Украінскі эксперт: Нашы краіны мусяць быць у саюзе сяброўскіх народаў

Паводле сацыялагічнага апытання цэнтра Разумкова, 90% украінцаў цяпер не пераварваюць Аляксандра Лукашэнку. І больш за 80% украінцаў негатыўна ставяцца да Беларусі. Ці магчыма ва ўмовах вайны змяніць адносіны паміж нашымі грамадствамі і краінамі?

Беларуска-ўкраінская мяжа, дзе з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Фота з «ВКонтакте»

Беларуска-ўкраінская мяжа, дзе з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Фота з «ВКонтакте»


Кіраўнік украінскага Цэнтра беларускіх камунікацый, палітолаг Максім Пляшко адзначае, што ў апытанні цэнтра Разумкова вывучалася менавіта стаўленне да рэжыму і цяперашняй дзяржавы, якая, на яго думку, варожая і да беларускага народа. Стаўленне ж украінцаў да беларускага грамадства патрабуе больш глыбокага вывучэння, сказаў эксперт у эфіры «Е*рарадыё».

— Вынікі даследавання сведчаць, што амаль 90% украінцаў негатыўна ставяцца да Лукашэнкі, — удакладняе палітолаг, — а 80% украінцаў лічаць Беларусь (маецца на ўвазе сучасная дзяржава) удзельніцай канфлікту і агрэсіі супраць Украіны. І толькі 3% ставяцца да Лукашэнкі пазітыўна — па шчырасці, гэта на ўзроўні статыстычнай памылкі.

Але ж у даследаванні не мае колькаснага вымярэння стаўленне ўкраінцаў да беларусаў як да народа, нацыі. Вывучаліся менавіта адносіны да рэжыму і да цяперашняй дзяржавы, якая, на маю думку, ёсць варожай беларускаму народу: яна здушвае беларускую ідэнтычнасць, забараняе нацыянальны сцяг, нацыянальны вокліч «Ж*ве Беларусь!» і гэтак далей.

Стаўленне ж украінцаў да беларускага грамадства — рэч неадназначная і патрабуе больш глыбокага вывучэння, мяркуе Максім Пляшко. З аднаго боку, агрэсія з тэрыторыі Беларусі, безумоўна, наклала негатыўны адбітак на гэтыя стасункі, і вялікая колькасць людзей насамрэч не жадае разбірацца, ці вінаватыя агулам усе беларусы, ці не. Аднак калі пачынаць разбірацца дэталёва, то стэрэатыпы ўжо не спрацоўваюць і ідзе падзел: тыя, хто дапамагае Украіне — маўляў, тыя добрыя, а тыя, хто ўнутры краіны — чаму не скінулі рэжым?

— Украінцы ў шырокай масе не разумеюць сітуацыі, якая склалася з беларускім рэжымам, — адзначае палітолаг, — бо ў сучаснай Украіне ніколі не было такой жорсткай дыктатуры. Але тыя, хто ўнікае ў беларускую тэму, цудоўна разумее, што цяпер у вас — фактычна акупацыя, улады дзейнічаюць супраць уласнай гісторыі і ўласнага народа.

Таму, на маю думку, патрэбна маштабная растлумачальная, інфармацыйная кампанія з удзелам дзяржаўных дзеячаў і медыя, каб распавесці, што беларусы і рэжым Лукашэнкі — розныя катэгорыі. Прычым гэта патрэбна і ўкраінскаму, і беларускаму грамадству. Бо я не выключаю, што тэма «непраціўлення беларусаў рэжыму» адмыслова ўкідваецца ў інфармацыйную прастору, каб паглыбіць раскол паміж нашымі народамі.

Нядаўна сакратар Рады бяспекі Данілаў так і адзначыў у інтэрв’ю, заклікаўшы аддзяляць народ і рэжым. Паступова гэтае разуменне пашыраецца, і ў тым ліку наш Цэнтр беларускіх камунікацый бачыць гэта адной са сваіх задач. Але, канешне, працы яшчэ багата.


Ці магчыма гэта зрабіць ва ўмовах вайны, альбо Беларусь яшчэ доўга будзе ўспрымацца як «частка Расіі»? Палітолаг нагадвае, як некалі палітычны бестселер Леаніда Кучмы «Украіна — не Расія», хоць і распавядаў пра цалкам відавочныя рэчы, стаў для многіх новым арыенцірам. Тое самае, на думку Максіма Пляшко, датычыцца і беларусаў, якім трэба пацвярджаць сваю «нерасійскасць».

— Каб беларусам не быць расіянамі, ім трэба дзеянне — заставацца беларусамі ва ўсім, як мінімум, фарміраваць сваю альтэрнатыўную Беларусь. Вы ўжо гэта робіце: фарміруеце сваю інфармацыйную прастору, палітычную, зачаткі новых Узброеных Сіл — ідуць усе правільныя працэсы, і іх трэба працягваць, тады адбудуцца змены ў плане ідэнтычнасці.

Я ўпэўнены, што беларусы адбудуюць сваю нацыю, і з вялікім аптымізмам і надзеяй гляджу ў будучыню. Мяркую, што мы з вамі, нашы краіны, мусяць быць у саюзе сяброўскіх народаў, які будзе фарміраваць і палітыку, і бяспеку ўсёй Усходняй Еўропы.

Дарэчы, на думку палітолага, дзеянні ўкраінскіх памежнікаў, якія днямі ўсталявалі на мяжы з Беларуссю ўкраінскі і беларускі нацыянальны сцягі, чым вельмі абразілі беларускі памежнікаў, — правільны і сімвалічны крок якраз у гэтым кірунку.

— Украінцы свой сцяг шануюць і абы з чым яго не вывешваюць. Таму гэты ўчынак паказвае, што Украіна бачыць сваім партнёрам іменна альтэрнатыўную Беларусь пад бел-чырвона-белым сцягам, пад якім беларусы выходзілі на пратэсты, пад якім сёння ваююць байцы з Палка К*ліноўскага і іншыя добраахвотнікі. Тое, што побач на мяжы лунаюць беларускі і ўкраінскі сцягі, — прыгожа і сімвалічна.