў. Было вырашана, што яны змогуць перасекчы мяжу і пасля паўночы 16 красавіка, бо час чакання не залежыць ад волі перавозчыка.
Калі аўтамабіль зойме чаргу пазней за паўночы 16 красавіка, то тэрмін выезду будзе лічыцца парушаным і выезд такога грузавіка не дазволяць. Затрыманы транспарт накіруюць у найбліжэйшы лагістычны цэнтр або тэрмінал, каб перавозчык мог разгрузіць тавар, перадаць тавар іншаму непадсанкцыйнаму перавозчыку і гэтак далей.
Парожнія аўто па-ранейшаму могуць бесперашкодна перасякаць межы Літвы з Расіяй і Беларуссю.
Нагадаем, з 9 красавіка Еўразвяз забараніў аўтамабільныя грузаперавозкі, у т.л. транзітныя, для беларускіх і расійскіх кампаній. Новыя абмежаванні прыняты «ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і датычнасцю Беларусі да расійскай агрэсіі супраць Украіны». Выключэннем стане перавозка пошты і перавозкі грузаў для гуманітарных мэт. Таксама, некаторыя абмежаванні могуць быць зняты па рашэнні ўрада краін ЕС. Паведамлялася, што грузаперавозчыкам, якія знаходзіліся на тэрыторыі ЕС да 9 красавіка, дазволяць даставіць груз, які яны ўжо вязуць, і вярнуцца на тэрыторыю Беларусі да 16 красавіка.
У сувязі з гэтым кіраўнікі беларускіх фірм-перавозчыкаў, якія адпраўлялі грузы ў Еўропу, прыпынілі сваю дзейнасць і не ведаюць, як ім працаваць далей. У здзіўленні знаходзяцца і шэраговыя дальнабойшчыкі — людзі разумеюць, што яны губляюць працу і зарплату.
Як вырашыць сітуацыю не ведаюць ні ў Мінтрансе, ні ў БАМАП, але ведамствы адзначылі, што сітуацыя ўвесь час абмяркоўваецца. Некалькі дзён таму Саўмін апублікаваў спіс мерапрыемстваў, якія датычацца міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў грузаў і падтрымаюць іх. Аднак усе яны знаходзяцца на стадыі перамоваў, прычым вяліся яны ўжо некалькі гадоў.