У шэрагу рэгіёнаў Беларусі павышаныя тарыфы на пасажырскія перавозкі
У Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях павышаныя тарыфы на пасажырскія перавозкі гарадскім і прыгарадным аўтамабільным транспартам. Шэраг адпаведных пастаноў абласных выканаўчых камітэтаў апублікаваныя 19 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
open.by
Праезд у гарадскім грамадскім транспарце падаражэў з 3.500 да 4.000 рублёў (на экспрэсных маршрутах з 4.500 да 5.000). Выраслі цэны на праязныя білеты.
Павышаныя таксама тарыфы на прыгарадныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў, багажу і ручной паклажы ў рэгулярных зносінах. Так, межавы максімальны тарыф за адзін кіламетр праезду ў аўтобусах агульнага тыпу складае 550 рублёў, з мяккімі адкіднымі сядзеннямі — 568 рублёў. На хуткасных маршрутах — 715 і 739 рублёў адпаведна, на экспрэсных — 825 і 852 рублі.
Нагадаем, дырэктар дзяржаўнай установы "Сталічны транспарт і сувязь" Валерый Шкуратаў 9 снежня на прэс-канферэнцыі паведаміў, што найбліжэйшым часам можа быць павышаны кошт праезду ў грамадскім транспарце Мінска. Паводле яго слоў, "Мінэканомікі распрацавала тарыфы, якія зацверджаныя".
"Паводле іх будзе павышаны тарыф. Я думаю, што ў хуткім часе будуць прынятыя нейкія рашэнні па павышэнні. Будзем павышаць, бо цэны выраслі на цепла- і электраэнергію больш як на 40 %, а гэта ўсё — расходы прадпрыемстваў. Вялікія субсідыі ім ніхто не дасць, вызначаныя крыніцы фінансавання, усё астатняе трэба збіраць самім. Калі сёння не падняць цану, то заўтра не будзе чым плаціць зарплату, купляць паліва, шыны. Наперадзе зіма, і расходы ў гэты перыяд на парадак вышэйшыя", — зазначыў Шкуратаў.
Транспартнікі прапаноўвалі павысіць праезд у наземным грамадскім транспарце Мінска з цяперашніх 4.500 да 5.000 рублёў, а ў метро — да 5.500 рублёў.